Выбрать главу

Неўзабаве заўважылі ласёў і ў Паддубішчы. Чубару было відаць, як пасталі там верамейкаўцы сярод жыта і пачалі ўглядацца з-пад локцяў на невядомага прышэльца з малым, а нейкі мужчына нават кінуўся бегчы напярэймы. Чубару заманулася пазнаць яго. Але дарэмна. Здалёку відаць было, што чалавек нетутэйшы. Прынамсі, нікога ў Верамейках, таксама як і ў Мамонаўцы, у Кулігаеўцы нельга было параўнаць з ім. У руцэ незнаёмы (то быў Рахім) трымаў вінтоўку. Але Чубар не адразу прыкмеціў яе — падумаў, звычайны дубец. Спахапіўся ён тады, як чалавек ускінуў той «дубец» перад сабой ды стрэліў у сахатага. Стрэл выйшаў нечаканы і сухі, быццам паламалася што крохкае ад першага ж дотыку, але рэха, якое паляцела адтуль па ўзлеску, раптам кальнула Чубара ў сэрца. «Ах ты, падлюга!» — сціснуў ён вязанку пальцаў на сваёй вінтоўцы і паспяшаўся глянуць у той бок, дзе былі ласі. Куля Рахімава пацэліла ў самы раз, каб адабраць жыццё ў сахатага, і той ужо стаяў на пярэдніх каленях, апускаючы ў поўнай непрытомнасці галаву на тупкую сцежку. «Ах ты, падлюга!» —зноў вылаяўся Чубар і перавёў позірк на чалавека, які выпусціў кулю па сахатым. Але нават каб ён і рашыўся адпомсціць за прыгожага звера з магутнымі рагамі на галаве, то ўжо не было як: з Паддубішча да крыніцы спяшаліся верамейкаўцы... Затое цяпер Чубар меў магчымасць пазнаваць сваіх калгаснікаў. Паперадзе, у расхрыстанай фуфайцы, бег, ажно як не каціўся па ўзгорку, Мікіта Драніца. Яго не паспявалі апярэдзіць нават падлеткі, якія ўслед за дарослымі кінуліся з усіх ног да крыніцы. Убачыў Чубар і свайго рахункавода Івана Падзерына. Той таксама спяшаўся паглядзець на забітага звера. Але крочыў ён пасярод жаночага натоўпу, быццам гэта кабеты абкружылі яго знарок і вялі на якую расправу... А Дзяніс Зазыба тым часам ішоў побач з Брава-Жыватоўскім. Па іхняй нетаропкай хадзе і па тым, як заўзята гаманілі аб нечым, Чубар мог пераканацца, што яны і ў галаве не мелі сабе спяшацца да крыніцы, няйначай, былі ўпэўнены, што без іх не пачнецца там ніякі фэст. За плячамі ў Брава-Жыватоўскага вісела вінтоўка. Чубар згледзеў яе і толькі цяпер успомніў — Брава-Жыватоўскага ж яшчэ ці не ў пачатку ліпеня бралі па мабілізацыі!..

Між тым пярэднія верамейкаўцы ўжо абступілі забітага лася. Нехта з дарослых, можа, шкадуючы, паспрабаваў злавіць растапыранымі рукамі ласянё, якое неспакойна мітусілася вакол, але тое не далося. Тады за ласянём пагналіся падлеткі. Ласянё адбеглася трохі на коўзкі сухадол. Але зноў не далося ў рукі. Тым часам і не ўцякала далёка. Адно рабіла, як птушка, кругі вакол натоўпу, пасярод якога на сцежцы ў лужыне крыві ляжаў лось. І толькі пасля, як хлапчукі моцна заганялі яго, яно павярнула шукаць ратунку ў лес.

Чубар адступіў далей за кусты ядлоўцу і, нібыта баючыся прапусціць галоўнае, талопіў вочы на тое, што адбывалася ля крыніцы, дакладней, чакаў, што мелася адбыцца там з прыходам верамейкаўцаў. Захоплены гэтым, ён нават не заўважыў, як трохі вышэй, на ўзгорку і таксама на нядаўні стрэл, выскачыў перадавы раз’езд нямецкай вайсковай часці, якая ўступала ў Верамейкі паўз хату Юхіма Кандрусевіча.

Канчаўся ўсяго толькі другі месяц вайны...

* — Спыніся! (ням.)

** — Досыць нам зайцоў палохаць.

— Не блага было б, Курт, пацэліць ужо і па зайцу. А то абрыдла гэтая свініна. Ды і задніца ад гарохавых кансерваў ба­ліць.

— Твая праўда, Ганс. Смажаная зайчына — гэта якраз тое, чаго не хапае нам цяпер.

— Заўтра паглядзім, можа, сапраўды падстрэлілі?

— Але нават енку не было чуваць. Яны ж заўсёды перад смерцю енчаць, як і людзі.

— Бывае, што і не енчаць (ням.).

*** — Хутчэй, тут прыгожая дзяўчына! (ням.)

**** — Дзяўчына, прыгожая дзяўчына! (ням.)

***** — Ну, што цырымонішся, Генрых... Раз першы агледзеў, то і валачы яе ў канаву. Дзеўка твая, і ніхто больш не мае на яе права. Але цягні яе падалей адсюль, каб не было хоць зайздро­сна. Ды пад хвост там, пад хвост ёй, каб запомніла на ўсё жыц­цё... (ням.)

****** — А ты чаго талопіш вочы, старая карга? Думаеш, і ты каму патрэбна? Сабакам яе, сабакам! (ням.)

******* — Не палохайся, золатка... Салдаты доблеснай арміі вя­лікага фюрэра... (ням.)

******** «Вернер Хольцмахер, лейтэнант, камандзір роты грэ­надзёрскага палка» (ням.).

********* — Ну, дачакаліся, блазнюкі?.. Але паглядзіце, што там ваша, а то без штаноў хадзіць давядзецца... (яўр.)