Вох ужо гэтыя рызыкоўныя, ня церпіцца яму, бачыш ты… Давай скокнем… Увогуле, як да груду ісьці — ясна, а там пастаім, паглядзім. Сунуў я руку ў накаленную кішэнь і выцягнуў жменю гаек. Паказаў іх Кірылу на далоні й кажу:
— Хлопчыка з ногцік памятаеш? Праходзіў у школе? Дык вось, зараз будзе ўсё наадварот. Глядзі! — і кінуў я першую гаечку. Недалёка кінуў, як мае быць — мэтраў на дзесяць, і гаечка прайшла нармальна. — Бачыў?
— Ну? — кажа.
— Ня «ну», а бачыў, я пытаюся?
— Бачыў.
— Зараз наймалейшым вядзі «галёш» да гэтай гаечкі і, двух крокаў да яе не даходзячы, спыніся. Зразумеў?
— Зразумеў. Гравітацыйныя полі шукаеш?
— Што трэба, тое й шукаю. Пачакай, я яшчэ адну кіну, сачы, куды ўпадзе, і вачэй зь яе больш не спускай.
Кінуў я яшчэ адну гайку. Само сабой, таксама прайшла нармальна і легла побач зь першай.
— Давай, — кажу.
Рушыў ён галёш. Твар у яго спакойны і ясны стаў: відаць, усё зразумеў. Яны ж усе, навукоўцы, такія. Ім галоўнае — назву прыдумаць. Пакуль не прыдумаў — глядзець на яго шкада, дурань дурнем. Ну а прыдумае — тут яму нібы ўсё зразумела становіцца. Нібы жыць яму лягчэй.
Прайшлі мы першую гайку, прайшлі другую. Потым і трэцюю прайшлі. Тэндэр уздыхае, з нагі на нагу перамінаецца, звыкся трохі, і зараз яму, ці бачыце, нудна. А можа, ня нудна, а млява.
— Па баках пазірай. — кажу яму. — Ты ж бачыш, мы занятыя.
— А чаго пазіраць? — зьдзіўляецца. — Усё ціха…
Давялася прыстрашыць:
— Вось улупіць нам ззаду або збоку, дык і даведаешся, як ціха. У Зоне чым цішэй, тым небясьпечней.
Усё. Даканаў хлопца. Закруціўся Тэндэр, ажно «галёш» загайдаўся. Нічога, гэта яму на карысьць. Кінуў я чацьвёртую гаечку. Неяк яна ня так прайшла. Не магу растлумачыць, у чым справа, але адчуваю, што ня так, і адразу хапаю Кірыла за руку.
— Стой, — кажу, — ні зь месца.
А сам узяў пятую і кінуў вышэй і далей. Вось ён, «плеш камарыны». Гаечка дагары паляцела нармальна, уніз — таксама быццам бы нармальна была пайшла, але на паўдарозе яе нібы хтосьці ўбок і ўніз тузануў, ды так тузануў, што яна ў гліну пайшла і з вачэй зьнікла.
— Бачыў? — кажу шэптам.
— У кіно толькі бачыў, — кажа. Сам увесь наперад падаўся, таго й глядзі з «галёша» зваліцца. — Кінь яшчэ адну, а?
Сьмех і грэх. Адну! Ды хіба тут адной абыдзешся? Эх, навука! Добра, раскідаў я яшчэ восем гаек; шчыра кажучы, сямі хапіла б, але адну я спэцыяльна для яго кінуў, у самую сярэдзіну «камарынага плешу» — няхай палюбуецца на сваё гравітацыйнае. Ахнула яна аб гліну, як быццам ня гаечка ўпала, а пяціпудовая гіра. Ахнула і як прыліпла. Ён нават закрахтаў ад задавальненьня.
— Ну добра, — кажу, — падурэлі, і хопіць. Сюды глядзі. Кідаю прахадную, вачэй зь яе не спускай.
Карацей, абышлі мы «камарыны плеш» і на грудочак падняліся. Грудочак гэты — як кот напаскудзіў, я яго да той пары наогул не заўважаў. Так. Ну, завісьлі мы над грудочкам, да асфальту рукой падаць, крокаў дваццаць. Месца найчысьцейшае. Кожную травінку відаць, кожную трэшчынку. Здавалася б, ну што — кідай гайку, і з богам.
Не магу кінуць гайку.
Сам не разумею, што са мной робіцца, а гайку кінуць ніяк ня вырашуся.
— Ты што? — кажа Кірыл. — Чаго мы стаім?
— Пачакай, — кажу. — Змоўч, богам прашу.
Зараз, думаю, кіну гаечку, спакойненька пройдзем, а там асфальт… І тут раптам потам мяне як пройме, нават вочы заліло, і ўжо ведаю я, што гаечку я туды кідаць ня буду. Налева — калі ласка, хоць дзьве. І дарога туды даўжэйшая, і каменьчыкі нейкія я там бачу ня надта прыемныя, але туды я гаечку кінуць бяруся, а прама — нізавошта. І кінуў я гаечку налева. Кірыл нічога не сказаў, павярнуў «галёш», падвёў да гайкі і толькі тут на мяне паглядзеў. І выгляд у мяне, павінна быць, быў нядобры, таму што ён тут жа вочы адвёў.
— Нічога, — я яму кажу. — Крывой дарогай бліжэй. — І кінуў апошнюю гаечку на асфальт.
Далей справа пайшла прасьцей. Знайшоў я сваю трэшчынку, чыстая яна аказалася, мілая мая, ніякай дрэньню не зарасла, колер не перамяніла, глядзеў я на яе і ціха радаваўся. І давяла яна нас да самых варотаў гаража лепш за ўсялякія тычкі.
Загадаў я Кірылу зьнізіцца да трох мэтраў, лёг на жывот і стаў глядзець у расчыненыя вароты. Спачатку з-за сонца нічога не было відаць, чорна і чорна, потым вочы звыкліся, і бачу я, што ў гаражы з тых часоў нічога быццам бы не зьмянілася. Той грузавік як стаяў на яме, так і стаіць, цэленькі стаіць, бязь дзірак, бяз плямаў, і на цэмэнтавай падлозе вакол усё як раней — таму, напэўна, што «ведзьмінага халадцу» ў яміне мала назьбіралася, не выплюхваўся ён з таго часу ні разу. Адно мне толькі не спадабалася: у самай глыбіні гаража, дзе каністры стаяць, серабрыцца нешта. Раней гэтага не было. Ну добра, серабрыцца так серабрыцца, што ж зараз, вяртацца, ці што, з-за гэтага? Бо ж ня неяк так асабліва серабрыцца, а ледзь-ледзь, спакойна так, быццам бы нават ласкава. Падняўся я, абтрос жывот і агледзеўся. Вунь чатыры машыны на пляцоўцы стаяць, сапраўды, як новенькія, з тых часоў, як я апошняга разу тут быў, яны быццам бы яшчэ навейшымі сталі, а бэнзавоз вось зусім, небарака, праржавеў, неўзабаве развальвацца пачне. Вунь і покрыўка каля брамы валяецца, якая на мапе значыцца…