Выбрать главу

- Не! - як паранены, крычаў Магутны Арол. - Памыляўся гэты стары бязмозгi iдыёт Крумкач. Памыляўся! Плацiнавы Абруч не ключ да Праўды... Якая ж яна сама, гэта Праўда! Яна ж халодная i жахлiвая. Яна мёртвая... Аракулька, скажы, скажы, колькi яна каштуе, такая Праўда? Колькi яна каштуе, калi ёю не карыстацца...

* * *

I тут, на жаль, зноў пропуск: ноблы знiклi. Затое потым, да самага канца, Пасвячоны бачыў усё вельмi добра.

25

Аднойчы ясным павольным ранкам Магутны Арол, несвядома блукаючы па замку, выпадкова забрыў у кабiнет, дзе калiсьцi была Галоўная Канцылярыя. Ад крэслаў i сталоў засталося толькi ламачча, каваныя шафы аселi, заржавелi i раскляпалiся, з прагнутых палiц спаўзалi стосы тоўстых папак. Па сценах сцякала брудная слiзь, капала са столi, усё было зацягнута густым i лiпкiм павуцiннем. Адна з папак была раскрыта, i праз плесню i гнiль неразборлiва праглядвала наступнае:

"...высо...ша загадваю ў ...лейшым назы...ць поўн... iмем аквiла рэгiя iнвiктус максi... ..ма векi ...оў ...".

Ён апусцiўся на падлогу, побач з папкай. Прамiльгнула здзiўленне: няўжо гэта было калi-небудзь важна?

Доўгi час ён быў у нерухомым стане. Потым устаў i выйшаў. Хада яго была нечакана цвёрдая, позiрк мэтанакiраваны.

Ён падняўся на адну з яшчэ ўцалелых вежаў, стаў на ветры i пачаў абтрасацца, счышчаць з сябе гразь, i гэта заняло нямала часу. Нарэшце ён скончыў i зычна гукнуў унiз:

- Бывай, Аракулька! Бывай, Зязюля!

Потым узмахнуў крыламi, упэўнiўся, што моц у iх яшчэ ёсць, i ўзняўся ў паветра.

Было цiха i бязвоблачна. Ён ляцеў хутка, набiраючы вышыню, i ўбачыў нарэшце спераду палоску мора.

Мора было спакойнае. Адлiвам агалiлiся карычневыя камнi i блiшчэлi на сонцы. Пясчаная каса пад скалой ужо ўся выйшла з вады i абсыхала.

Ён апусцiўся на пясок i пачаў разграбаць яго. Выцягнуў Плацiнавы Абруч, абтрос i паклаў на пясок, далей ад ямы. Потым перадыхнуў, узяў Абруч у кiпцюры i паляцеў над морам.

Ляцеў ён да самага вечара. I калi сонца ўжо садзiлася на ваду, пачаў кругамi знiжацца. I вось за некалькi метраў ад паверхнi ён галавой дакрануўся да Плацiнавага Абруча i сказаў сваё апошняе жаданне:

- Хачу быць дафнiяй. Але дай мне арлом даляцець да маёй радзiмы.

I з гэтымi словамi ён раскрыў кiпцюры.

* * *

"Цуд! Адбыўся цуд, - паведамляе Пасвячоны. - Уяўляю супярэчлiвасць i ненавуковасць дадзенага слова, але не магу не вымавiць яго: так, адбыўся цуд. I я хоць i чакаў яго, i быў гатовы, але ў першыя iмгненнi не мог паверыць сваiм вачам: мы прыйшлi да зыходнага. А больш дакладна..."

26

Каля старога пня ў далёкiм лесе было спакойна i ўтульна. Вiлiся мяккiя водарасцi, цвiў па краях мох, пузырылася цiна. У вялiкiм мностве пасвiлiся ў вадзе амёбы, iнфузорыi i драпежныя цыклопы; яны здабывалi ежу, гулялi i грэлiся ў сонечным праменьчыку, калi той з'яўляўся.

I жыла памiж iмi дужа старая Вялiкая Дафнiя, якой гэтыя амёбы нiколi не баялiся, бо яна нiкога не чапала i ўвогуле паводзiла сябе так, нiбы нiкога не бачыла. Жыла яна ў шчылiне кораня i выходзiла з дому, толькi калi прыходзiў сонечны прамень. Яна складвала антэны i ножкi - атрымлiваўся такi вось шэры камячок - i, перасоўваючыся разам з промнем, драмала.

Ёй снiлiся дзiўныя сны. То мроiлася, што яна - Белая Рыба i жыве ў светлай рацэ, то, што яна - Шыпучая Змяя, то - вялiзарны Грозны Мядзведзь, i тады аднекуль даляталi галасы нейкiх разумнiкаў, якiя разважалi пра iнстынкты, i адзiн з iх плакаў. Часам жа ёй снiлася, што яна - Магутны Арол, якi лунае высока ў небе i горда аглядае зямлю, а зямля скрозь - блакiтная i зялёная. Але тут жа, у сне, адбывалася дзiўнае раздваенне; яна жыла нiбыта ў двух тварах: адзiн, што спiць, перажываў неверагодныя ператварэннi, а другi, што не спiць, назiраў за першым i добра разумеў, што гэта - няпраўда.

- Вядома, няпраўда, - мармытала сонная Дафнiя. - Бо заўсёды ж была непераадольная цяга да стаячай вады. Праўда, гэты вось, з дзюбай, дык ён саромеецца прызнавацца i на ўсе лады маскiруецца. Але ж я ўсё бачу i ўсё пра яго ведаю...

Яна мармытала нешта яшчэ, усмiхалася i прачыналася. Сон пужаў яе сваёй невымернасцю, у свядомасцi яшчэ плавалi адгалоскi незразумелага i зусiм выразна чуўся нейчы строгi голас...

"Ах ты, мой божа, - кожны раз, уздыхаючы, думала Вялiкая Дафнiя. - I што за напасць: адно i тое самае, адно i тое самае... I пра бессмяротнасць нейкая лухта..."

I тут памяць глухла канчаткова, Дафнiя пераварочвалася на другi бок i падстаўляла яго сонцу i зноў засынала, рухаючыся разам з промнем.

27

Калi замак разбурыўся настолькi, што не заставалася нiводнай нiшы, дзе можна было спакойна пасядзець, Зязюля вылецела з развалiнаў i ляцела да таго часу, пакуль уладаннi Магутнага Арла не засталiся далёка ззаду.

Тут зноў быў лес, i светлыя паляны, i цiхiя рэкi, якiя кiшэлi рыбай i iншай жыўнасцю. А пасярод лесу было зарослае балота са старым пнём. Зязюля пражыла тут нейкi час, знесла яйка i падклала яго ў чужое гняздо. А калi пераканалася, што яму тут няма нiякай пагрозы, яна пакiнула гэтыя краi i ўжо нiколi сюды больш не вярталася.

28

"Спынiўся эвальвентар, замерлi iншыя апараты, пагаслi экраны - эксперымент быў скончаны" - так пiша Пасвячоны.

Ноблы, сцвярджае ён, выглядалi цяпер змарнелымi, нават нiбы пастарэлi так абвастрылiся рысы iх твараў. Настаўнiк выняў з кiшэнi штаноў бамбукавую люльку i распалiў яе ад лазернай запальнiчкi. Маладыя пераглянулiся.

- Гэта, - растлумачыў ён спакойным голасам, у якiм, аднак, улоўлiвалася прыўзнятасць, - мясцовы звычай адзначаць канец працы.

Другi паглядзеў прасiцельна; Настаўнiк даў люльку; юнак зацягнуўся, выпусцiў дым.

- Гэта незвычайна, Настаўнiк.

- Пасля некалькiх сеансаў гэта робiцца жаданым.

- Настаўнiк! - Другi ўсмiхнуўся. - Што з сябе ўяўляюць "спецыфiчныя токi планеты Хi", пра якiя ты так часта ўпамiнаў?

- Iх вельмi многа - катэгорыi, падкатэгорыi, разрады, класы. Усё разам называецца словам "страхi". Iх можна адчуваць. Мы далёкiя ад такiх спраў, аднак жыхары Хi моцныя на розныя страхi.

- Па-мойму, я ўжо адчуваю...

- Настаўнiк! - стомлены позiрк Першага спынiўся на старэйшым. - Ты атрымаў i экранiзаваў iнфармацыю гэтай дзiўнай птушкi!

- Запiскi Крумкача? - задуменна перапытаў Настаўнiк. - У такiм разе як жа быць з той часткай экранiзацыi, якая iдзе за смерцю брамнiка?