— Колькі год вы мне далі б?
— Семдзесят,— адказала дзяўчынка.
— Чаму ты так падумала?
— Барада ў вас старая.
ЯК «ПАДЛАВІЛІ» ЯНКУ МАЎРА
Ішла сустрэча пісьменніка Янкі Маўра са сваімі юнымі чытачамі. Раптам адзін з іх устае і пытае:
— У «Палескіх рабінзонах» напісана, што два хлопчыкі трапілі на бязлюдны востраў і злавілі шпіёна. Калі гэты востраў бязлюдны, то дзе яны вяроўку знайшлі, каб звязаць таго шпіёна?
ЯК НАРАДЖАЮЦЦА АНЕКДОТЫ
У часы Хрушчова, вялікага змагара за кукурузу, часта грамілі антыпартыйныя групы. Усе і не згадаеш. Але адна помніцца тым, што тут быў і «прымкнуўшы» Шэпілаў. Дык вось, у Саюзе пісьменнікаў ішоў партыйны сход па разгроме гэтай самай антыпартыйнай групы. Натуральна, што ўсе выступоўцы закляймілі яе, а на завяршэнне старшынствуючы Пятрусь Броўка звярнуўся да залы:
— Можа, у каго ёсць пытанні?
Падняў руку Янка Маўр, які любіў заўсёды ўнесці ў казёншчыну нешта сваё, гумаровае, і кажа:
— А гэтага лысага, што сеяў кукурузу, спаймалі ці не?
— Ціха, ціха,— замахаў на яго рукамі Броўка,— каго трэба, таго зловяць, і разбяруцца без нас.
...Не так даўно, у дзевяноста першым годзе, на расійскім тэлебачанні прайшла перадача аб анекдотах. 3 вуснаў Аркадзя Арканава гэты эпізод прагучаў як анекдот, больш сцісла, без упамінання названых мною прозвішчаў і месца дзеяння. Відаць, сатырыку нехта з беларускіх пісьменнікаў расказаў пра гэты сход.
Так і нараджаюцца анекдоты. Зрэшты, у пэўнай меры так нараджаліся і мініяцюры, жарты, якія я і прапанаваў тут.