— Хіба паміж пагоркамі можна, пане Шугарце? — ціха запытаў над вухам Арчыбальд. Ён стаяў побач і таксама разглядаў мапу.
— Паглядзім, — сказаў Рэдрык. Ён усё глядзеў на мапу. Там было яшчэ два крыжыкі — адзін на схіле пагорка з дрэвам, другі — на каменным россыпу. Пудзель і Акулярык. Сьцежка праходзіла ўнізе паміж імі. — Там паглядзім, — паўтарыў ён, склаў мапу і сунуў яе ў кішэнь. Ён агледзеў Арчыбальда. — Як стул? — спытаў ён і, не чакаючы адказу, загадаў: — Падай мне на сьпіну заплечнік.
— Пойдзем, як раней, — сказаў ён, устрасаючы заплечнік і прыстасоўваючы лямкі ямчэй. — Ты йдзеш наперадзе, каб я цябе кожную хвіліну бачыў. Не азірайся, а вушы трымай наросхрыст. Мой загад — закон. Май на ўвазе, давядзецца шмат паўзьці, бруду ня ўздумай баяцца, калі загадаю — пысай у бруд без размоў… Ды куртачку сваю зашпілі. Гатовы?
— Гатовы, — сказаў Арчыбальд глуха. Ён здорава нэрваваўся. Румянцу на ягоных шчоках як і не было.
— Першы напрамак — вось. — Рэдрык рэзка махнуў далоньню ў бок найбліжэйшага пагорка за сотню крокаў ад насыпу. — Пайшоў.
Арчыбальд сутаргава ўздыхнуў і, пераступіўшы цераз рэйку, стаў бокам спускацца па насыпе. Галька з шумам сыпалася за ім.
— Лягчэй, лягчэй, — сказаў Рэдрык. — Сьпяшацца няма куды.
Ён пачаў асьцярожна спускацца сьледам, звыкла рэгулюючы інэрцыю цяжэрнага заплечніка мускуламі ног. Краем вока ён увесь час сачыў за Арчыбальдам. Баіцца хлопец, думаў ён. Правільна баіцца. Прадчувае, напэўна. Калі ў яго нюх, як у татуся, то павінен прадчуваць. Ведаў бы ты, Сьцярвятніку, як абярнулася справа. Ведаў бы ты, Сьцярвятніку, што я цябе паслухаю. «Але вось тут, Рыжы, табе аднаму не прайсьці. Хочаш ня хочаш, а давядзецца табе каго-небудзь з сабой узяць. Магу каго-небудзь са сваіх смаркачоў аддаць, каго не шкада…» Угаварыў. Першы раз у жыцьці пагадзіўся я на такую справу. Ну, нічога, можа быць, усё-ткі абыйдзецца, усё-ткі я не Сьцярвятнік, мо і злаўчым як-небудзь.
— Стоп! — загадаў ён Арчыбальду.
Арчыбальд спыніўся па шчыкалатку ў іржавай вадзе. Пакуль Рэдрык спускаўся, дрыгва зацягнула яго па калена.
— Камень бачыш? — сказаў Рэдрык. — Вунь, пад пагоркам ляжыць. Давай на яго.
Арчыбальд рушыў наперад. Рэдрык адпусьціў яго на дзесяць крокаў і пайшоў сьледам. Дрыгва пад нагамі чвякала і сьмярдзела. Мёртвая дрыгва — ні заедзі, ні жаб, нават вярба тут высахла і згніла. Рэдрык звыкла паглядаў па баках, але пакуль усё было быццам бы спакойна. Пагорак павольна набліжаўся, напоўз на нізкае яшчэ сонца, потым засланіў усю ўсходнюю частку неба. У каменя Рэдрык азірнуўся ў бок насыпу. Насып быў ярка асьветлены сонцам, на ім стаяў цягнік зь дзясятка ваганэтак, частка ваганэтак сарвалася з рэек і ляжала на баку, насып пад імі быў пакрыты рудымі рагамі высыпанай пароды. А далей, на поўнач ад цягніка, у бок кар’еру, паветра над рэйкамі мутна дрыжала і пералівалася, і час ад часу ў ім імгненна ўспыхвалі і згасалі маленькія вясёлкі. Рэдрык паглядзеў на гэтае трымценьне, сплюнуў амаль усухую і адвярнуўся.
— Далей, — сказаў ён, і Арчыбальд павярнуў да яго напружаны твар. — Вунь рызьзё бачыш? Ды не туды глядзіш. Вунь там, правей.
— Так, — сказаў Арчыбальд.
— Дык вось, гэта быў нейкі Хлюст. Даўно быў. Ён ня слухаўся старэйшых і цяпер ляжыць там спэцыяльна для таго, каб паказваць разумным людзям дарогу. Вазьмі два пальцы направа ад гэтага Хлюста… Узяў? Засек пункт? Ну прыкладна там, дзе вярба трохі гусьцейшая… Рухай туды. Пайшоў!
Цяпер яны йшлі паралельна насыпу. З кожным крокам вады пад нагамі станавілася ўсё менш, і хутка яны крочылі ўжо па сухіх спружыністых купінах. Арчыбальд падбадзёрыўся і перайшоў быў на поўны крок, і тады Рэдрык памацаў у кішэні, выбраў гайку грамаў на дваццаць і, прыцэліўшыся, запусьціў яму ў галаву. Гайка трапіла Арчыбальду прама ў патыліцу. Хлопец ахнуў, схапіўся за галаву і плазам паваліўся на сухую траву. Рэдрык спыніўся над ім.