Калі Іван наблізіўся, Зазыба спытаў:
— Гэта ж куды вы надумаліся ехаць?
— Н-не, мы не паедзем, — спалохана паглядзеў на Зазыбу хлопец.
— Тады навошта хамут?
— А я ўзяў яго на канюшні. Там цяпер бяруць хто захоча.
Зазыбу раптам нібы сцебанула чым.
— Ты от што, — сказаў ён без вялікай злосці, — нясі назад, раз не паедзеце. Бо навошта дома трымаць? Канюшня ж ёсць!
Зазыба ледзь не стрымгалоў заспяшаўся да стайні, якая была на беразе возера. Пакуль шыбаваў па вуліцы, паступова спакайнеў, але ўжо ля самых варот, якія былі адчынены і ў якіх, тоўпячыся, гаманілі вясковыя бабы, сціснуў абедзве вязанкі пальцаў у кулакі.
— Здароўця, — кінуў ён бабам.
Тыя аціхлі адразу, быццам убачылі прывід, і расступіліся, даючы Зазыбу на стайню дарогу.
— Ну што вы збегліся? — як не прыкрыкнуў на іх Зазыба.
Тады нехта спуджана хіхікнуў за спінамі. Наперад ступіла Куліна Вяршкова:
— Мы ета на работу прыйшлі, а тута...
— Нясіце ўсё на месца, — сказаў Зазыба.
Бабы, як прысаромленыя, кінуліся ў трысценак, пачалі складваць на падлогу хамуты, сядзелкі, — усё, што трымалі дагэтуль у руках. Зазыба стаяў на праходзе, і ў яго на твары пад скурай хадзілі жаўлакі. Ён усяго мог чакаць ад сваіх верамейкаўцаў — дзе толькі фэст, і яны заўсёды там, — але тое, што пабачыў цяпер, не ўкладвалася ў галаве: выходзіла, толькі звядзі вочы, як адразу разнясуць усё калгаснае па дварах. Суцяшала адно, што не было на стайні мужыкоў.
Праз хвіліну да Зазыбы падышла тая ж Куліна Вяршкова.
— Ета ўсё Раман, — сказала вінавата яна, — ён пачаў першы насіць да сябе, нават калёсы закаціў на двор, а мы паглядзелі, таксама загарэліся.
— Які тама яшчэ Раман? — неўразумела паглядзеў на жанчыну Зазыба.
— Да Сёмачкін.
— Яго ж прызвалі, здаецца?
— А радзімец яго ведае, — паціснула яна плячамі. — Бачым толькі, ходзіць па вёсцы, пагражае калгас распусціць. А тут ні Чубара, ні цябе.
«Значыць, Парфён Вяршкоў тады праўду казаў, — успомніў начную размову Зазыба. — Дэзерціраваў Раман...» Ён падабраў аброненае кімсьці пута, панёс у трысценак. Там, падпёршы левым плячом шула, стаяў Раман Сёмачкін. Вочы яго як не смяяліся, выпускаючы на волю задзірлівых чорцікаў. Зазыба набліжаўся да Рамана, і ўсярэдзіне ў яго ўсё абуралася.
Раней у Верамейках былі два браты Сёмачкіны — гэты, Раман, старэйшы па гадах, і Паўлік. Але Паўліка гадоў пяць таму пасадзілі ў турму за забойства кулігаеўскай Домны Варонінай. Забівалі жанчыну яны ўдвух. У Верамейках ведалі пра гэта: нехта бачыў іх у тую ноч разам — браты ішлі ў Кулігаеўку. А пачалося ўсё з таго, што раптам у малодшага Сёмачкіна стала ўсыхаць нага. І што ні год, то горай: Раман павазіў ужо брата і ў раённую бальніцу, і ў абласную, але дактары не маглі даць рады. Тады нехта ў Верамейках падказаў, што ў Латоцы ёсць шаптуха, якая здымае гэтакія хваробы. Паехалі да яе. Шаптуха паглядзела нагу, пакруціла галавой — нехта сушыць. Браты пачалі думаць, хто б мог чараваць. Перабралі па дварах усе Верамейкі, пасля Кулігаеўку з Мамонаўкай. Нарэшце сышліся на Домне Варонінай. Успомнілі, што аднаго разу, як вярталіся з кірмашу на Ілью, абтрусілі яе сад. Вядома, з дакладнасцю палічылі гады — выходзіла якраз па часе. Тады шаптуха параіла разбурыць у Домнінай хаце комін, забраць адтуль зямлю са следам, якая павінна была вісець у мяшочку. У Кулігаеўку Сёмачкіны пайшлі ўначы. Але падвешанай зямлі ў коміне не знайшлі. Тады яны падступіліся да самой Домны. Прасілі яе, каб аддала след. Нарэшце, ашалелыя, задушылі старую жанчыну. Аднак на судзе, які адбыўся ў Крутагор’і, праз колькі тыдняў, Паўлік узяў віну на сябе, сказаў, што задушыў Домну адзін — пашкадаваў жанатага брата...
Зазыба абмінуў Рамана Сёмачкіна, прайшоў у трысценак. Там ляжала раскіданая па ўсёй падлозе калгасная вупраж, і ён пачаў падбіраць яе, вешаць на драўляныя цвікі, што былі забіты ў прасвідраваныя ў сцяне дзіркі.
— Дарваўся? — кінуў ён злосна Раману.
А той адгукнуўся, быццам гуляючы словамі:
— А што, нельга?
Тады Зазыба падступіўся блізка:
— Засячы сабе на носе — другі раз па руках палучыш!
Сёмачкін пагардліва ўсміхнуўся:
— Маё, таму і бяру. Калі-та прынёс, а цяпер бяру!
— Але не адно тваё! Тута ўсіхняе! Калгаснае! І не табе распараджацца ім!
— Так і не табе ўжо! — крыкнуў Раман. — Досыць, пакамандаваў!
— Ну, от што, — ускіпеў Зазыба, — ступай адсюль!