НЯЎРЫМСЛІВЫ БЕСО
Грузінскага крытыка Бесо Жгенці пісьменнікі паміж сабой называл! «няўрымслівы», па аналогіі з Вісарыёнам Бялінскім. Мне давялося аднойчы чуць яго прамову ў Мінску, сорак хвілін ён гаварыў без паперкі, больш чым дакладчык, і вельмі тэмпераментна. Аднойчы вярнуўся з нарады крытыкаў, што адбылася ў Маскве, Віктар Каваленка і расказаў, як там у сваім выступленні Жгенці рэзка раскрытыкаваў вядомага грузінскага пісьменніка. Тады ўстаў нехта з залы і запытаў:
— Бесо, а вы не баіцеся таго, што калі прыедзеце ў Тбілісі, то на вакзале вас сустрэнуць раз’юшаныя сябры гэтага пісьменніка?
— А мяне яго праціўнікі сустрэнуць яшчэ за тры станцыі да Тбілісі,— знайшоўся Бесо.
ШТО ТАКОЕ «У НІКУДЫ»
У доме творчасці «Іслач» сабраліся перакладчыкі беларускай літаратуры. Мы сядзелі групай і прыдумвалі вечар гумару. Грузінскі паэт Нугзар Каберыдзе прыгадаў:
— Іду я з сынам па вуліцы. А насустрач нясуць нябожчыка.
— Куды яго нясуць? — пытае сын.
— У нікуды.
— Як гэта — у нікуды?
— Дзе няма нічога.
— Значыць, да нас,— з сумам заключыў хлопчык.
ПАДВЕЎ ТВАР
У Міколы Гамолкі нават і ў семдзесят гадоў быў надзіва юначы твар, ён бы не пасаваў да яго высокай постаці. А ўявіце сабе гэты твар, скажам, у трыццаць гадоў. Хлапечы, дый годзе! I вось калі пісьменніку было пад трыццаць, то працаваў ён у пасляваенным Мінску ў Доме друку. А побач тады стаяў драўляны будынак, у якім месціўся хлебны магазін. Прыйшоў аднойчы сюды Гамолка і стаў у вялікую чаргу, якая ішла ўздоўж прылаўкаў літарай «Г». I калі ён, малады, высокі, апынуўся ў самым кутку ўмоўнай літары і выцягнуў галаву над чаргой, каб убачыць, ці далёка яшчэ да прадаўшчыцы, тая запатрабавала:
— Хлопчык, а ну злезь з прылаўка!
«...I ЎЖО РАЗМАЎЛЯЕ»
У нататцы пра мастацтвазнаўцу і літаратуразнаўцу Антона Антонавіча Уса, змешчанай у пяцітомнай «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі», названы ўсе прэстыжныя ўстановы ў Маскве і Мінску, дзе ён працаваў, высокія пасады, толькі не ўспомнены правінцыйны, ці як яшчэ нядаўна казалі, перыферыйны Брэсцкі педінстытут, дзе чытаў лекцыі Антон Антонавіч. Пра гэты час сказана сціпла: «У 1949—1956 — на выкладчыцкай рабоце». Атрымалася як у таго чэхаўскага Ванькі Жукава, які адрасаваў свой ліст «на вёску дзядулю». Я цяпер разумею, чаму прапаў у біяграфічнай даведцы Брэст. Бо толькі яго назаві, як у чытача ўзнікне пытанне: працаваў А. А. Ус у сталіцах на высокіх пасадах і раптам — у Брэсце?! Ці не высылка гэта? Так, своеасаблівая высылка, у свой час ён працаваў нават ў ЦК Камуністычнай партыі Беларусі, а ў час маёй вучобы ў Брэсцкім педінстытуце быў ужо беспартыйны. Мы з задавальненнем прыходзілі на яго лекцыі па рускай літаратуры дзевятнаццатага і пачатку дваццатага стагодзя, а таксама па мастацтве. Чалавек энцыклапедычных ведаў, высокай духоўнай культуры, ён быў у перапісцы з Якубам Коласам (не магу ўстрымацца, каб не сказаць, што ўсе лісты Якуба Коласа паводле просьбы Антона Антонавіча я перадаў у свой час у Літаратурны музей народнага песняра). Антон Антонавіч звычайна напрыканцы лекцыі любіў з намі пажартаваць, нават дазваляў задаваць яму пытанні на адвольныя тэмы. На адной з лекцый мы і спыталі, ці ёсць у яго дзеці.
— Есць сын, маю ўнука, во такі во,— Антон Антонавіч паказаў рукой, што ўнук яму ростам па грудзі,— і ўжо размаўляе.
Мы доўга смяяліся.
РЭПЛІКА ІВАНА ШАМЯКІНА
На старонках газеты «Літаратура і мастацтва» ішла дыскусія пра беларускі раман. 3 артыкулам у ёй выступіў і Барыс Бур’ян, у якім ён параўноўваў фразеалогію, стылістыку раманаў Івана Шамякіна і рамана Льва Талстога «Ганна Карэніна». Ясна, што Шамякін апынуўся тут у пройгрышы. Тады на адным са сходаў пісьменнік і сказаў:
— Барыс Бур’ян імкнецца даказаць, што Іван Шамякін не Леў Талстой. Дык я і сам ведаю, што я не Талстой.
ПРАДБАЧЛІВЫЯ ЖАРТАЎНІКІ
У часе вучобы Адама Мальдзіса ва ўніверсітэце яго аднакурснікі напісалі і павесілі такую аб’яву: «Хто знайшоў 15-ы том збору твораў Адама Мальдзіса, просьба вярнуць у бібліятэку».
Прачытала аб’яву адна студэнтка і падумала: Адама Міцкевіча я ведаю, а Мальдзіса, які напісаў пятнаццаць тамоў, зусім не чытала. Пайшла ў бібліятэку. Супрацоўнікі праверылі па картатэцы і сказалі, што ёсць працы Мальтуса, і то яны ў спецфондзе, а кніг Мальдзіса няма ні там, ні ў самой бібліятэцы.
Не ведала студэнтка, што сюды трэба прыйсці праз гадоў сорак, калі ў Адама Мальдзіса сапраўды будзе выдадзена пятнаццаць кніжак.