— Адтуль, пэўна, давядзецца нагамі тупаць — гаручага ўсё роўна не хопіць. Але рызыкаваць не хачу. У нас няпоўныя бакі нават у «КВ». Таму запраўляцца не будзем. Паедзеце на тым, што ёсць. Для мяне лепей «Тэ-дваццаць шэсць» страціць, чым «КВ».
— Але ці паспеем мы вярнуцца? — сумеўся лейтэнант.
— У вашым распараджэнні ўся ноч. Туды даедзеце, а адтуль — алюр два крыжы. — Камбат раней служыў у артылерыі. — Хочаш, магу выпісаць мандат? На зваротным шляху выкарыстоўвай любы транспарт, рэквізуй, калі што. Але каб разведданыя да раніцы былі ў штабе брыгады. — Ён паклаў руку на плячо лейтэнанта. — Ты зразумей — брыгаду кожную хвіліну могуць кінуць у бой. Гаручае ўсё на ўліку, а новы падвоз добра калі будзе ўранні. Не хапае аўтамашын. Адным словам, алюр два крыжы.
І вось нерухомая танкетка ўжо амаль гадзіну стаяла ў Верамейках. Танкісты дарэмна трацілі час, якога ў іх не вельмі шмат заставалася, але пакідаць баявую машыну на вуліцы не адважваліся. Спярша была надзея «пазычыць» гаручае ў вёсцы. Аднак самыя старанныя пошукі нічога не далі. Тады лейтэнант рашыўся на самае апошняе — вывезці танкетку за вёску і падпаліць.
Пакуль лейтэнант з адным танкістам хадзілі па вёсцы, другі танкіст, седзячы на загавальні, распытваў пра дарогу ў Парфёна Вяршкова — той выйшаў на вуліцу адразу, як пачуў, што насупраць спынілася машына.
— Да Гардзееўкі далёка?
— Вёрст трыццаць, лічы.
— А калі напрасткі?
— Напрасткі? Дак напрасткі адна варона лятала, затое дома не бывала!
— А калі без жартаў?
Парфён задраў галаву і пачаў прыпамінаць вёскі, што ляжалі на шляху да Гардзееўкі, вялікага сяла, якое было ўжо ў Бранскай вобласці. Дарогу ў Гардзееўку з Верамеек мала хто ведаў, бо ў тутэйшых сялян не было ніякай патрэбы хадзіць туды. Але Парфен, калі быў малады, вазіў у Гардзееўку кару, якую дралі тады па ўсім забесяддзі на грошы. З таго часу памяць і захавала вёскі.
— Спярша трэба падавацца на Сухое, — прыгадваў Вяршкоў, — пасля на Буду...
— Гэта Вераб’ёва Буда? — удакладніў танкіст.
— Не, проста Буда. Але і Вераб’ёва недзе там.
— Далей...
— А далі Гайнаўка будзе.
— Гайнаўка, — лічыў за Вяршковым танкіст.
— А за Гайнаўкай, здаецца, адразу Гардзееўка.
— Ну, а Вераб’ёва Буда?
— Да і Буда недзе там.
— Значыць, не ведаеш?
— Дак вам Гардзееўка трэба ці Вераб’ёва Буда?
— Гэта ваенная тайна.
— Так бы і гаварыў адразу, а то галаву дурыш!
Нарэшце Зазыба з лейтэнантам прывялі коні.
— Аўсюкова яшчэ не было? — спытаў лейтэнант танкіста.
— Ён жа з вамі пайшоў, — падаўся той да лейтэнанта.
— Гэта я сам ведаю, — злуючыся нечага, сказаў лейтэнант.
Вяршкоў тым часам пазнаў Зазыбу.
— І ты, Яўменавіч, не спіш? — гукнуў ён. — Дак хадзі, садзіся во.
— Мабыць, Ганна недзе прыспала вашага чалавека, — пажартаваў Зазыба.
— Якая Ганна? — наставіў вушы Парфён Вяршкоў.
— Кладаўшчыца.
— Тады скора не чакайце, — усміхнуўся Вяршкоў. — Яна такая — сваё возьме.
Ноч між тым недзе прамінула ўжо тую мяжу, адкуль пачынаецца зваротны шлях яе, і цяпер навокал нібыта шарэла. Угары патухалі самыя далёкія зоркі, быццам хто неўзаметку сціраў іх з неба.
Непакоячыся, што затрымка ў вёсцы выйшла занадта доўгая, лейтэнант сказаў Зазыбу:
— Мы вельмі познімся. Баюся, што не паспеем дабрацца да часці. Таму я падумаў — можа, коней сваіх дасцё нам?
Зазыба не паспеў адказаць, як лейтэнант пачаў супакойваць:
— Вы не хвалюйцеся, мы распіску пакінем.
— Етых коні ў нас даюць і забіраюць, забіраюць і даюць. Як кажуць, салдат даў — салдат узяў.
— Не той час, Парфён, каб нечага шкадаваць для Чырвонай Арміі, — сказаў Зазыба.
— Да ўжо ж. Але яны не кульгавыя?
— Не ўсе. Адзін кульгае.
— Значыць, падлячыліся ўжо, — усміхнуўся Вяршкоў. — Але як ета не ўгледзелі іх? Пэўна б забралі.
— Не возьмем мы, возьмуць немцы, — раптам кінуў Вяршкову танкіст, які ў прысутнасці лейтэнанта маўчаў.
— І ета можа быць, — невыразна згадзіўся Вяршкоў. — Час цяпер такі, што ўсе бяруць нешта і не пытаюцца нават.
— Будзем лічыць, што мы з вамі маем поўнае разуменне, — ігнаруючы Вяршкова, сказаў лейтэнант Зазыбу. — Коні вы дасцё нам, а распіску палучыце.
— Дзе яе пісаць цяпера? — махнуў рукою Зазыба. — Бярыце ўжо так, без паперкі. Раз трэба, дак трэба.
Тады лейтэнант нібы спахапіўся і стаў прыспешваць.
— Лезь у машыну, кіруй, — загадаў ён танкісту.
Зазыба пачаў раскручваць пастронкі і падаваць лейтэнанту, каб той чапляў за танкетку.
— А таго вашага з Ганнай можаце і не дачакацца, — быццам пакпіў Парфён Вяршкоў.— Яна баба смаляная. Ды і час якраз такі. Сама ў прымы прыставаць. І галава цалей будзе, і целу раскоша.