НЯЎДАЛАЯ РЫФМА
Былы партыйны работнік Аляксандр Ульяновіч успамінаў, як ён, будучы сакратаром Баранавіцкага абкома камсамола, паехаў разам з пісьменнікам Раманам Сабаленкам, які тады працаваў у мясцовай газеце, у калгас на вечар. У час выступления Раман Карпавіч прачытаў гумарыстычны верш, у якім былі словы:
Як далі гарманісту першака — зайграў ён заўзята гапака.
Ульяновіч сказаў яму:
— Як жа ты так, пішаш пра пяршак, самагонка ж забаронена.
— Я і сам думаў пра гэта,— адказаў паэт.— Але гарэлка тут ніяк не рыфмуецца, спрабаваў гарэлку замяніць каньяком — таксама не рыфмуецца.
ХТО КАМУ?
Сустрэліся некалі, у маладыя гады, Віктар Каваленка і Мікола Луфераў. Мікола кажа, што нешта адчувае сябе дрэнна, прастуджаны, няважны настрой, яно не шкодзіла б узяць па чарачцы. Віктар адказвае, што ён згодны, але, на жаль, зараз у яго няма грошай.
— Дык я табе пазычу,— устрапянуўся Мікола.
АДЗІН Я
Сядзелі ў кампаніі Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў і Андрэй Ягоравіч Макаёнак. Іван Гаўрылавіч прапаноўвае Андрэю Ягоравічу:
— Давай выйдзем, пагаворым.
У калідоры Іван Гаўрылавіч і кажа:
— Калі добра падумаць, то тут з сапраўдных пісьменнікаў сядзяць усяго двое.
— Першы я, гэта ясна. А хто другі? — запытаў Андрэй Ягоравіч.
Іван Гаўрылавіч прамаўчаў, відаць, ён не захацеў быць другім.
Прайшло некалькі год. Іван Чыгрынаў вярнуўся з Грузіі, з вялікай пісьменніцкай нарады.
— Ці багата там вас з’ехалася? — спытаў я ў яго.
— Чалавек дзвесце,— быў адказ.
Да гаворкі далучыўся Генадзь Бураўкін:
— А з сапраўдных пісьменнікаў хто быў?
— Адзін я,— упэўнена адказаў Іван Гаўрылавіч.
ХТО ТОЙ ВАСІЛЕУСКІ?
Аднойчы прыходзіць Пятру Васілеўскаму паведамленне атрымаць ганарар. Пайшоў на пошту, атрымаў грошы, як выявілася, з крымскай газеты за верш. Здзівіўся, чаму за верш, калі ён драматург? Неўзабаве на яго імя прыйшоў ліст ад жанчыны, якая дакарала Пятра, што той забыў на яе, хоць у Кактэбелі вельмі кахаў, абяцаў прыехаць, а не едзе, і што яна ўсё яшчэ чакае яго. Пятро Савельевіч паказаў ліст жонцы, пісьменніцы Галіне Васілеўскай. Тая таксама здзівілася, тым больш, што яны даўно не былі ў Крыме, а ездзілі апошнія гады толькі на Каўказ, у дом творчасці, што ў Піцундзе. Але на гэтым гісторыя не скончылася. Праз нейкі час Галіна Ануфрыеўна паехала на літаратурныя выступленні ў Бабруйск. Пасля адной з сустрэч з чытачамі да яе падышла маладжавая жанчына і спытала, ці ведае яна Пятра Васілеўскага.
— Ведаю. Гэта мой муж,— адказала пісьменніца.
— Які муж! — здзівілася жанчына.— Калі мы адпачывалі з ім у Крыме, то ён быў халасты і вершы мне прысвячаў.
— Мы з ім больш як трыццаць год жанатыя, маем сыноў. I Васілеўскі не паэт, а драматург, п’есы піша.
— Не можа такога быць, каб вы больш за трыццаць год жанатыя, яму ж яшчэ пяцідзесяці няма.
Каб збіць апантанасць жанчыны, Галіна Ануфрыеўна зайшла з ёй у бібліятэку, што была пры клубе, і паказала пісьменніцкі даведнік, дзе змешчана фатаграфія Пятра Васілеўскага.
— Не, мой маладзейшы і прыгажыйшы,— сцвердзіла жанчына і тут жа дадала: — Гэта картку падмянілі.
Так жанчыны і разышліся, кожная пры сваёй думцы. Пазней мне падказалі, хто з пісьменнікаў «іграў» пад Васілеўскага. Не ведаю дакладна, ці расказаў ён Васілеўскаму пра свае гульні з яго прозвішчам, але чутка ходзіць такая, што нібыта на абурэнне драматурга псеўда-Васілеўскі аджартаваўся: «Ты атрымаў ганарар, табе прызналася ў каханні маладая прыгожая жанчына. Чаго ты ад мяне яшчэ хочаш?»
ЯК ПАЭТ ПРАВІЎ ПАЭТА
Анатоль Сербантовіч напісаў верш пра Галілея, у якім было сказана, што вялікага вучонага спалілі на кастры. Але паэт, відаць, не заглянуў, як кажуць, у святцы, не праверыў дакладнасць падзей, што стаяць за гэтым прозвішчам. Тады другі паэт, Кастусь Кірэенка, вырашыў паправіць маладзейшага калегу і ў сваім вершы ўдакладніў, што спалілі на кастры Каперніка. Неўзабаве з’явіліся вусныя эпіграмы Івана Пташнікава і Анатоля Клышкі, у якіх, нарэшце, сцвярджалася, што спалілі на кастры не Галілея і не Каперніка, а Джардана Бруна. Друкаваную папраўку зрабіла «Литературная газета».
«ШТО Я БУДУ РАБІЦЬ ЗАЎТРА?»
Кінадраматург і рэжысёр Аляксандр Гутковіч ставіў фільм па рамане Івана Пташнікава «Алімпіяда». Грошай на фільм было выдзелена мала, здымкі ішлі пераважна ў павільёне, таму рэжысёр шукаў любы выпадак, каб наблізіць працу над фільмам да натуры. Аднойчы ўвечары прыходзіць Гутковіч у пакой да артыстаў і радасна ставіць на стол літровік самагонкі: