Выбрать главу

Зазыба падышоў да бёрнаў, сеў зводдаль. Раман Сёмачкін кінуў на яго вачамі, але загаварыў гучней.

— Яно і праўда, што мы без камандзёраў адны? Пачалі разыходзіцца хто куды. Мы з Рахімам таксама вырашылі падацца сюды, балазе, да Верамеек недалёка. Вёрст сорак, калі напрасткі.

Да гэтага ўсе, хто слухаў Рамана, па розных прычынах маглі стрымлівацца і не выказваць сваіх адносін, бо тое, што гаварыў ён, было звычайнай гаварнёй чалавека, які не толькі выхваляўся, выдаючы няпраўду за праўду — верамейкаўцы ж не ведалі сапраўднага становішча ў арміі і на фронце, — але і не хацеў тым часам паказаць сябе ў вачах аднавяскоўцаў яўным дэзерцірам: маўляў, так склаліся абставіны...

Аднак Раман дапусціў адну памылку, нават не памылку, хутчэй звычайную прамашку — недакладна назваў адлегласць ад Сажа да Верамеек. І гэтага дастаткова было, каб Іван Падзерын паправіў:

— Лічы, з гакам.

А вясковым людзям — толькі пачні.

— Дай гак трэба яшчэ памераць, — дадаў тут жа Сілка Хрупчык.

— Парфён, мусіць, дакладна ведае, — сказаў яшчэ Іван Падзерын, — ён жа некалі хадзіў таксама і ў Чэрыкаў.

Але Раман Сёмачкін не даў сказаць Вяршкову.

— Ета калі тое было, што Парфён хадзіў, — запярэчыў ён, — а мы во з Рахімам цяпера нагамі памералі ўсё. Напрасткі, дак вёрст сорак, не болей.

Вяршкоў паглядзеў на Зазыбу, па-змоўніцку ўсміхнуўся:

— Раман, мабыць, сігаў дужа, ці паглядзеў калі нават на пяты сабе?

— Тады няхай скажа ён! — зрабіў нібы пакрыўджаны выгляд Раман Сёмачкін і паказаў на Рахіма, які з аднолькавай увагай і неўразуменнем слухаў кожнага, настаўляючы неяк па-воўчы правае вуха.

— Рахім твой таксама ці паспеў азірнуцца хоць раз, — памагаючы Парфёну Вяршкову, з’едліва кінуў са свайго бярна Зазыба.

Мужыкі зарагаталі з гэтых першых Зазыбавых слоў.

— Рахіму, з яго ростам, мабыць, давялося рабіць за табой па два крокі, — не перастаючы смяяцца, сказаў Сілка Хрупчык.

— А што? — задзірыста спахапіўся Раман Сёмачкін. — Ты не глядзі, што ён татарын да малы ростам. Ведаеш, бывае маленькі, да ўдаленькі. Рахім прыжывецца ў нас. Цяпера ў вёсцы мужыкоў не хапае, дак няхай ён абслужвае кабет. А тама, можа, яшчэ і ўласць аддадзім яму. Пахадзілі ў начальніках Чубар з Зазыбам, цяпера няхай Рахім во.

— А сам што, нібыта й не хочаш?

Раман адмоўна паківаў галавой.

— Боязна? — усміхнуўся Вяршкоў.

— Я, сам ведаеш, не дужа палахлівы. Да й няма каго баяцца.

— Значыць, табе прамая дарога ў начальнікі, — падначыў Іван Падзерын.

— Начальнікам я не хачу быць, — зусім сур’ёзна сказаў Раман.

— Так ужо і не хочаш? — прыжмуранымі вачамі паглядзеў на яго Парфён Вяршкоў.

— І не хачу!

— А можа?

— Што можа?

— Дак галаву ж яшчэ добрую трэба мець, каб начальнікам быць.

— Ну, ета мы паглядзелі б! — быццам узбурыўся Раман.

— А што глядзець? — ужо назнарок пацвельваўся Парфён Вяршкоў. — Раз лічыш, што галаву добрую маеш, то бяры на сябе ўласць, навошта аддаваць каму? Што еты Рахім табе — брат ці сват?

— Мне ўласці не трэба.

— Але які ж ты асцярожны? Здаецца, чалавек, як і ўсе мы, а таксама кумекаеш, бо цяпера ўласці шукаць, дак усё роўна, што пятлю на шыю. Таму ты і прывёў от Рахіма. Усё ж не свая шыя!

Ад Парфёнавай адкрытасці Раман ажно заплюскаў вачамі, шукаючы падтрымкі ў астатніх верамейкаўскіх мужыкоў. Сілка Хрупчык і Падзерын Іван пазіралі адзін на аднаго, і ў вачах іхніх месцілася глыбока прыхаваная ўсмешка, якую цяжка было заўважыць. З усіх толькі Зазыба не ўтойваў сваёй здаволенасці: Парфён гаварыў Раману Сёмачкіну тое, што мог выказаць і ён, Зазыба, але тады б усё выглядала па-іншаму і ўспрымалася б без такой катэгарычнасці. Парфён пачакаў трохі — акурат столькі, каб не ачомаўся Раман, пасля зноў пачаў:

— Ты от кажаш, бытта няма каго баяцца? Але ж ета ты сваёй галавой думаеш так, а я сваёй дак іначай мяркую. Да й баба мая ўчора на патэльні варажыла — выходзіла, што нашы вернуцца.

Раман Сёмачкін маўчаў.

Тады спытаў Іван Падзерын:

— Скажы, а заместа каго ты свайго Рахіма хочаш ставіць? Заместа Чубара ці заместа Зазыбы от?

— Чаму заместа Чубара? — нібыта здзівіўся Раман. — Калгаса ж пры немцах не будзе, значыць і доўжнасці такой не будзе.

— Ага, значыць, валасным? — падказаў Сілка.

— Яшчэ невядома, — сказаў Раман Сёмачкін. — Ета ўжо немцы самі скажуць. Але магу на заклад пабіцца — болей ні сельсавета, ні калгаса не будзе!