Выбрать главу

— Бр-р-р… — сказаў Арчыбальд. — Да костак прабірае. Містэру Шугарце, можа, вы дасьце мне зараз глынуць?

Рэдрык моўчкі дастаў біклагу і працягнуў яму. А я ж не адразу пагадзіўся, падумаў раптам ён. Дваццаць разоў я пасылаў Сьцярвятніка куды далей, а на дваццаць першы ўсё ж ткі пагадзіўся. Неяк мне невыносна стала раптам. І апошняя размова ў нас атрымалася кароткая і цалкам дзелавая. «Здароў, Рыжы. Я вось мапу прынёс. Можа, усё-ткі, паглядзіш?» — «Давай», — сказаў я. І ўсё. Памятаю, што п’яны быў тады, цэлы тыдзень піў, нешта на душы было брыдка… А, ч-чорт, ці ня ўсё роўна? Пайшоў і пайшоў! Што я ў гэтым капаюся, як у дзярме прутком? Баюся я, ці што?

Ён здрыгануўся. Доўгі тужлівы скрып даляцеў раптам з туману. Рэдрык ускочыў, як падкінуты, і зараз жа, як падкінуты, ускочыў Арчыбальд. Але ўжо зноў стала ціха, і толькі шамацела, струменячыся па насыпе ў іх з-пад ног, дробная галька.

— Гэта, напэўна, парода прасела, — няўпэўнена, зь цяжкасьцю вымаўляючы словы, прамовіў Арчыбальд. — ваганэткі жа з пародай даўно стаяць…

Рэдрык глядзеў проста перад сабой і нічога ня бачыў. Ён згадаў. Гэта было ўначы. Ён прачнуўся ад такога ж тужлівага і доўгага гуку, абміраючы, як у сьне. Толькі гэта быў ня сон. Гэта крычала Мартышка, седзячы на ​​сваім ложку каля акна, а з гасьцёўні адгукаўся бацька, вельмі падобна, гэтак жа доўга і рыпуча, толькі зь нейкім клекатаньнем. І так яны пераклікаліся і пераклікаліся ў цемры цэлых сто гадоў. Гута прачнулася таксама і ўзяла Рэдрыка за руку, ён адчуваў ейнае плячо, якое імгненна пакрылася потам, і так яны ляжалі ўсе гэтыя сто гадоў і слухалі, а калі Мартышка змоўкла і ўляглася, ён пачакаў яшчэ трохі, потым устаў, выйшаў на кухню і прагна выпіў паўбутэлькі каньяку. З гэтай ночы ён запіў.

— Парода, — казаў Арчыбальд. — Яна, ведаеце, прасядае з часам. Ад волкасьці, ад усялякіх такіх прычынаў…

Рэдрык паглядзеў на ягоны збляднелы твар і зноў сеў. Цыгарэта ў яго з пальцаў кудысьці зьнікла, і ён закурыў новую. Арчыбальд пастаяў яшчэ трохі, з апаскай верцячы галавой, потым таксама сеў і сказаў нягучна:

— А яшчэ кажуць, што ў Зоне быццам бы нехта жыве. Людзі нейкія. Не прышэльцы, а менавіта людзі. Быццам Наведваньне засьпела іх тут, і яны мутавалі… прыстасаваліся да новых умоваў. Вы чулі пра гэта, містэру Шугарце?

— Так, — сказаў Рэдрык. — Толькі гэта ня тут. Гэта ў гарах, на паўночным захадзе. Пастухі нейкія.

Вось ён чым мяне заразіў, думаў ён. Вар’яцтвам ён мяне сваім заразіў. Вось, значыць, чаму я сюды пайшоў. Вось што мне тут трэба. Нейкае дзіўнае і вельмі новае адчуваньне павольна запоўніла яго. Ён усьведамляў, што адчуваньне гэтае ня новае, што яно даўно ўжо сядзела недзе ў яго ў пячонках, але толькі зараз ён пра яго здагадаўся, і ўсё ўстала на свае месцы. І тое, што раней здавалася глупствам, хворым трызьненьнем звар’яцелага старога, абярнулася зараз адзінай надзеяй, адзіным сэнсам жыцьця, бо толькі зараз ён зразумеў: адзінае ва ўсім сьвеце, што ў яго яшчэ засталося, адзінае, дзеля чаго ён жыў апошнія месяцы, была надзея на цуд. Ён, дурань, дурань, адштурхоўваў гэтую надзею, затоптваў яе, зьдзекаваўся зь яе, таму што ён так прызвычаіўся, таму што ніколі ў жыцьці з самога дзяцінства ён не разьлічваў ні на каго, акрамя сябе, і таму што з самога дзяцінства гэты разьлік на сябе ён выражаў у колькасьці зялёненькіх, якія яму ўдавалася вырваць, выдраць, выгрызьці з абыякавага хаосу, які яго атачаў. Так было заўсёды, і так было б і далей, калі б ён у рэшце рэшт не апынуўся ў такой яме, зь якой яго ня вызваляць ніякія зялёненькія, у якой разьлічваць на сябе абсалютна бессэнсоўна. І мімалётна ён зьдзівіўся, як яму ўдалося пражыць апошнія тыдні бяз гэтай надзеі і бяз гэтага адчуваньня, якое запаўняла яго цяпер да макушкі, але да яго адразу ж дайшло, што і надзея, і адчуваньне былі ў ім усе гэтыя тыдні. Ён засьмяяўся і штурхнуў Арчыбальда ў плячо.

— Ну што, сталкеру? — сказаў ён. — запэцкаў споднікі? Прывыкай, братка, не саромейся, дома вымыюць.

Арчыбальд зьдзіўлена паглядзеў на яго, няўпэўнена усьміхаючыся. А Рэдрык скамячыў прамасьленую паперу з-пад бутэрбродаў, шпурнуў яе пад ваганэтку і прылёг на заплечнік, упёршыся локцем.

— Ну добра, — сказаў ён. — А дапусьцім, напрыклад, што гэты самы Залаты шар сапраўды… Што б ты тады загадаў?

— Значыць, вы ўсё-ткі верыце? — хутка спытаў Арчыбальд.

— Гэта ня важна — веру я там або ня веру. Ты мне на пытаньне адкажы.

Рэдрык раптам адчуў, што яму сапраўды цікава даведацца, што можа пажадаць такі вось хлопец, блазьнюк яшчэ, учорашні школьнік, і ён зь вясёлай цікаўнасьцю сачыў, як Арчыбальд хмурыцца, трывожыць вусікі і старанна думае.