Выбрать главу

Верамейкі разбудоўваліся так, што сонца, якое выплывала з-за пагорка, на нейкі час нібыта лажылася на дарогу паміж крайніх хат пасярэдзіне вуліцы. Тады здавалася, што гэта нават не сонца, а проста вогненны шар, які ўскаціўся аднекуль сюды. Але мінаў час, шар паступова, як бы з вялікай цяжкасцю, адрываўся ад зямлі, увачавідкі менеў, становячыся ледзь не белым і падобным на сонца. Нарэшце сонца-шар збочвала, плыло да самага пасляабеддзя паўз вёску, пасля паварочвала і спынялася к вечару ў доўгім канцы яе, але не дакраналася да самай зямлі — за возерам пачынаўся лес, і яно амаль непрыкметна, неяк адразу хавалася за яго.

Сёння сонца прадзіралася скрозь туман, як спрасонку. Туман нечага доўга засціў і зямлю і неба на ўсходзе, але нарэшце зварухнуўся, прыўзняўся над зямлёй, і тады сонечныя промні пасерабрылі расу, што ляжала на ўсім — ад пагорка да вёскі. Здавалася, сонца будзе вісець скрозь увесь дзень. Але неўзабаве яно памутнела раптам, хоць зрабілася яшчэ больш чырвонае і нібыта наважылася перагарэць.

Вёска паступова абуджалася: узнімалі і апускалі драўляныя вёдры на доўгіх почапах жураўлі — у Верамейках было тры калодзежы з жураўлямі, — і вясковыя бабы, дзогаючы парэпанымі пяткамі па сцежках, ужо ўгіналіся пад каромысламі, насілі ваду. Валіў дым з комінаў. Лопаючы крыламі на пералазах, спявалі галагуцкія пеўні.

Дзяніс Зазыба выйшаў на ганак, калі сонечныя промні саскочылі з вяза, што стаяў на вуліцы насупраць хаты, і апынуліся на гарбузовым лісці, якое на жоўта-зялёнай касе выпаўзала на дарогу з Прыбытковага гарода. Неба над галавой было чыстае. Толькі па левы бок, акурат недзе над возерам, тоўпілася купка белых аблачынак, якія нечым нагадвалі разагнаную чародку памытых авечак.

Мінулая ноч давала сябе адчуць — у галаве шумела, як на пажары; Зазыба ажно пацепваўся, нягледзячы на сонца, якое выплывала правым бокам з-за вугла хаты. За тынам хавалася ў тумане пустка, і Зазыбу здавалася, што адтуль нясцерпна пахла палыном, які рос уздоўж рова ад глінішча і быў аднаго колеру з туманам.

Хвілін праз колькі на ганак выйшла Марфа. Зазыба не павярнуўся да яе, і яны стаялі так паасобку, услухоўваючыся ў раніцу. Тады Марфа ўздыхнула, ступіла яшчэ крок і, стаўшы ўпоравень з мужам, сказала:

— Можа б, і мы закапалі што ў зямлю. Леташняя ж ямка, што бульбу хавалі, не абвалілася, дак не трэба новай, адно пачысціць ад курап. Хоць бы машыну швейную туды, ці што. А раптам забяруць?

Зазыба махнуў рукой.

— Яшчэ невядома, ці машыну тваю хаваць трэба, ці самім у той яме хавацца, — пачакаў і спытаў: — А пастаялка наша прачнулася?

— Ходзіць па хаце, — Марфа так і не папыталася сама пра незнаёмую дзяўчыну, бо Зазыба папярэдзіў, каб гаварыла ўсім, што гэта пляменнікава дачка з Латокі.