— Дарагія таварышы гародзенцы! Я вас вельмі люблю, бо я тут сядзеў у турме.
ЧЫЯ ВАРОЖАЯ РУКА?..
Анатоль Клышка неяк пакрытыкаваў вершы Піліпа Пестрака, паэта-рэвалюцыянера, які адбыў адзінаццаць год у польскіх турмах. Піліп Сымонавіч пацікавіўся, хто такі гэты Клышка. Выявілася, што той паходзіць хоць і з беднай сям’і, але з Заходняй Беларусі. Тады Піліп Сымонавіч, хоць і сам нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, выступіў на пісьменніцкім сходзе і, як заўсёды, выразна, нібы чаканячы кожнае слова, сказаў:
— Гэта зноў мяне шляхта крытыкуе.
Неўзабаве сярод пісьменнікаў пачала хадзіць эпіграма Рыгора Барадуліна:
Чыя варожая рука
Крытыкавала Пестрака?
«А ДЗЕ ТУТ КНІГІ ПЕСТРАКА?»
Амаль кожны прыезд у Гародню Піліп Пестрак бываў у Аляксея Карпюка. Зайшоўшы ў кватэру, Піліп Сымонавіч звычайна акуратненька вешаў капялюш у калідоры і праходзіу у рабочы пакой гаспадара. Як кожнага пісьменніка, найперш прыцягвалі яго ўвагу кніжныя паліцы. На гэты раз Піліп Сымонавіч са здзіўленнем заўважыў, што на паліцах яго чатырохтомніка, які нядаўна выйшаў, не было.
— Аляксей, хадзі сюды,— паклікаў з кухні гаспадара,— а дзе тут мой збор твораў?
— Ведаеце, Піліп Сымонавіч, я аддаў пачытаць суседу,— знайшоўся Аляксей Нічыпаравіч.
— А ты кажаш няпраўду, гіцаль! — Піліп Сымонавіч хуценька за свой капялюш і ходу за дзверы.
Больш сюды яго нага не ступала.
Неўзабаве Піліп Пестрак зноў прыехаў у Гародню. Пайшоў з таварышамі ў рэстаран павячэраць. Тут яму гавораць, што за вокнамі чакае яго Аляксей Карпюк, у рэстаран заходзіць не хоча, бо не п’е, пазбягае спакусы. Піліп Сымонавіч як адрэзаў:
— А гэты падкулачнік хай пачакае.
Пацэліў, як кажуць, у дзесятку: Аляксей Нічыпаравіч паходзіў з заможнай сям’і, а тады афіцыйна гэта не лічылася за годнасць.
Так Карпюк стаў класавым ворагам Піліпа Пестрака.
РЭЗАЛЮЦЫЯ МАРШАЛА
Аляксей Карпюк у часе баёў за Берлін быў паранены. Усе, хто ўдзельнічаў у гэтых баях, былі ўзнагароджаны медалём «За ўзяцце Берліна». Карпюку не пашанцавала, ён трапіў у шпіталь. I вось аднойчы пісьменнік вырашыў звярнуцца з просьбай аб узнагародзе да міністра абароны колішняга Савецкага Саюза маршала Г. К. Жукава. Тут жа ён напісаў ліст і свайму дзядзьку, маўляў, табе там нялёгка жывецца, прыязджай да нас, тут хоць бульбачка ёсць. Неяк так выйшла, што гэты ліст ён паклаў у канверт, адрасаваны Жукаву, а ліст для Жукава адправіў дзядзьку. Неўзабаве да Карпюка з’явіўся пасыльны і запрасіў у ваенкамат. Думаючы, што будуць уручаць медаль, Аляксей Нічыпаравіч надзеў новы касцюм.
— Гэта вы пісалі пісьмо таварышу Жукаву? — спытаў ваенкам.
— Пісаў, а што — прыслалі медаль?
— Прашу азнаёміцца з рэзалюцыяй маршала і распісацца,— адказаў ваенком.
На лісце свайму дзядзьку Аляксей Нічыпаравіч прачытаў: «Прашу паведаміць т. Карпюку, што я з ім ні ў якім сваяцтве не знаходжуся. Г. Жукаў».
Хутка прыйшоў адказ і ад дзядзькі: «Дарагі пляменнік, які я табе маршал? Я твой дзядзька...»
ПРА АДНУ ІДЭЮ КАРПЮКА
Аляксей Карпюк быў каларытнай асобай, заўсёды поўны ідэй, задум. Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Валянцін Блакіт ды і сам Аляксей Нічыпаравіч расказвалі мне, як некалі, у хрушчоўскія часы, а літаратары любяць называць іх адліжнымі, Карпюк надумаў стварыць таварыства цвярозасці. Расказвалі кожны са сваімі дэталямі, а я склаў у адно.
Вось у тыя хрушчоўскія гады і прачытаў Карпюк у часопісе «Новый мир» мемуары генерала Гарбатава, у якіх прыгадваецца прыём у Крамлі ў гонар перамогі над фашызмам. Генерал пісаў, што ён не браў чарку на прыёме, бо непітушчы. Тут і паявілася думка ў Аляксея Нічыпаравіча: а чаму б ім не стварыць таварыства цвярозасці. Пісьменнік адразу выехаў у Маскву, дазваніўся да генерала і дамовіўся аб сустрэчы. Пасадзіўшы пісьменніка за стол, Гарбатаў тут жа паставіў бутэлечку каньяку і дзве чарачкі.
— Вы што, вы ж непітушчы! — здзівіўся Карпюк.
— А я частую вас,— адказаў генерал.
— Я таксама не п’ю,— і Карпюк выклаў сваю ідэю.
— Гэта вельмі цяжка зрабіць. Есць закон: каб стварыць арганізацыю, трэба не менш чым тры чалавекі. А дзе ж знайсці трэцяга?..
— А сярод генералаў?
— Сярод маіх генералаў няма ніводнага, хто не піў бы. Можа, пашукаць сярод пісьменнікаў?
I тут Карпюк зноў падумаў: у Маскве знаходзіцца Алесь Адамовіч, ён жа не п’е. Прыехаў у Саюз пісьменнікаў, а там гавораць, што Адамовіч сёння вяртаецца ў Мінск. Аляксей Нічыпаравіч паспеў на цягнік за некалькі хвілін да адпраўлення. Пайшоў па ўсіх вагонах, угледзеў Аляксандра Міхайлавіча і кажа: