Выбрать главу

Рук ахвотных і сягодня ў нас даволі, но з голымі рукамі не ісці на штыкі маскоўскія. Ронд польскі і яго чыноўнікі павінні добра над гэтым падумаць, грошы ў нас будуць, бо мы знаем патрэбу таго, бо мы маем спосабы на тое. Но каб за нашы грошы мы мелі што ў рукі ўзяці, Ронд польскі гэтаму зарадзіць; а калі натрапіць перашкоды, то пры памоцы Бога і свайго права, упісанага ў нашых грудзях, усё з часам пераможа. Ты, аднак, Народзе, не дажыдайся, да з чым можаш ідзі ваяваці за свайго Бога, за сваё права, за сваю хвалу, за сваю бацькаўшчызну. Для цябе ўсё можна: нож, сякера, атрута; гэта твае спосабы, бо табе, як таму мужыку нявольнаму, бяспраўнаму, не прызнаюць права самаабароны, бо табе нічога не можна. А калі народы загранічныя, з дзіва разінуўшы рог, скажуць: «шалёныя», Ты, народзе вялікі і чэсны, праўдай ім адкажы, што яны таму прычынай, што гэта на іх сумленне цяжкім грэхам ляжа.

Марыська чарнабрэва, галубка мая, Гдзе ж ся падзела шчасце і ясна доля твая? Усё прайшло, — прайшло, як бы не бывала, Адна страшэнна горыч у грудзях застала.
Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці Ды ў прадвечнага саду вялеў прападаці, То мы прападзем марна, но праўды не кінем, Хутчэй Неба і шчасце, як праўду, абмінем.
Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю, Но прыймі цяжкую кару Прадвечнага волю, А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся, То я з таго свету табе адазвуся.
Бывай здаровы, мужыцкі народзе, Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе. І часам спамяні пра Яську твайго, Што згінуў за праўду для дабра твайго.
А калі слова пяройдзе у дзела, Тагды за праўду станавіся смела, Бо адно з праўдай у грамадзе згодна Дажджэш, Народзе, старасці свабодна.

Ліст другі

Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду.

Прыймі, народзе, па шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як з таго света толькі для дабра твайго напісана.

Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, папраўдзе, тагды ён толька, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць наукай розум, разаўе сэрца і радню цэлу сэрцам палюбіць. Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі,— адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу.

Для таго, Народзе, як толька калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду й свабоду, тагды і ты не аставайся ззаду, но, ухапіўшы за што зможаш, за касу, сакеру, цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю радную.