Выбрать главу

ДАНІНА ЧАСУ

Зараз шмат пішуць пра асаблівасці нацыянальнага характару беларуса. I мне прыгадваецца, як пра калектыў адной рэдакцыі Рыгор Барадулін казаў: «Там дванаццаць супрацоўнікаў, але трынаццаць груповак».

ЮШКА ПА КРАСНАЯРСКУ

Дні беларускай літаратуры ў Краснаярскім краі. На развітанне пісьменнікау запрасілі на дачу крайкома, дзе іх частавалі юшкай. Хлебасольныя гаспадары для пачатку налілі кожнаму бакал каньяку. Непітушчы Рыгор Барадулін на гэты раз не стаў адмаўляцца і прыкрываць бакал рукой, і яму таксама напоўнілі. А калі слова ўзяў Міхась Калачынскі, то Рыгор, падбадзёрыўшы яго словамі «Давай, наш папаша, давай!», неўпрыкметку выліў свой каньяк яму ў юшку. Усе засмяяліся, Рыгор за сваё: «Давай, папаша, да­вай!» Міхаіл Іванавіч скеміў, што тут штосьці не тое і пасля прамовы спытаў у Барадуліна:

— Чаму яны засмяяліся?

— Ім здалося, што я наліў вам каньяку ў юшку.

Міхаіл Іванавіч зачарпнуў лыжкай юшкі, пакаштаваў і ўпэўнена сказаў:

— Я стары рыбак. Каб тут хоць кропля была каньяку, то пазнаў бы.

Так нарадзілася юшка па краснаярску. Аўтар рэцэпта — Рыгор Барадулін.

КАМУ КОЛЬКІ МЕТРАЎ НАЛЕЖЫЦЬ

Ішло пасяджэнне сакратарыята Саюза пісьменнікаў Беларусі. Абмяркоўвалася кватэрнае пытанне. Аказалася, што ў Мінску ўстаноўлена норма займаемай жыллёвай плошчы на чалавека, пры якой ён мае права стаць на чаргу на атрыманне новай кватэры,— шэсць квадратных метраў. Калі маеш сем, то на чаргу ўжо не ставяць. Звычайна спакойны і разважлівы Іван Шамякін на гэты раз не ўстрымаўся:

— Нават у Петрапаўлаўскай крэпасці на кожнага вязня адводзіўся пакой да дваццаці метраў.

АДКАЗ ФОЛКНЕРА

Было гэта, як цяпер любяць казаць, у застойныя часы. У Маскве сабраўся так званы красавіцкі пленум ЦК КПСС, прысвечаны, канечне, далейшаму развіццю сельскай гаспадаркі. Потым пайшлі пленумы рэспубліканскі, абласныя, раённыя, а летам дайшла чарга і да нашай пярвічнай партарганізацыі Саюза пісьменнікаў. На сход прыбыў высокі госць — першы сакратар Мінскага абкома партыі. Стаяла гарачыня, прыйшоў ён у тэнісцы і меў, як тады звычайна пісалі, цёплую размову з прысутнымі. А мне думалася: ці не лепш у гэты час яму быць у полі або на ферме, а нам — на лысагорскіх агародах. Наогул, чаму аж з вясны ўсе забаўляюцца гэтымі зборышчамі, гаварыльняй, бо калі ўспомніць даўнюю вёску, то там сходкі былі толькі зімой, менавіта тады ў селяніна на гэта мог быць час, хоць і зіму ён скарыстоўваў як належыць, рыхтаваўся да вясны, да палявых работ, а з вясны аж да восені заўзята працаваў.

Прыкладна ў той самы час, нібы спецыяльна да нашай вясновалетняй мітусні, маскоўская газета «За рубежом» апублікавала адказ Уільяма Фолкнера прэзідэнту ЗША Гары Трумэну, які запрашаў пісьменніка як лаўрэата Нобелеўскай прэміі на прыём у Белы Дом. Са сваёй фермы Фолкнер накіраваў прэзідэнту адказ (цытую па памяці): «Пан прэзідэнт! Паспрабуйце знайсці такога дурня фер­мера, які ў час уборкі ўраджаю кінуў бы сваю ферму і паехаў у Вашынгтон, каб выпіць кубачак кавы з незнаёмым яму чалавекам».

Пісана для чыноўнікаў усяго свету.

ЦІ ЁСЦЬ ТАКІ ПІСЬМЕННІК?

3 вядомым балгарскім пісьменнікам Ангелам Тодаравым я пазнаёміўся ў 1976 годзе ў Сафіі. Да гэтай сустрэчы чуў пра яго шмат смешных гісторый. Расказвалі, напрыклад, пра такі выпадак. Аднойчы ідзе дзядзька Ангел па горадзе і чуе, як двое прахожых абураюцца, што вуліца не так названа і што можна было б ёй надаць імя якога-небудзь пісьменніка. Дзядзьку Ангелу стала радасна на душы, і ён кажа: «Якія вы малайцы, я таксама пісьменнік».— «Хто?» — «Ангел Тодараў». «Няма такога пісьменніка»,— заявілі гараджане.

I вось Ангел Тодараў сядзіць са мной у кафэ Дома пісьменнікаў, гартае газету і на поўным сур’ёзе гаворыць:

— Нядаўна таварыства цвярозасці папрасіла мяне выступіць у іхняй газеце «Трезвенность». Пад артыкулам я падпісаў сваё званне «Народны дзеяч культуры». Газетчыкі ж зрабілі «Народны дзеяч цвярозасці». А ў мяне кожны дзень на стале — што-небудзь з напіткаў.

Прыдумваў пісьменнік такія гісторыі, ці сапраўды такое з ім здаралася, я і цяпер не магу дакладна сказаць.

АДКУЛЬ ПАЧЫНАЕЦЦА ГОРАД

Прызнацца, я вельмі баяўся, каб у Габраве гумар не стаў «замузееным». Я ведаў, што сімвал гэтага горада — кот з адсечаным хвастом: каб менш цяпла выходзіла, як зачыняеш за ім дзверы. I калі я спусціўся з Шыпкі і на скрыжаванні габраўскіх дарог спытаў у падарожнага, дзе пачынаецца горад, той адказаў: «Вунь, бачыце, дымяць трубы — дык ад першай трубы». У Доме гумару і сатыры, які тут адкрыты ў 1975 годзе, супрацоўніца Венета Георгіева падарыла мне разам з кнігай «Габраўскія жарты» тры чацвярцінкі ад манеты і дадала, што габравец не такі дурны, каб даваць цэлую манету. Адсутнасць чацвёртай часткі азначала, што некалі я павінен яшчэ вярнуцца па яе.