Выбрать главу

ЯК ЛАМАР ВЫКАНАЎ АДКАЗНАЕ ДАРУЧЭННЕ

Балгарскія пісьменнікі атрымалі ад грузінскіх калег запрашэнне на святкаванне 800-годдзя з дня нараджэння Шата Руставелі. Сабраліся і сталі думаць-меркаваць, каго паслаць туды. Паколькі грузіны людзі вельмі гасцінныя, то вырашылі, што націск іхняй гасціннасці з годнасцю можа вытрымаць народны паэт Ламар. Тады была такая завядзёнка, што пасля кожнай важнай, адказнай паездкі пісьменнік павінен быў расказачь пра яе сваім калегам. Пра тое, як справіўся Ламар з даручэннем, пачулі ад яго самога:

— Развітальную вячэру давалі на гары. Хто сядзеў у рэстаране, хто пад шатрамі, тысячы людзей. I ўсё тосты... Пасля кожнага тоста трэба было піць віно з рога. Праз гадзіны дзве бачу, што суседа, які сядзеў насупраць мяне, павяла жонка дамоў. Сусед злева таксама быў на падпітку і пасля чарговага тоста знік. А справа сусед усё сядзіць. Я чокнуся з ім, вып’ю і прыкідваю сабе: пара ўжо яму зваліцца пад стол, а як толькі яго вынесуць, то я і пайду. А ён усё сядзіць, моцна сядзіць. Я зноў чокнуся і вып’ю. Пачало днець, а мы з ім усё трымаемся, і толькі як рассунулі шторы, убачыў, што ў зале застаўся адзін я, а побач са мною — мармуровая калона.

КРЫЛАТАЯ ФРАЗА МАКСІМА РЫЛЬСКАГА

У часе застолля старэйшыя пісьменнікі любяць прыгадваць словы ўкраінскага паэта Рыльскага:

— Калі я чую слова «дружба», мая рука міжвольна цягнецца да бакала.

КОЛЬКІ PA3ОЎ МОЖНА АБЕДАЦЬ

Марка Ганчаў, балгарскі сатырык і гумарыст, прыйшоў з сынам у кафэ Дома пісьменнікаў, каб пачаставаць яго. Паказвае сыну:

— Вунь там у кутку абедае двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Младзен Ісаеў.

— А што, ён і абедае двойчы? — цікавіцца хлапчына.

ГАЮЧАЯ ВАДА

Другі балгарскі гумарыст і сатырык Петар Незнакомаў расказаў мне пра такі выпадак. Падарожнічаў ён з сябрамі па Балканах. Спыніліся ў вёсцы. Мясцовы жыхар падказаў, што калі праехаць яшчэ кіламетраў дваццаць, то яны натрапяць на жыватворную крыніцу. Адолелі гэтыя дваццаць кіламетраў, а там даведаліся, што трэба ўзяць яшчэ дваццаць. Узялі і гэтыя дваццаць, затым давялося адольваць дзесяць, а тады яшчэ якіх пяць — не будзеш жа вяртацца напрыканцы дарогі. Адшукалі крыніцу і ад радасці выпілі каля яе бутэльку сухога віна. К вечару стомленыя вярнуліся на начлег і толькі тады ўспомнілі, што гаючай вады так і не пакаштавалі.

ПІСЬМЕННІЦКІ ЖАРТ

Петару Незнакомаву захацелася праверыць, ці сапраўды ёсць патрэба запаўняць так падрабязна анкетныя даныя, калі пасяляешся ў атэль. У графе «месца працы» ён стаў пісаць «Інтэліджэнс сэрвіс» (назва англійскай разведкі). У семнаццаці гасцініцах ніхто на гэта не звярнуў увагі, толькі ў васемнаццатай, у маленькім гарадку, прыйшоў у нумар міліцыянер і сказаў:

— Ты так больш не жартуй.

ДЗЕ ТАЯ ВУЛІЦА?

Аляксандр Пракоф’еў расказваў, як у сорак дзевятым годзе ён наведаў Львоў. Вечарам вяртаўся з гасцей, у атэль яго праводзіў Уладзімір Бяляеў. Раптам перад імі ўзнік нейкі тып і папрасіў закурыць. Далі. Тып аказаўся назойлівы і пачаў дабівацца, каб яны праводзілі яго на нейкую вуліцу. Бяляеў выняў з кішэні пісталет, накіраваў дула на таго, што чапляўся, і сказаў:

— Ідзіце прама, тады звернеце налева, затым направа, зноў прама і выйдзеце на сваю вуліцу.

— Добра-добра,— хуценька сказаў тып і знік у цемені.

3 ЧЫМ ЛЕПШ ПРЫХОДЗІЦЬ ДА СУСЕДА?

Максім Танк неяк расказваў, як у 1956 годзе прыехаў на сотыя ўгодкі Адама Міцкевіча польскі паэт Уладзіслаў Бранеўскі, і яны з групай беларускіх пісьменнікаў паехалі на Наваградчыну. Выйшлі з музея паэта, а ў скверы сабраўся натоўп, і людзі цікавяцца:

— Кажуць, што прыехаў унук Міцкевіча, дзе ён, каторы?

— Мы тут усе ўнукі Міцкевіча,— адказаў Уладзіслаў Бранеўскі.

Калі пасля абеду пісьменнікі выйшлі з рэстарана і ступілі на плошчу, Бранеўскі падышоў да Максіма Танка, абняў яго і прачулена загаварыў: «На гэтай зямлі я ваяваў у легіёнах Пілсудскага, тут загінулі мае сябры, легіянеры...» Максім Танк падумаў: Бранеўскі ваяваў і ў яго родных мясцінах — у раёне станцый Княгініна і Крывічы. Але ж не плакаць цяпер разам з ім. I тут жа сказаў госцю: