Выбрать главу

— Дзякуй вам, містэру Шугарце, выцягнулі вы мяне.

Рэдрык прамаўчаў. Які чорт — дзякуй! Здаўся ты мне — ратаваць цябе.

— Я сам вінаваты, — сказаў Арчыбальд. — Я чуў, што вы мне загадалі ляжаць, але я моцна перапалохаўся, зусім галаву згубіў, калі прыпякло. Я вельмі болю баюся, містэру Шугарце…

— Уставай, уставай, — сказаў Рэдрык, не паварочваючыся. — Гэта ўсё былі кветачкі… Уставай, чаго разьлёгся!

Зашыпеўшы ад болю ў абпаленых плячах, ён ускінуў на сьпіну заплечнік, прасунуў рукі ў рамяні. Адчуваньне было такое, быццам скура на абпаленых месцах зморшчылася і пакрылася балючымі складкамі. Болю ён баіцца… Зь дзярмом цябе папалам разам з тваім болем!.. Ён агледзеўся. Нічога, са сьцежкі не сышлі. Зараз гэтыя пагорачкі зь нябожчыкамі. Свалачная пагорачкі, стаяць, гніды, тырчаць, як сьцярвач’і крумянкі, а гэтая лагчынка паміж імі… Ён ухмыльнуўся. Вядома, што паміж крумянкамі бывае. Ах, свалачная лагчынка, вось яна ж самая сволач і ёсьць. Сука.

— Лагчыну паміж пагоркамі бачыш? — спытаў ён Арчыбальда.

— Бачу.

— Прама на яе. Марш!

Арчыбальд тыльным бокам далоні выцер пад носам і рушыў наперад, хлюпаючы па лужынах. Ён накульгваў і быў ужо не такі прамы і стройны, як раней, сагнула яго, і ён ішоў зараз асьцярожна, зь вялікай апаскай. Вось і яшчэ аднаго я выцягнуў, падумаў Рэдрык. Які гэта будзе? Пяты? Шосты? І цяпер вось пытаецца: навошта? Што ён мне — родны? Паручыўся я за яго? Слухай, Рыжы, а чаму ты яго сапраўды цягнуў? Ледзь сам з-за яго не загнуўся… Зараз, на ясную галаву, я ведаю, што правільна я яго цягнуў, што безь яго мне не абысьціся, што ён у мяне як заложнік за Мартышку. Што я не чалавека выцягнуў, а мінашукальнік свой выцягнуў, тральшчык свой. А там, на гарачым месцы, я ж пра гэта і думаць ня думаў. Цягнуў яго, як роднага, і думкі нават не было, каб кінуць, хоць на ўсё забыўся — і на тральшчык забыўся, і на Мартышку забыўся… Што ж гэта атрымліваецца? Атрымліваецца, што я і насамрэч добры хлопец. Гэта мне і Гута паўтарае, і Кірыл-нябожчык пераконваў, і Рычард увесь час наконт гэтага далдоніць… Таксама мне, знайшлі дабрака. Ты гэта кінь, сказаў ён сабе. Табе тут гэтая дабрыня ні да чаго. Каб у першы і ў апошні раз… Мне яго трэба зьберагчы для «мясарубкі», падумаў ён. Тут усё можна прайсьці, акрамя «мясарубкі».

— Стой, — сказаў ён Арчыбальду.

Яны спыніліся перад лагчынай, і Арчыбальд разгублена азірнуўся на Рэдрыка. Дно лагчыны было пакрытае гнойна-зялёнай жыжкай, якая тоўста адсвечвала на сонцы. Над паверхняй курылася лёгкая пара, што паміж пагоркамі станавілася гусьцейшай, а за трыццаць крокаў ад яе ўжо нічога не было відаць. І стаяў смурод. Чорт ведае што гніло ў гэтай агіднай каламесе, але Рэдрыку падалося, што сотні тысяч разьбітых тухлых яек, вылітых на кучу з сотні тысяч тухлых рыбіных галоў і дохлых котак, ня могуць сьмярдзець так, як сьмярдзела тут. Арчыбальд выдаў гарлавы гук і адступіў на крок. Рэдрык строс зь сябе здранцьвеньне, пасьпешліва выцягнуў з кішэні скрутак з ватай, прасякнутай дэзадарантам, заткнуў ноздры тампонамі і працягнуў вату Арчыбальду.

— Дзякуй, містэру Шугарце, — слабым голасам сказаў Арчыбальд. — А як-небудзь верхам нельга?

Рэдрык узяў яго моўчкі за валасы і павярнуў ягоную галаву ў бок кучы рызьзя на каменным россыпу.

— Гэта быў Акулярык, — сказаў ён. — А на левым пагорку — адсюль не відаць — ляжыць Пудзель. Зразумеў? Наперад.

Жыжка была цёплая, ліпкая, як гной. Спачатку яны йшлі ў рост, пагрузіўшыся па пояс. Нашчасьце, дно пад нагамі было камяністае і даволі роўнае, але неўзабаве Рэдрык пачуў знаёмае гудзеньне з абодвух бакоў. На левым пагорку, асьветленым сонцам, нічога не было відаць, але на схіле справа, у цені, заскакалі бледныя лілаватым агеньчыкі.

— Нагніся, — прамовіў ён скрозь зубы і нагнуўся сам. — Ніжэй, дурань! — крыкнуў ён.

Арчыбальд спалохана прыгнуўся, і ў тую ж сэкунду грымотны разрад раскалоў паветра. Над самымі галовамі затрэслася ў шалёных скоках разгалінаваная маланка, ледзь прыкметная на тле неба. Арчыбальд прысеў і акунуўся па плечы. Рэдрык, адчуваючы, што вушы яму заклала ад грукату, павярнуў галаву, і толькі ён убачыў, як у цені сярод камянёў хутка раставае ярка-пунсовая пляма, як адразу ж ударыла другая маланка.