Выбрать главу

— Ты па-свойску з ёй, — параіў Зазыба.

— Да ўжо ж...

Зазыба пастаяў яшчэ, паўглядаўся паўзверх тыну, быццам спрабаваў адшукаць нешта на пустцы, затым сышоў з ганка і, як пад чужымі вокнамі, падаўся на вуліцу.

— А-а-а, Дзяніс, — убачыў яго Кузьма Прыбыткоў, які сядзеў на лаўцы, пры хляве; пакуль Зазыба ішоў праз дарогу, Прыбыткоў адвязаў ад аборкі, якой быў падпяразаны па штанах, хромавы каптур, расцягнуў яго, быццам спружыну, зверху ўніз і, намацаўшы пальцамі скручаны ліст рудога тытуню, пачаў шчыкаць дробнымі долькамі.

— Ты ета саўсім не курыш? — спытаў ён Зазыбу, калі той сеў побач.

— Не куру.

Прыбыткоў закурваў спакваля — доўга, быццам прымерваючыся, драў газету, каб выйшла акурат, слініў яе і дрыжачымі рукамі пасоўваў на губах з кутка ў куток. Зазыба ўсміхнуўся:

— Слабееш, Кузьма!..

— Дзіва што.

Але ў свой век — семдзесят год — Кузьма Прыбыткоў яшчэ меў твар з вялікім, як без храсткоў, носам, па якім ледзь не ад самых вачэй разыходзіліся тонкія, быццам з карэнішча, жылкі.

— Як мяркуеш, германец сянні прыйдзе да нас? — паглядзеў Прыбыткоў на Зазыбу.

— Да ўжо як захоча.

— І то праўда, ад Бабінавіч яму недалёка.

Нарэшце Прыбыткоў прыпаліў самакрутку і сказаў, бадай, самае галоўнае, да чаго не кожны мог даўмецца.

— А я думаю, што ён і саўсім сюды не пойдзе. — Колькі моманту Прыбыткоў зусім сур’ёзна глядзеў на Зазыбу, быццам нечага чакаў ад таго, а тады пачаў разважаць: —Чаго яму ісці да нас? Ну, у Бабінавічы — тут ясна, як не кажы, мясцечка, дарога вялікая ёсць, едзь сабе на машынах, нідзе не загрузнеш. А што ў нас? Дамоў багатых няма, дарогі таксама не праложаны. Словам, глушмень кругом, адны ваўкі ды мы от. Дак ці ж нас пільнаваць? Тады і старажоў не хопіць. Германія, яна не тое, што мы — ма-ле-е-енькая!.. Ёй з намі, як па-разумнаму, дак і брацца не варта б. Ета дзе той Хабараўск, а за ім таксама зямля. Я нават дзіўлюся, як ён саўсім пасмеліўся напасць. Ета ж калі палічыць, дак іхні адзін на нашых трох ці чатырох...

Зазыба паправіў:

— Чатырох не будзе.

— Ну, няхай трох, — лёгка згадзіўся Прыбыткоў, — але паспрабуй, угледзь нават трох — зайцоў і тых не ўпасеш, а тут людзі.

— Да людзей, мусіць, і ён набраў да сябе, раз на Маскву цаляе.

— Масква, яна як прынада тая. З вайной на Маскву хадзілі і ў старыну. Да ўсё праз нас, праз Беларусю, — Прыбыткоў пакруціў, як у здзіўленні, галавой і працягваў гаварыць далей: — Я от думаю цяпера, дак неяк ажно дзіўна размешчана ета Беларуся наша, бытта гасподзь знарок яе паклаў так. Усё праз нас з вайной ходзяць, усё праз нас. Здаецца, каб хто перанёс яе ў другое месца, дак і нам бы па-другому жылося. А зямля харошая, можа, нават лепшая за рай той. Ета ж падумаць толькі — у другіх голад, дак ужо голад, людзі, як тыя мухі, гінуць, вазьмі хоць Украіну, тама во і нядаўна колькі паўмірала, а ў нас адно мужыкі паапухалі — не кара дак ягада, не ягада дак грыб, а тама ўжо бульба пойдзе, жыта, але чалавек неяк выб'ецца з бяды, абы не сядзеў рукі склаўшы. Не, зямля наша папраўдзе райская, а от жа... — Стары патушыў самакрутку — моцная, за адзін раз не сассеш! — і паклаў па левы бок ад сябе на край лаўкі. — От і Гітлер таксама... Спярша з дружбаю лез, а цяпера і дружбе канец і любошчам.

— Гуляла кошка з мышкай.

— Ну-да, ей-праўды! Я і сам...

Але дагаварыць Прыбыткову не дала нявестка, якая расчыніла акно і гукнула:

— Тата, бульба зварылася!

Прыбыткову быццам гэтага і не хапала, пакуль гаварыў, — абапіраючыся абедзвюма рукамі на дубец, ён стаў на ногі.

— Можа, і ты, Дзяніс, не снедаў яшчэ, дак хочаш? — ён паглядзеў на комін Зазыбавай хаты, усміхнуўся. — Але ж бабы нашы сянні... позняцца... бытта сапраўды чакаюць...

— Мужыкоў дома няма, дак і раскашуюць. Хоць высплюцца.

— Да ўжо ж...

Прыбыткоў пастаяў яшчэ, а тады пайшоў, торкаючы ў зямлю дубцом; абутыя ў лапці ногі — у свае гады ён не мог іх змяніць ні на якія боты! — стаўляў так, быццам асцерагаўся наступіць на што калючае. Зазыба падумаў — і праўда знасіўся Кузьма!.. Але ж на памяці людзей Прыбыткоў яшчэ не вельмі даўно разгінаў для забавы жалезную падкову і некалі пахадзіў з сынамі, бадай, па ўсім забесяддзі — ад Вялікага да Малога Хоцімска: амаль усе столі і падлогі ў хатах, што будаваліся апошнія трыццаць гадоў у вёсках, былі пакладзены з ягоных дошак; пільшчык ён быў адмысловы і вечна хадзіў, абсыпаны тырсай.

Зазыба ажно пашкадаваў, што гэтак адразу пайшоў Прыбыткоў.

Але па завулку ўжо бег сын Гаманьковай Хрысціны. Іван аднекуль спяшаўся, нёс на сабе, уздзеты на галаву, хамут з чорнай скуры. Мусіць, хлопец бег па вуліцы і пацішэў, калі ўбачыў Зазыбу, тады на нейкі момант ажно разгубіўся, але павярнуць ужо не было куды, і ён, выдаючы сваю збянтэжанасць, што наскочыў на намесніка старшыні калгаса, адно перайшоў паспешліва на другі бок завулка, каб неяк збочыць, хоць хата Гаманьковых стаяла побач з Прыбытковым дваром.