Выбрать главу

— Усё, — сказаў Рэдрык і стаў сьцягваць заплечнік. — Сядай, дзе стаіш. Перакур.

Арчыбальд дапамог яму сьцягнуць заплечнік, а потым яны селі побач на ржавую рэйку; Рэдрык адшпіліў адзін з кляпанаў, дастаў скрутак зь ежай і тэрмас з кавай і, пакуль Арчыбальд разгортваў скрутак і прыладжваў бутэрброды на заплечніку, выцягнуў з-за пазухі біклагу, адшрубаваў каўпачок і, прыкрыўшы вочы, зрабіў некалькі павольных глыткоў.

— Каўтанеш? — прапанаваў ён, выціраючы вусны. — Для храбрасьці…

Арчыбальд пакрыўджана паматаў галавой.

— Для храбрасьці мне ня трэба, містэру Шугарце, — сказаў ён. — Я лепш каву. Волка тут вельмі, праўда?

— Волка, — пагадзіўся Рэдрык. Ён схаваў біклагу, выбраў бутэрброд і пачаў жаваць. — Вось туман расьсеецца, убачыш, што тут вакол — суцэльныя балоты. Раней тут камар’я было — страшная справа… — Ён змоўк і наліў сабе кавы. Кава была гарачая, густая, салодкая, піць яе зараз было нават больш прыемна, чым сьпіртное. Ад яе пахла дымам, Гутай. І ня проста Гутай, а Гутай у халаціку, прама са сну, зь яшчэ бачным рубцом ад падушкі на шчацэ. Дарма я ў гэтую справу ўблытаўся, падумаў ён. Трыццаць тысяч… На які ляд мне гэтыя трыццаць тысяч? Грошы патрэбныя, каб пра іх ня думаць. Гэта правільна. Але ж я пра іх і так ня думаю апошнім часам. На які мне ляд гэтыя грошы? Дом ёсьць, сад ёсьць, бяз працы не застаўся б… Завёў мяне Сьцярвятнік, гніда сьмярдзючая, завёў, як маладзенькага…

— Містэру Шугарце, — сказаў раптам Арчыбальд, гледзячы ў бок, — а вы сур’ёзна верыце, што гэтая штука выконвае жаданьні?

— Глупства, — разгублена вымавіў Рэдрык і застыў з паднесеным да рота кубачкам. — А ты адкуль ведаеш, за якой штукай мы ідзем?

Арчыбальд зьбянтэжана засьмяяўся, запусьціў пяцярню ў вараныя валасы, патузаў і сказаў:

— Ды вось здагадаўся. Я ўжо і ня памятаю, што мяне на гэтую думку наштурхнула. Ну, па-першае, раней бацька ўвесь час бубніў пра гэты Залаты шар, а тут раптам перастаў і замест гэтага да вас зачасьціў, а я ж ведаю — ніякія вы не сябры, што б там бацька ні казаў… Потым, ён дзіўны нейкі стаў апошнім часам… — Арчыбальд засьмяяўся і пакруціў галавой, нешта згадваючы. — А канчаткова я зразумеў, калі вы зь ім на пустцы гэты шарык выпрабоўвалі. — Ён паляпаў далоньню па заплечніку, дзе ляжала туга згорнутая абалонка паветранага шара. — Я вас тады высачыў, і, калі ўбачыў, як вы мех з камянямі прыпаднялі і па паветры вялі, тут ужо мне ўсё канчаткова ясна стала. Па-мойму, у Зоне нічога цяжкага, акрамя Залатога шара, не засталося. — Ён адкусіў ад бутэрброда, пажаваў і задуменна прамовіў набітым ротам: — Я вось толькі не разумею, як яго чапляць, ён жа, напэўна, гладкі…

Рэдрык усё глядзеў на яго па-над кубачкам і думаў, да чаго ж яны не падобныя адзін на аднаго — бацька і сын. Нічога агульнага паміж імі не было. Ні твар, ні голас, ні душа. У Сьцярвятніка голас хрыплы, лісьлівы, подлы нейкі, але таго разу ён гаварыў так, што нельга было яго ня слухаць. «Рыжы! — казаў ён, перагнуўшыся цераз стол. — Нас жа двое засталося ўсяго, ды на дваіх дзьве нагі, і абедзьве твае… Каму ж, як не тебе? Гэта ж, можа, найкаштоўнейшае, што ў Зоне ёсьць… Каму ж дастанецца, а? Няўжо гэтым чыстаплюям з машынамі? Я ж яго знайшоў, я! Колькі там нашых па дарозе палегла! Сабе бярог! І цяпер бы не аддаў, ды рукі, бачыш, кароткія сталі! Ну добра, ты ня верыш. Ня верыш — ня трэба. Табе — грошы, дасі мне, колькі сам захочаш, я ведаю, ты не пакрыўдзіш. А я, можа, ногі сабе вярну. Ногі вярну, разумееш ты? Бо Зона ж ногі ў мяне адабрала, дык, можа, Зона і аддасьць?..»

— Што? — спытаў Рэдрык, ачуўшыся.

— Я спытаў, закурыць можна, містэру Шугарце?

— Так, — сказаў Рэдрык. — Куры, куры… Я таксама закуру.

Ён залпам дапіў рэшту кавы, выцягнуў цыгарэту і, разьмінаючы яе, утаропіўся ў туман, што пачынаў радзець. Вар’ят, падумаў ён. Псых. Ногі яму… сьцерву… гнідзе вашывай… Ад усіх гэтых размоваў зьбіраўся нейкі асадак, незразумела які. І ён не расьсейваўся з часам, а, наадварот, менавіта зьбіраўся. І незразумела было, што гэта такое, але яно перашкаджала, нібы ён чымсьці заразіўся ад Сьцярвятніка, але ня гадасьцю якой-небудзь, а, наадварот… сілай, ці што? Не, ня сілай. А чым жа тады? Ну добра, сказаў ён сабе. Давай так: дапусьцім, не дайшоў я дасюль. Зусім ужо сабраўся, заплечнік паклаў, і тут што-небудзь здарылася… сцапалі б мяне, напрыклад. Дрэнна было б? Безумоўна дрэнна. Чаму дрэнна? Грошы прапалі? Ды не, не ў грошах справа… Што дабро гэтае гадам дастанецца? Так, у гэтым нешта ёсьць. Крыўдна. Але мне з таго што? Усё роўна ў рэшце рэшт усё ім дастанецца…