Ён ня памятаў, калі ўсё гэта скончылася. Зразумеў толькі, што зноў можа дыхаць, што паветра зноў стала паветрам, а не расплаўленым сьвінцом, што выпальваў глотку, і зразумеў, што трэба сьпяшацца, што трэба як мага хутчэй выбірацца з-пад гэтай д’ябальскай жароўні, пакуль яна не вярнулася назад. Ён споўз з Арчыбальда, які ляжаў зусім нерухома, заціснуў абедзьве ягоныя нагі пад пахай і, дапамагаючы сабе вольнай рукой, папоўз наперад, не спускаючы вачэй з рысы, за якой пачыналася зноў трава, мёртвая, сухая, калючая, але сапраўдная — яна здавалася яму зараз найвялікшым прытулкам жыцьця. Попел рыпеў на зубах, абпалены твар раз-пораз смаліла рэшткамі гарачыні, пот ліў прама ў вочы — напэўна, таму, што ні броваў, ні павек у яго больш не было. Арчыбальд валачыўся сьледам, нібы назнарок чапляючыся сваёй клятай куртачкай; гарэў абвараны азадак, а заплечнік пры кожным руху паддаваў у абгарэлую патыліцу. Ад болю і духаты Рэдрык раптам з жахам падумаў, што зусім абварыўся і цяпер яму не дайсьці, і ад гэтага страху мацней запрацаваў свабодным локцем і каленкамі, выштурхваючы цераз перасохлую глотку найгнюсьнейшыя лаянкі, што прыходзілі яму ў галаву, а потым раптам зь нейкай вар’яцкай радасьцю ўспомніў, што за пазухай у яго ляжыць амаль поўная біклага, сябровачка, якая ня выдасьць, толькі б дапаўзьці, ну яшчэ трохі, давай, Рэдзе, давай, Рыжы, вось так, вось так, ну яшчэ, ну яшчэ трохі, у бога, у анёлаў, пад трыццацьцю коўдрамі на Паўночным полюсе, у прышэльцаў і Сьцярвятніка душу…
Потым ён доўга ляжаў, пагрузіўшы твар і рукі ў халодную ржавую ваду, з асалодай удыхаючы прасьмярдзелую гнілатой прахалоду. Век бы так ляжаў, але ён прымусіў сябе падняцца, скінуў заплечнік, стоячы на каленях, на карачках падпоўз да Арчыбальда, што нерухома ляжаў крокаў за дваццаць ад балота, і перавярнуў яго на сьпіну. Н-так, прыгожы быў хлопчык. Цяпер гэтая прыгожанькая пыса здавалася чорна-шэрай маскай з сумесі крыві й попелу, і некалькі сэкунд Рэдрык з тупой цікавасьцю разглядаў на ёй падоўжныя разрэзы — сьляды ад купінаў і камянёў. Потым ён узяў Арчыбальда пад пахі, узьняўся на ногі і пацягнуў назад да вады. Арчыбальд хрыпла дыхаў, час ад часу стогнучы. Рэдрык кінуў яго тварам у найвялікшую лужыну і паваліўся побач, зноў перажываючы асалоду ад мокрай ледзяной ласкі. Арчыбальд забулькаў, заварушыўся, падцягнуў пад сябе рукі і падняў галаву. Вочы ягоныя былі вылупленыя, ён нічога ня цяміў і прагна хапаў ротам паветра, адплёўваючыся і кашляючы. Потым позірк ягоны зрабіўся асэнсаваным і спыніўся на Рэдрыку.
— Ф-фу, — сказаў ён і паматаў галавой, распырскваючы брудную ваду. — Што гэта было?
— Сьмерць гэта была, — невыразна вымавіў Рэдрык і закашляўся. Ён абмацаў твар. Было балюча, нос распух, але бровы і вейкі, як гэта ні дзіўна, былі на месцы. І скура на руках таксама аказалася цэлая, толькі пачырванела трохі. Трэба думаць, і азадак не да косьці прапаліла. Ён памацаў — не, яўна не да косьці, нават штаны цэлыя. Проста як варам апякло.
Арчыбальд таксама асьцярожна кранаў пальцамі твар. Цяпер, калі страшную маску змыла вадой, фізыяномія ў яго выявілася — таксама насуперак чаканьням — амаль у парадку. Некалькі драпін, нос прыпух, расьсечаная ніжняя губа, а так, у цэлым, нічога.
— Ніколі пра такое ня чуў, — прамовіў Арчыбальд і паглядзеў назад.
Рэдрык таксама азірнуўся. На шэраватай спапялёнай траве засталося шмат сьлядоў, і Рэдрык быў уражаны тым, якім, аказваецца, кароткім быў той страшны бясконцы шлях, які ён прапоўз, ратуючыся ад загібелі. Якіх-небудзь мэтраў дваццаць — трыццаць, ня больш, было ўсяго ад краю да краю выпаленай пралысіны, але ён сосьлепу і ад страху поўз па ёй нейкім дзікім зігзагам, як таракан па распаленай патэльні, і дзякуй яшчэ, што поўз, увогуле, туды, куды трэба, бо ж мог бы запаўзьці на «камарыны плеш» зьлева, а мог бы і наогул павярнуць назад… Не, ня мог бы, падумаў ён з разьлютаванасьцю. Гэта блазьнюк які-небудзь мог бы, а я табе не блазьнюк, і калі б ня гэты дурань, то ўвогуле б нічога ня здарылася, абварыў бы сабе зад — вось і ўсе непрыемнасьці.
Ён паглядзеў на Арчыбальда. Арчыбальд з пырханьнем умываўся, пакрэхтваючы, калі чапляў балючыя месцы. Рэдрык падняўся і, моршчачыся ад дотыкаў задубелага ад гарачыні адзеньня да абпаленай скуры, выйшаў на сухое месца і нагнуўся над заплечнікам. Вось заплечніку дасталася па-сапраўднаму. Верхнія клапаны проста абгарэлі, бутэлечкі ў аптэчцы ўсе палопаліся ад жару да чортавай маці, і ад жухлае плямы несла невыноснай хіміяй. Рэдрык адкрыў клапан і пачаў выкідваць аскепкі шкла і плястыку, і тут Арчыбальд у яго за сьпіной сказаў: