— Ну што я вам буду рваць адзін зуб, дванаццаць рублёў гэта каштуе, ды наркоз дваццаць. Вунь я бачу яшчэ два суседнія псуюцца, давайце адразу тры і вырвем: і мы выгадаем, і вы сэканоміце на наркозе, усяго адзін раз уколем.
Алесь папрасіўся выйсці пакурыць і тут жа даў дзёру. На рабоце ён нам тлумачыў:
— Лепш буду з адным хворым зубам хадзіць, чым адразу без трох.
P. S. Калі падборка гэтых мініяцюр упершыню прагучала па радыё, то я па наіўнасці чакаў, што нехта, можа, мне пазвоніць, павіншуе з дэбютам. Тэлефон маўчаў. Затое назаўтра, калі я прыйшоў на работу, Пісьмянкоў расказаў:
— Ты ведаеш, учора, можа, пяць званкоў было, усе пыталіся, што з маім зубам.
ЯК СТАЦЬ КЛАСІКАМ
Прыехаў з Беласточчыны беларускі паэт Ян Чыквін і распытвае ў нашага Георгія Марчука пра яго жыццё.
— Маю выклік у Кёльн,— пахваліўся Марчук.
Праз год Мінск наведаў дырэктар Ольштынскага выдавецтва з Польшчы. На такое самае пытанне Марчук з гонарам адказаў:
— Маю выклік у Кёльн.
А яшчэ праз год ужо непасрэдна мне Марчук паведаміў тое самае: «Маю выклік у Кёльн».
Чаму менавіта ў Кёльн?
* * *
Працуючы над даведнікам пра пісьменнікаў, я папрасіў Георгія Марчука вычытаць нататку аб ім. Ен хуценька вачыма прабег яе і падагульніў:
— Напісана правільна. Класічныя творы ўсе пералічаны, астатнія называць неабавязкова.
ХТО ВІНАВАТЫ?
Вядома, што прыгранічная брэсцкая гаворка своеасаблівая, на ёй адчувальны ўплыў моў суседніх народаў. I вось аднойчы ўвечары, напрацаваўшыся на абласной тэлестудыі, паэт Мікола Пракаповіч прыйшоў дадому і папракнуў жонку:
— Чаму твае дзеці не гавораць па-беларуску?
— А чаму твае дзеці не гавораць па-беларуску? — пытаннем на пытанне адказала жонка.
ІСТОТНАЯ ПАПРАЎКА
Праводзілі на пенсію акадэміка-сакратара аддзялення грамадскіх навук Беларускай Акадэміі Мікалая Васільевіча Бірылу. У сваім выступленні Іван Якаўлевіч Навуменка, тады віцэ-прэзідэнт Акадэміі, звярнуў увагу прысутных:
— Мы ніколі з ім не лаяліся.
Мікалай Васільевіч удакладніў:
— Гэта праўда, мы не лаяліся. Вы мяне лаялі.
У КАГО ЗАХАВАНА ІСЦІНА
На гэты раз Рада Саюза пісьменнікаў прайшла даволі бурна і тэмпераментна. Пытанне было важнае: уваходзіць ці не ўваходзіць у Міжнародную супольнасць пісьменніцкіх саюзаў. Было выказана шмат цікавых, але часта супрацьлеглых думак, як кажуць, што ні галава — то розум. Сярод апошніх выступоўцаў быў і Леанід Дайнека, які сказаў:
— Я згодзен з думкай Барыса Сачанкі, згодзен і з думкай Івана Чыгрынава. Ну, а сваю думку я заўсёды паважаю.
ЧЫЙ ПЛАЧ?
На наступнай пісьменніцкай Радзе ішла гаворка пра цяжкасці ўваходу ў рыначную сістэму. Аўтар шэрагу вядомых раманаў аб трагічных ваенных гадах, у тым ліку «Плачу перапёлкі», «Апраўдання крыві», Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў зрабіў вывад:
— Час непрадказальны, час трывожны, к канцу года мы прыйдзем з плачам.
— 3 «Плачам перапёлкі»? — выгукнуў нехта пад смех залы.
— Не дай бог! — усклікнуў Іван Гаўрылавіч.— Бо тады не будзе «Апраўдання крыві».
ЯК ТРАПІЦЬ У ЧЛЕНЫ СП
Ішоў прыём у члены Саюза пісьменнікаў. Выступае Раіса Баравікова:
— Сёння мы абмяркоўваем творчасць Марыі Баравік. Я вось цяпер успамінаю, як мы з ёй некалі пазнаёміліся на семінары маладых літаратараў у Каралішчавічах. Па сутнасці, мы з ёй выраслі на адной палянцы, і я ўжо член Саюза пісьменнікаў, а яна не. Лічу, што яе трэба таксама прыняць.
— Дык вунь сядзіць яшчэ і чакае Баравы,— кінуў рэпліку хтосьці з пісьменнікаў.
— I яго варта прыняць. Як жа, на палянцы, ды без мужчыны,— жартаўліва дадаў другі.
КАЛІ ТЫ МАЕШ АДНОЛЬКАВАЕ ПРОЗВІШЧА
Радыёстанцыя «Свабода» ў перадачы, прысвечанай Янку Купалу, паведаміла, што беларускага песняра пазнаёміў з адным літоўскім пісьменнікам Кастусь Цвірка. Ведаючы, што Кастусь прыйшоў у літаратуру ў пяцідзесятыя гады і не мог знацца з Янкам Купалам, некаторыя жартаўнікі сталі званіць паэту, віншаваць з тым, што ён сябраваў з самім класікам нашай літаратуры, яшчэ і дакараць, што не прызнаваўся ў гэтым, аж покуль заходняе радыё не расказала. Кастусь спачатку рабіў выгляд, што ганарыцца гэтым сяброўствам, якое знаўцы нарэшце адкрылі, але віншаванні не спыняліся. I тады не вытрываў:
— Дык гэта не я быў, то, мусіць, літоўскі паэт Пятрас Цвірка.
ПАДВЯЛА БАРАДА
Выетупалі з паэтам гумарыстам Пятром Сушко ў школе. Тады ён яшчэ быў даволі малады. У час сустрэчы выйшла так, што загаварылі пра дзядоў і ўнукаў, і Пятро вымушаны быў спытаць: