— Змоўч, — кажу.
Ён сумна так на мяне паглядзеў, вуснамі паварушыў — і зноў. А агароды ўжо канчаюцца, гліністая пустка пайшла, дзе раней звалка гарадзкая была, і адчуваю я — ветрыкам тут цягне. Толькі што ніякага ветру не было, а тут раптам пацягнула, пылавыя чорцікі пабеглі, і быццам бы я нешта чую.
— Маўчы, сволач, — кажу я Тэндэру.
Не, ніяк ня можа спыніцца. Ну, тады даруй.
— Стой, — кажу Кірылу.
Ён неадкладна тармозіць. Рэакцыя добрая, малайчына. Тады я бяру Тэндэра за плячо, паварочваю яго да сябе і далоньню з размаху яму па забрале. Трэснуўся ён, небарака, носам у акенца, вочы заплюшчыў і змоўк. І толькі ён змоўк, як я чую: тр-ррр… тр-ррр… тр-ррр… Кірыл на мяне глядзіць, зубы сьціснутыя, рот ашчэраны. Я рукой яму паказваю: стой, маўляў, стой, богам прашу, не варушыся. Але ж ён таксама чуе, і, як ва ўсіх навакоў, у яго адразу пазыў: дзейнічаць, рабіць што-небудзь. «Задні ход?» — шэпча. Я яму адчайна галавой матаю, кулаком перад самым шлемам патрос: затыкніся, маўляў. А матачкі мае, з гэтымі навакамі ня ведаеш, куды глядзець: ці то ў Зону глядзець, ці то на іх глядзець. І тут я на ўсё забыўся. Па-над кучай старога сьмецьця, над бітым шклом і рызьзём розным папаўзло гэткае дрыгаценьне, трапятаньне нейкае, ну як гарачае паветра над жалезным дахам апоўдні, пераваліла цераз груд і пайшло, пайшло, пайшло нам напярэймы, побач з тычкамі прайшло, над самай дарагой затрымалася, пастаяла з паўсэкунды — або гэта мне здалося так? — і ўцягнулася ў поле, за кусты, за гнілыя платы, туды, да могілак старых машынаў.
Маці іх, навукоўцаў, у чортаву душу, трэба ж, зразумелі, дзе дарогу правесілі: па выемцы! Але і я таксама добры — як жа ня ўцяміў, калі на мапу глядзеў?
— Давай малы наперад. — кажу Кірылу.
— А што гэта было?
— А хрэн яго ведае. Было і няма, і дзякуй богу. І затыкніся, калі ласка. Ты зараз не чалавек, зразумеў? Ты зараз машына, рычаг мой…
Сказаў і спахапіўся, што мяне, падобна, таксама слоўны панос адольваць пачынае.
— Усё, — кажу. — Ні слова больш.
Сербануць бы зараз. Дастаць з-за пазухі родную, сашрубаваць каўпачок памалу, па рыльца на ніжнія зубы пакласьці і галаву задраць, каб палілося, у самую глотку палілося, прадрала б, сьлязу вычатыла… а потым біклагу пабоўтаць і яшчэ раз прыкласьціся. Дзярмо гэтыя скафандры, вось што я вам скажу. Без скафандра я, далібог, столькі пражыў і яшчэ столькі ж пражыву, а бяз добрага глытка ў такі вось момант… Ну ды ладна.
Ветрык быццам бы ўпаў, і нічога дрэннага вакол не чуваць, толькі рухавік гудзе, роўна так, спакойна. Вакол сонца, вакол сьпякота, над гаражом марыва, усё быццам бы нармальна, тычкі адна за адной міма праплываюць. Тэндэр маўчыць, Кірыл маўчыць — шліфуюцца навакі. Нічога, хлопцы, у Зоне таксама дыхаць можна, калі ўмеючы. А вось і дваццаць сёмая тычка — жалезны шост і чырвоны круг на ім з нумарам дваццаць сем. Кірыл на мяне паглядзеў, я яму кіўнуў, і наш «галёш» спыніўся.
Кветачкі скончыліся, зараз пачынаюцца ягадкі. Зараз найгалоўнейшае для нас — найпаўнейшы спакой. Сьпяшацца няма куды, бачнасьць добрая, ветру няма, усё як на далоні. Вунь канава праходзіць, дзе Смоўж угробіўся — стракатае там нешта віднеецца, можа, рызьзё ягонае. Паршывы быў хлопец, вечная яму памяць, прагны, дурны, брудны, ды наогул Зона не пытае, дрэнны ты ці добры, і дзякуй табе, Смоўж, дурань ты быў, а разумным людзям паказаў, куды ступаць нельга… Так. Вядома, лепш за ўсё дабрацца б нам зараз да асфальту. Асфальт роўны, на ім усё лепш відаць, і расколіна гэтая там знаёмая. Толькі не падабаюцца мне гэтыя грудочкі. Калі па прамой да асфальту ісьці, якраз паміж імі праходзіць давядзецца. Бач, стаяць, быццам ухмыляюцца, чакаюць. Не, паміж вамі я ня пойду. Другая запаведзь сталкера: справа або зьлева мусіць быць усё чыста на сто крокаў. А вось празь левы грудочак пераваліць можна… праўда, ня ведаю я, што там за ім. На мапе як быццам нічога няма, але хто ж мапам верыць?
— Слухай, Рэд, — шэпча мне Кірыл. — Давай скокнем, а? На дваццаць — трыццаць мэтраў дагары і адразу ўніз, і мы ля гаража, а?
— Маўчы, дурню, — кажу я. — Не перашкаджай, маўчы…
На дваццаць мэтраў дагары… А дзюбне цябе там, на дваццаці мэтрах? Костак жа не зьбярэш. Або «камарыны плеш» тут дзе-небудзь ёсьць… Тут ня тое што костак, мокрага месца не застанецца.