— А чаго ты сюды з вінтоўкай ішоў? Прыехаў бы з паўлітэркай і цябе сустракалі б гэтак, як сёння.
ШАРАНГОВЫ ЯН ГУШЧА
Паэт і перакладчык беларускай літаратуры на польскую мову Ян Гушча жыў у Лодзі. Яго суседам па пляцоўцы быў генерал. Як гэта і водзіцца ў Польшчы, на дзвярах суседа вісела медная таблічка, але на ёй было выгравіравана не толькі прозвішча гаспадара, а яшчэ і вайсковае званне: генерал. Тады паэт заказаў сабе таблічку з надпісам «Шаранговы Ян Гушча».
Неўзабаве генеральская таблічка знікла: самалюбства не дазволіла высокаму чыну жыць на адной пляцоўцы з «шаранговым», радавым.
ЯК ЯНО ЛЕПШ
Ян Гушча ў Мінску сустрэўся з беларускімі калегамі. Нехта жартам яму сказаў:
— Вярніце нам Беласточчыну.
— А навошта? Тады і на Беласточчыне перастануць гаварыць па-беларуску, а так хоць там мова захаваецца.
ЧАРОЎНЫЯ СЛОВЫ
Беларускі паэт Алесь Барскі жыве ў Польшчы. Як гжэчны мужчына, ён любіць сказаць жанчыне прыемныя словы, заўсёды падкрэсліць, што яна прыгожа выглядае. У адзін з прыездаў у Мінск Барскі зайшоў у Інстытут літаратуры. Бібліятэкарцы ён не прамінуў сказаць: «Пані прыгожа выглядае». Уражаная, яна пабегла пахваліцца машыністцы. А тая здзівіла яе: «Толькі што ён мне сказаў тое самае».
КОЛЬКІ МОЖНА НАПІСАЦЬ ВЕРШАЎ ЗА МЕСЯЦ?
Беларускія пісьменнікі запрасілі ў дом творчасці «Іслач» аднаго паэта з-за мяжы, каб ён там папрацаваў. Напрыканцы месячнага тэрміну паэт прыйшоў ў Саюз пісьменнікаў і пахваліўся, што напісаў там ажно сто пяцьдзесят вершаў.
— А пра што яны? — пацікавіўся нехта.
— Усё пра лес,— адказаў паэт.
Максім Танк не вытрываў:
— Дык у іслацкім лесе дрэў куды больш за сто пяцьдзесят! Калі пра кожнае дрэва напісаць, ого колькі вершаў было б!
ПІШЫ, ЯК НЭСІН
У 1973 годзе ў Гагры адпачываў турэцкі празаік Азіз Нэсін.
У першы ж дзень ён пазнаёміўся з пісьменнікамі армянінам Міхаілам Шаціранам і азербайджанцам Абілам Юсубавым. Знаёмства было кароткае:
— Міхаіл.
— Абіл.
— Азіз.
Увечары Шаціран гаворыць Юсубаву:
— Па-мойму, гэта быў Азіз Нэсін.
— Што ты, Азіза Нэсіна я выдатна ведаю.
За вячэрай Абіл пытае ў Нэсіна:
— Азіз, ты ў якім жанры працуеш?
— Пішу гумарыстычныя апавяданні,— адказвае Нэсін.
— Ну, калі ты турак і пішаш гумарыстычныя апавяданні, то пішы іх так добра, як Азіз Нэсін.
КАРОТКІ ДЫЯЛОГ 3 ДЗІНАЙ ХАРЫК
Прыйшла да мяне, як да аўтара даведніка пра пісьменнікаў, Дзіна Звулаўна Харык — удава паэта Ізі Харыка. Прыйшла другі раз, каб забраць матэрыялы пра паэта, яго кнігі.
— Вы прачыталі «Гісторыю яўрэйскага народа», якую я вам прынесла яшчэ той раз? Заўважылі, што ў пераліку паэтаў імя Харыка стаіць на першым месцы?
— Заўважыў. I, чытаючы пераклады яго паэзіі, адчуў, што гэта выдатны паэт.
— Вось бачыце! Таму і напісаць вам трэба пра яго некалькі старонак, а не так коратка, як гэта было ў старым даведніку.
— Згодны, трэба значна пашыраць даведку. Але ж не настолькі, каб атрымалася больш, чым, скажам, пра Янку Купалу.
Дзіна Звулаўна шчыра здзівілася:
— Купала меў усяго пачатковую адукацыю. А Харык вучыўся ў Брусаўскім інстытуце і скончыў Маскоўскі ўніверсітэт.
— А як вы пазнаёміліся з Ізі Харыкам? — пацікавіўся я.
— Гэта было задоўга да вайны. Пасля заканчэння яўрэйскага педагагічнага тэхнікума мяне пакінулі працаваць у Мінску ў 3-м яўрэйскім дзіцячым садзе. Жыла я тады ў сям’і сваёй сяброўкі на вуліцы Астроўскага. Аднойчы, гэта было ў канцы жніўня, ішла я на працу. Раптам бачу, з суседняга двара выйшаў мужчына сярэдніх год з кучаравай шавялюрай і ў пенснэ. Ён загаварыў да мяне. Пакуль мы ішлі па вуліцы, я заўважыла, што сустрэчныя звяртаюць на нас увагу.
— У вас, мусіць, тут поўна знаёмых,— сказаў Харык,— прахожыя заўважаюць вас.
— Я ўпэўнена, ды вы і самі ведаеце, што не я выклікаю іх увагу... Бо калі я іду адна, ніхто нават не глядзіць у мой бок.
— Тады я вам скажу, чаму на нас звяртаюць увагу: яны не могуць вызначыць, ці то мы муж і жонка, ці то бацька і дачка. Для бацькі я, відаць, замалады, а для мужа як быццам застары.
— Дзіна Звулаўна, вы былі значна маладзейшая за Ізі Харыка?
— Не кажыце. Я настолькі была маладзейшая, настолькі, што і вам цяпер не скажу на колькі... Дык вось, калі я паехала дадому, у Бабруйск, і расказала пра сваё знаёмства і сустрэчы з Ізі Харыкам, то бацька заўважыў:
— Хто ведае, хто ведае, надта ж высока лезеш.