Калі Зазыба прывёў на яе двор чырвонаармейцаў, жанчына спала: па ёй хоць і пярун, абы міма. Будзілі кладаўшчыцу доўга, нарэшце дастукаліся. Ганна падышла да акна, пазнала Зазыбу. Але на парог выйшла босая і ў сподняй.
— Ну, што табе? — спытала яна недавольна Зазыбу.
— Бензін во таварышам камандзірам патрэбны.
Ганна паварушыла плячамі і сказала з гуллівым шкадаваннем:
— А я думала, жаніхоў прывёў!
— Табе абы!.. — хацеў паўшчуваць Зазыба.
Але Ганна гучна засмяялася.
— Дак няма бяльзіну, — сказала яна такім голасам, быццам да гэтага толькі марочыла галовы. — Каб раней, дак можна было б. А цяпер няма. Газы, праўда, ёсць трохі. У кладавой стаіць.
— Што гэта... газа? — спытаў лейтэнант Зазыбу.
— Па-вашаму — карасін, — растлумачыў той.
— А бензіну няма?
— Дак ні каліўка бяльзіну, — зноў чамусьці на ўсю моц засмяялася Ганна. — Увесь аддалі, як машыну калгасную здавалі.
Вайскоўцы пачалі аб нечым перамаўляцца між сабой. Тады Зазыба выкарыстаў момант і цыкнуў на Ганну, як на нявестку:
— Пастыдалася б, голая выйшла!..
Ганна павяла плячамі, знарок сцепанулася.
— Накінула б на сябе што, — зноў буркнуў Зазыба.
Ганна прыціснула да гарачых бакоў сагнутыя ў локцях рукі і быццам з неахвотаю пайшла ў хату. Лейтэнант павярнуўся да Зазыбы.
— Матор у нас заглох, — сказаў ён. — Гаручага не хапіла. Думалі, у вас раздабудзем, а цяпер вось не ведаем, як быць.
— Каб быў, то не пашкадавалі б, — нібы апраўдваючыся, развёў рукамі Зазыба. — Каму-каму, а сваім не пашкадавалі б.
— А коні ў вас ёсць? — спытаў тады чырвонаармеец.
— Ёсць, — замест Зазыбы адказала Ганна, якая якраз вярнулася з хаты адзетая. — Праўда, ахрамелыя. Чырвонаармейскія. Нам іх пакінулі замест калгасных. І ўчора яшчэ траіх бралі. Але запрэгчы можна. Вядома, калі на начлег іх не павялі.
— Тады вось што, — сказаў Зазыбу лейтэнант, — вы нам пакажаце, дзе вашы коні, а яна, — ён кіўнуў на Ганну, — няхай прынясе керасін.
— Дык ета ж далёка ісці па яго! — устрывожылася Ганна.
— Што значыць далёка? — паглядзеў на яе лейтэнант.
— Да ажно ў самы канец вёскі! — сказала Ганна.
— А ты не ідзі вуліцай, — незалюбіў Зазыба, — ступай па загароддзю, дак бліжэй будзе.
— Буду я хадзіць уначы па загароддзі тваім!
— Палахлівая!..
— Ай палахлівая! Бяры сам ключы да ступай у кладавую!
— Ты, Ганна, не дуры, — строга сказаў Зазыба. — Я тама не ведаю, што і як шукаць у цябе.
— Знойдзеш, калі хота будзе.
Размову іхнюю перапыніў лейтэнант.
— Тады няхай ён ідзе з ёй, — прапанаваў лейтэнант і паказаў на чырвонаармейца.
— З праважатым пайду! — засмяялася Ганна і перастала ўпарціцца. Яна вярнулася ў хату, каб наказаць нешта свайму большаму хлопчыку, а тады лёгка, быццам бязважкая, збегла на пахаладалую зямлю па сходках невысокага, складзенага з драўляных круглякоў, ганка.
— Вядзі, — гукнула яна чырвонаармейца.
Ужо на вуліцы лейтэнант сказаў Зазыбу:
— Трэба хоць вывезці за вёску машыну, а то сталі пад вокнамі.
Коні былі на стайні, і Ганна дарэмна сказала, што іх маглі павесці на начлег — не да таго цяпер было. Коні стаялі на самым праходзе, паміж стойламі, і толькі аднавокая кабыла, якая нікому непатрэбна была, падышла да бакавых варот. Яна пачула людзей і ціха заржала. Зазыба ведаў калгасную стайню і таму без святла прайшоўся па ўсім праходзе.
— Што ў вас там, палутарка ці ЗІС, — кінуў ён лейтэнанту.
— «Тэ-дваццаць шэсць».
— Што? — не зразумеў Зазыба.
— Танкетка.
— А-а-а, вон што! Тады пачакайце, — Зазыба схадзіў у трысценак, прыбудаваны да стайні, вынес адтуль хамуты з доўгімі сырамятнымі пастронкамі і пачаў брытаць коні.
Тым часам у самым канцы вёскі гаварылі паміж сабой яшчэ два чалавекі — мясцовы селянін Парфён Вяршкоў і другі танкіст, які застаўся каля заглохлай танкеткі. Танкетка спынілася якраз насупраць Парфёнавай хаты, праехаўшы па вуліцы метраў чатырыста. Тое, што кончылася раптам гаручае, не з’явілася нечаканасцю для саміх танкістаў. Яны нават упэўнены былі, што некалі гэта павінна здарыцца, бо выбіраліся ў дарогу — ад Вераб’ёвай Рудні, што непадалёку ад Гардзееўкі, да Бесядзі — ужо амаль без гаручага. Камандаванню тэрмінова патрэбна было зрабіць глыбокую разведку да самай ракі, і камандзір батальёна, накіроўваючы танкістаў, папярэдзіў: