І тут стары, нібы хтосьці спахапіўся і таргануў за нітачкі, адным рухам ускінуў келіх да адкрытага рота.
— Ну, хлопцы, — сказаў Рэдрык захопленым голасам, — зараз у нас пойдзе гулянка на славу!
4. Рэдрык Шугарт, 31 год
За ноч даліна астыла, а на сьвітанку стала зусім холадна. Яны йшлі па насыпе, ступаючы па згнілых шпалах паміж іржавымі рэйкамі, і Рэдрык глядзеў, як блішчаць на скураной куртцы Арчыбальда Барбрыджа кропелькі згусьцелага туману. Хлапчук крочыў лёгка, весела, нібы не было жудаснай ночы, нэрвовага напружаньня, ад якога да гэтага часу дрыжала кожная жылка, начлегу на мокрай верхавіне пляшывага пагорка, дзе яны правялі дзьве гадзіны, прыціснуўшыся сьпінамі адзін да аднаго для цяпла, у пакутлівым паўсьне чакаючы, пакуль паток «зялёнкі» абцячэ пагорак і зьнікне ў яры.
Па баках высокага насыпу ляжаў густы туман, час ад часу ён перацякаў праз рэйкі цяжкімі шэрымі бруямі, і ў гэтых месцах яны йшлі па калена ў павольных клубах каламуты. Пахла мокрай іржой; з балота, справа пад насыпам, цягнула тухляцінай. Вакол нічога не было відаць, акрамя туману, але Рэдрык ведаў, што ў абодва бакі цягнецца ўзгорыстая раўніна з каменнымі россыпамі, а за раўнінай у імгле хаваюцца горы. І яшчэ ён ведаў, што, калі ўстане сонца і туман асядзе расой, ён павінен убачыць недзе зьлева каркас разьбітага верталёта, а наперадзе — састаў ваганэтак, і вось тады пачнецца самая справа. Рэдрык на хаду прасунуў далонь паміж сьпіной і заплечнікам і ўскінуў заплечнік вышэй, каб край балёна з геліем ня рэзаў хрыбет. Цяжкі, сволач, як я зь ім папаўзу? Паўтара кілямэтра на карачках… Добра, ня скардзіся, сталкеру, ведаў, на што ідзеш. Трыццаць тысяч манэт чакаюць у канцы дарогі, можна і папацець. Хрэн я ім аддам менш, чым за трыццаць тысяч. І хрэн я дам Сьцярвятніку больш, чым дзесяць. А смаркачу… А смаркачу — нічога. Калі хоць палова таго, што казаў стары падонак, — праўда, то смаркачу нічога. Ён зноў глянуў на Арчыбальда, як той лёгка крочыць празь дзьве шпалы разам, шыракаплечы, вузкасьцёгны, і доўгае, вараное, як у сястры, валосьсе ўздрыгвае ў такт крокам. Сам напрасіўся, панура падумаў Рэдрык. І чаго гэта ён так адчайна напрошваўся? Прама дрыжаў увесь, сьлёзы на вачах… «Вазьміце, містэру Шугарце! Мне розныя людзі прапаноўвалі, але я толькі з вамі хачу. Я нікога, акрамя вас, у грош ня стаўлю… Татухен быў моцны, але ж ён мяне ня браў». Рэдрык высілкам волі рэзка абарваў гэты ўспамін. Агідна было пра гэта думаць, і, можа быць, таму ён стаў думаць пра сястру Арчыбальда, пра тое, як ён спаў з гэтай Дзінай — і цьвярозы спаў, і п’яны спаў, — і якое гэта кожнага разу было расчараваньне. Проста розум ня йме: такая раскошная баба — здаецца, век бы зь яе ня злазіў, а насамрэч пустышка, падман, станок нейкі, а не жанчына. Як, памятаецца, ґузікі на кофце ў маці — бурштынавыя такія, напаўпразрыстыя, залацістыя, так і хочацца сунуць у рот і смактаць у чаканьні нейкай незвычайнай саладосьці і смачнасьці, і ён браў іх у рот і смактаў, і кожнага разу страшна расчароўваўся, і кожнага разу забываў пра гэтае расчараваньне, нават ня тое каб забываў, а проста адмаўляўся верыць уласнай памяці, варта было яму іх зноў убачыць… А можа быць, татухен яго да мяне падаслаў? — падумаў ён раптам пра Арчыбальда. Вунь у яго якая гармата ў задняй кішэні… Не, наўрад ці. Сьцярвятнік мяне ведае. Сьцярвятнік ведае, што са мной жарты кароткія. І ведае, які я ў Зоне. Не, лухта ўсё гэта. Ня першы ён мяне прасіў, іншыя й на калені станавіліся… і гарматы яны ўсе з сабою цягаюць па першым разе. Па першым і апошнім. Ды не, чаму ж абавязкова па апошнім? Вох, па апошнім! Вось што атрымліваецца, Сьцярвятніку: па апошнім. Так, татухен, даведаўся бы ты пра гэтую ягоную задуму — так бы яго мыліцамі і адхвастаў, сыночка свайго, у Зоне вымаленага…
Ён раптам адчуў, што наперадзе нешта ёсьць, недалёка ўжо, мэтрах у трыццаці — сарака.
— Стой, — сказаў ён Арчыбальду.
Хлопец паслухмяна замер на месцы. Рэакцыя ў яго была добрая — ён так і застыў з прыпаднятай нагой, а затым павольна і асьцярожна апусьціў яе на зямлю. Рэдрык спыніўся побач зь ім. Каляіна тут прыкметна сыходзіла ўніз і цалкам хавалася ў тумане. І там, у тумане, нешта было. Нешта вялікае і нерухомае. Бясьпечнае. Рэдрык асьцярожна ўцягнуў ноздрамі паветра. Так, бясьпечнае.
— Наперад, — сказаў ён ціха, пачакаў, пакуль Арчыбальд зрабіў крок, і рушыў за ім. Краем вока ён бачыў твар Арчыбальда, точаны ягоны профіль, чыстую скуру шчакі і рашуча падціснутыя вусны пад тонкімі вусікамі.
Яны пагрузіліся ў туман па пояс, потым па шыю, а яшчэ празь некалькі сэкунд наперадзе замаячыла касая глыба ваганэткі.