— Піце, татусю, піце, — ласкава сказаў Рэдрык. — Трошкі можна, піце на здароўе… Нічога, — напаўголасу сказаў ён Нунану, па-змоўніцку падморгваючы. — Ён да гэтай шкляначкі дабярэцца, будзь пэўны…
Гледзячы на яго, Нунан згадаў, што тут было, калі лябаранты Бойда прыехалі сюды за гэтым нябожчыкам. Лябарантаў было двое, дужыя сучасныя хлопцы, спартоўцы і ўсё такое, і яшчэ быў лекар з гарадзкога шпіталя і зь ім двое санітараў, людзей грубых і здаравенных, прыстасаваных цягаць насілкі і ўціхамірваць буяных. Потым адзін зь лябарантаў распавядаў, што «гэты рыжы» спачатку не зразумеў, пра што ідзе гаворка, упусьціў у кватэру, даў агледзець бацьку, і магчыма, старога так бы і зьвязьлі, бо Рэдрык відавочна ўявіў, быццам татуся пакладуць у шпіталь для прафіляктыкі. Але гэтыя балваны санітары, якія ў ходзе папярэдніх перамоваў тырчалі ў прадпакоі і падглядалі за Гутай, што мыла на кухні вокны, калі іх паклікалі, узяліся за старога, як за бервяно, павалаклі, скінулі на падлогу. Рэдрык узьюшыўся, але тут вылез наперад стаўбень лекар і стаў ґрунтоўна растлумачваць. Рэдрык паслухаў яго хвіліну-дзьве, а потым раптам без усякага папярэджаньня выбухнуў, як вадародная бомба. Лябарант, што гэта распавядаў, і сам ня памятае, як ён апынуўся на вуліцы. Гэты рыжы д’ябал спусьціў па сходах усіх пяцёх, ня даўшы нікому зь іх сысьці на сваіх нагах самастойна. Усе яны, па словах лябаранта, выляталі з параднай, як ядры з гарматы. Двое засталіся валяцца на панэлі ў непрытомнасьці, а астатніх траіх Рэдрык гнаў па вуліцы чатыры кварталы, пасьля чаго вярнуўся да інстытуцкае машыны і выбіў у ёй усе вокны — шафёра ў машыне ўжо не было, ён уцякаў па вуліцы ў процілеглым кірунку…
— Мне тут у адным бары новы кактэйль паказалі, — сказаў Рэдрык, разьліваючы віскі. — «ведзьмін халадзец» называецца, я табе потым зраблю, калі паямо. Гэта, браце, такая рэч, што на пусты жывот прымаць небясьпечна для жыцьця, рукі-ногі адымаюцца з аднае порцыі. Ты як хочаш, Дыку, а я цябе сёньня ўкалыхаю. І цябе ўкалыхаю, і сам укалыхаюся… Старыя добрыя часы згадаем, «Боржч» згадаем… Небарака Эрні дагэтуль сядзіць, ведаеш? — Ён выпіў, выцер губы тыльным бокам далоні і спытаў: — А што там, у інстытуце, за «ведзьмін халадзец» яшчэ не ўзяліся? Я, ці ведаеш, ад навукі зьлёгку адстаў…
Нунан адразу зразумеў, чаму Рэд заводзіць размову на гэтую тэму. Ён сказаў:
— Што ты, дружа? З гэтым «халадцом» ведаеш якая штука здарылася? Чуў пра Карыганаўскія лябараторыі? Ёсьць такая прыватная хеўра… Дык вось, прыдабылі яны там порцыю гэтага «халадцу»…
Ён распавёў пра катастрофу, пра скандал, пра тое, што ў рэшце рэшт так і не знайшлі, хто дастаў «халадзец», а Рэдрык слухаў быццам бы расьсеяна, цокаў языком, а потым рашуча ўзьліў яшчэ віскі і сказаў:
— Так ім і трэба, сволачам, каб яны здохлі…
Яны выпілі, Рэдрык паглядзеў на татуся, зноў на ягоным твары нешта здрыганулася, ён працягнуў руку і прысунуў келіх бліжэй да зьведзеных пальцаў, і пальцы раптам расьціснуліся і зноў сьціснуліся, абхапіўшы келіх.
— Вось так справа хутчэй пойдзе, — сказаў Рэдрык. — Гута! — закрычаў ён. — Доўга ты нас будзеш голадам марыць? Гэта яна для цябе стараецца, — патлумачыў ён Нунану. — Абавязкова тваю любімую салату гатуе, з малюскамі, яна іх даўно прызапасіла, я бачыў… Ну а як наогул у інстытуце справы? Знайшлі што-небудзь новенькае? У вас там цяпер, кажуць, на ўсю моц аўтаматы працуюць, ды мала вырабляюць…
Рычард пачаў распавядаць пра інстытуцкія справы, і, пакуль ён гаварыў, ля стала побач са старым нячутна ўзьнікла Мартышка, пастаяла, паклаўшы на стол калматыя лапкі, і раптам зусім дзіцячым рухам прытулілася да нябожчыка і паклала галаву яму на плячо. І Нунан, працягваючы балбатаць, раптам падумаў, гледзячы на гэтыя два жахлівых спараджэньні Зоны: божа, ды што ж яшчэ? Што ж яшчэ трэба зрабіць з чалавецтвам, каб яго, нарэшце, праняло? Няўжо гэтага вось мала? Ён ведаў, што гэтага мала. Ён ведаў, што мільярды і мільярды нічога ня ведаюць і нічога ня хочуць ведаць, а калі й даведаюцца, то пажахаюцца дзесяць хвілін і зноў вернуцца на колы свае. Трэба сыходзіць, падумаў ён з азьвярэньнем. Да чорта Барбрыджа, да чорта Лемхэна… сям’ю гэтую, богам праклятую, да чорта!
— Ты чаго на іх утаропіўся? — нягучна запытаў Рэдрык. — Ты не турбуйся, гэта ёй ня шкодна. Нават наадварот, — кажуць, зь іх здароўе зыходзіць.
— Так, я ведаю, — сказаў Нунан і залпам асушыў келіх.
Увайшла Гута, дзелавіта загадала Рэдрыку расстаўляць талеркі і паставіла на стол вялікую срэбную міску зь любімай салатай Нунана.