Выбрать главу

— Калі такі вялікі чалавек хоча цябе ўзяць замуж — ідзі,— запярэчыла мама і дадала: — Я ведаю, што ў многіх вялікіх людзей былі звычайныя жонкі.

— Тым і скончылася гэтая спрэчка?

— Я ўзяла чамаданчык і пайшла да Ізі. Пражылі мы з ім тыя некалькі год, што заставаліся да яго арышту ў 1937, вельмі добра. Скажу, што не так даўно мне прапаноўвалі выйсці замуж у Амерыку. Але хіба можа быць хто лепшы за Ізі? Я так і адказала гэтаму чалавеку: «Выбачайце, але Ізі Харыка я ніколі не пакіну».

Я любіла хадзіць з Ізі на літаратурныя вечары. Асабліва мне запомнілася паездка ў Маскву на юбілей А. С. Пушкіна. Гэта было ў лютым 1937 года. У перапынках жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна, жонка Андрэя Александровіча і я хадзілі аглядаць горад. Уладзіслава Францаўна, жадаючы нас рассмяшыць, разыгры­вала з сябе адсталую вясковую жанчыну, якая ўпершыню трапіла ў вялікі горад і ўсё яе тут здзіўляла і захапляла. Калі мы сталі спускацца ў метро, яна загаласіла:

— А божухна мой! Ой мамачкі мае! Куды ж гэта лесвіца завязе нас: у рай ці ў пекла? Трэба спачатку высветліць, а тады паедзем.

Тут двое ваенных узялі яе пад рукі і спусціліся разам уніз.

— Ну, з такімі хлопцамі і ў пекла не страшна,— сказала яна.

Мы рагаталі да слёз. А адна. жанчына, не зразумеўшы жарту, здзівілася:

— А я і не думала, што ў правінцыі ёсць такія забабонныя і адсталыя людзі.

Тут давялося мне сказаць:

— Вы пазбаўлены пачуцця гумару, мадам!

— Дзіна Звулаўна, вы цяпер яшчэ працуеце? — спытаў я.

— У яўрэйскай абшчыне бібліятэкарка. Дарэчы, я арганізавала курсы па вывучэнні мовы ідзіш. Прыходзьце і вы да нас на заняткі.

— Цяпер мадней вывучаць іўрыт.

— Гм,— здзіўлена паглядзела на мяне Дзіна Звулаўна.— Ізі пісаў на ідзіш, а я буду вывучаць іўрыт?!

Так закончылася гэтая невялікая, але цікавая, непаўторная гутарка з Дзінай Звулаўнай Харык.

ДАРАГІ ПАКЛОН

У Камарове, што пад Ленінградам, перакладчык мастацкай літаратуры Арсеній Астроўскі расказаў мне пра дзве сустрэчы з Осіпам Мандэльштамам:

— Першы раз я сустрэўся з паэтам у 1924 годзе, калі ён прыехаў з Кіева ў Ленінград. Мой прыяцель пазваніў мне і сказаў, што мяне хоча бачыць Осіп Мандэльштам. Я спытаў: для чаго? «Ён сам табе скажа»,— быў адказ. Сустрэліся. Прыяцель пачаў гаварыць, што я паклоннік Мандэльштама, ведаю ўсе яго кнігі. «Ну добра,— перапыніў я прыяцеля і звярнуўся да Мандэльштама: — Што вы хацелі мне сказаць?»

— Пазычце мне дзвесце рублёў. Я тут з сям’ёй, і мне трэба ехаць у Маскву. Ваш сябра гарантуе, што я вярну пазыку.

— Для мяне найлепшы гарант — гэта сам Осіп Мандэльштам.

Даў я яму дзвесце рублёў. У тым самым годзе зноў сустрэў Мандэльштама ў Ленінградзе. Ён прайшоў міма, але даў зразумець, што пазнаў мяне.

— А грошы вярнуў? — пацікавіўся я.

— Не, толькі нізка пакланіўся.

УСЕМАГУТНЫЯ ПІСЬМЕННІКІ

Было гэта на пачатку шасцідзесятых гадоў. Група малдаўскіх пісьменнікаў паехала на сустрэчу з чытачамі ў вёску. Як водзіцца ў такіх выпадках, хто чытаў вершы, хто расказваў пра сваю творчую працу, а хто адказваў на пытанні. Калі пытанняў больш не стала, празаік Якоб Куткавецкі ўстаў, каб сказаць заключнае слова. I раптам у зале паднялася бабулька і папракнула пісьменнікаў: «Вось вы чытаеце тут вершы, а ў нашым магазіне селядцоў няма».

Куткавецкі, чалавек з гумарам, не палез па слова ў кішэню. «Як гэта так, каб у сельмагу не было селядцоў? — здзівіўся ён і абурана паглядзеў на пісьменнікаў.— Хто ў нас міністр гандлю?» «Бяляеў»,— адказалі яму. «Трэба зняць яго!» — загадным голасам сказаў Куткавецкі і заверыў бабулю, што яны, пісьменнікі, усё зробяць, каб навесці парадак у гэтай справе. Па чыстай выпадковасці назаўтра ў рэспубліканскіх газетах быў апублікаваны ўказ аб зняцці Бяляева з пасады і прызначэнні новага міністра ганд­лю. У той вёсцы людзі былі здзіўлены: «Бачыце, каму мы толькі не пісалі, каму не скардзіліся, і ўсё без выніку, а варта было ска­заць пра гэта пісьменнікам і адразу ўсё вырашылася». Пайшла чут­ка і па іншых вёсках, што пісьменнікі здымаюць міністраў.

А тым часам Якоб Куткавецкі са сваімі калегамі вярнуўся ў Кішынёў. Праз некалькі тыдняў ён раптам бачыць, што каля яго дома спынілася група сялян, а ў аднаго з іх на плячах баранчык. «Ці тут пісьменнікі жывуць?» — пытаюць яны. «Тут, а што такое?» — пацікавіўся Куткавецкі і пачуў у адказ: «Дзякуй, што знялі міністра гандлю, але мы просім яшчэ зняць міністра сельскай гаспадаркі».

...Пра гэтую паездку пісьменнікаў на вёску мне напісаў празаік Міхаіл Чыбатару, а канцоўку дасказаў нехта з малдаўскіх паэтаў.