9
Такiм чынам, Маленькая Дафнiя ўспомнiла пра Плацiнавы Абруч. А на другi дзень, калi сяброўка, якая засталася добразычлiўкай, прыйшла праведаць i супакоiць яе, жыллё было пустое. Чуткi пра гэта разышлiся па ўсiм вадаёме, знiклую пачалi шукаць, абшукалi ўсе зацiшныя куточкi, але так i не знайшлi. I вырашылi, што бедалага або ўтапiлася, або схавалася куды-небудзь, каб памерцi галоднай смерцю. Пачалося замяшанне, шмат каго грызла сумленне, пасыпалiся ўзаемныя папрокi ў бессардэчнасцi. Асаблiва дасталося законнiцы, якая першая прапанавала пакаранне маўчаннем - цяпер яе абвiнавачвалi ў тым, за што ўчора ўзносiлi: сумленнасць яе аб'яўлялася фанабэрыстасцю, рашучасць - нахабнасцю. I ўрэшце "Закон аб пакараннi маўчаннем" быў адменены назаўсёды. Дафнii гэтай ноччу спалi дрэнна: кожнай блюзнiлася, што менавiта яна вiнаватая ў пагiбелi Маленькай Дафнii.
А праз дзень невядома адкуль уварваўся вялiзарны i страшны Чорны Жук i сажраў зганьбаваную напярэдаднi законнiцу, а потым - тую самую суседку, што ўшчыпнула Маленькую Дафнiю. А яшчэ праз дзень дафнiй ахапiла яшчэ большая жудасць: з'явiўся другi Чорны Жук, i пачалiся, як кажуць, беды вялiкiя...
Аднак, хоць Пасвячоны i спыняецца вельмi падрабязна на гэтых бедах, нас пакуль што цiкавяць iншыя сферы.
Няма сэнсу расказваць, як уладальнiца таямнiцы дасягнула дна вадаёма (паўтарыць вопыт Старой Дафнii не складала, вiдаць, вялiкай цяжкасцi) i адсыпалася каля Плацiнавага Абруча. Толькi была яна ўжо не карычневай Маленькай Дафнiяй, а вялiкай Белай Рыбай.
Ачнуўшыся, яна ўбачыла ў Абручы сваё адлюстраванне i засталася задаволеная. Без шкадавання прыпомнiлася ёй лужына каля пня, прыгадалiся блошкi-дафнii, iх дробныя справы, дробненькiя жаданнi - усё iх дробнае-дробнае жыццё...
Белая Рыба пакружыла каля Абруча, апрабавала свае плаўнiкi i хвост i, задаволеная i гордая, паплыла па цячэннi, i яе панесла ў невядомыя краiны.
Яна пабывала ў вялiзарных вадаёмах, дзе багацейшая раслiннасць i такi разнастайны i дзiвосны свет новых суродзiчаў, што немагчыма было не здзiўляцца часам, калi сустракалася якая-небудзь пачвара - таксама рыба i з якой па непiсаных падводных законах трэба было прывiтацца.
Яна зведала прэсныя i салёныя воды; больш ёй спадабалася ў прэсных - тут да таго ж было i спакайней. Самым жа лепшым месцам аказаўся зацiшны куточак дзе-небудзь у стаячай вадзе, дзе чарот i цiна, дзе цень i злёгку пахне балотам. Трэба сказаць, што прыстойнасць патрабавала пагарды да падобных закуткаў, але што зробiш з натурай? Калi яе бачылi тут свае, яна рабiла выгляд, што заплыла сюды выпадкова, а калi была адна, то ўпiвалася асалодай, цiшынёй i змрокам або палявала на ўсялякi дробны зброд - сталых жыхароў гэтых мясцiн: жучкоў, лiчынак, павучкоў. Асаблiва ж яна адрознiвала дафнiй - яны тут былi не карычневыя, але гэта не мяняла справы: Белая Рыба цярпець не магла гэтай бесталкоўшчыны, што шныпарыла, гэтых убогiх стварэнняў, якiя нават плаваць як след не ўмелi. Яна iх жэрла сотнямi i не таму, што была такая ненасытная, - яе страшэнна раздражняў iх выгляд.
Калi-нiкалi Белая Рыба наведвала Плацiнавы Абруч, яна пакутлiва ўзважвала, што б яшчэ выпрасiць у яго, але далей багатай i смачнай ежы нi да чога не дадумвалася.
Ад Абруча да населеных вадаёмаў вёў вузкi i цёмны калiдор, а Белая Рыба так разбылася, што ўжо ледзь працiскалася праз яго, i таму здагадалася папрасiць Абруч перамясцiць самога сябе ў адну з яе любiмых затокаў, дзе было асаблiва цiха i заценена. Iншыя рыбы не любiлi сюды заплываць, такiм чынам, Плацiнавы Абруч быў i пад рукой, як кажуць, i надзейна схаваны ад пабочных вачэй.
Колькi б працягвалася яе такое жыццё, сказаць, вядома, цяжка. Але аднойчы яна наткнулася на Шчупака, якога бачыла ўпершыню, i, разгледзеўшы драпежны i галодны бляск варожых вачэй, кiнулася ўцякаць, не разбiраючы дарогi, i Шчупак доўга гнаўся за ёй, ляскаючы скiвiцамi i выдаючы жудасны свiст, ад якога мутнеў розум. Нарэшце Шчупак адстаў, але тут раптам выскачылi дзве выдры, якiх Белая Рыба таксама бачыла першы раз. Яна адчула, што i гэта - ворагi, i, сабраўшы апошнiя сiлы, нырнула ў глыбiню i iмчалася ўнiз, пакуль не ўрэзалася ў дно. Вакол было змрочна - так глыбока яна яшчэ не апускалася. Белая Рыба паляжала на глеi, сяк-так аддыхалася i пачала, трымаючыся ценю i зараснiкаў, рухацца ў бок дому. Але няшчасцi не пакiдалi яе: яна заблудзiлася.
Не будзем затрымлiвацца на ўсiх калдобiнах яе падарожжа. Выбiраць правiльны напрамак ёй дапамаглi падслуханыя размовы iншых жыхароў падводнага царства; часам яна нават адважвалася распытаць пра дарогу. Але самае галоўнае: яна ж разумела мову дафнiй, не магла яе забыцца, як нi старалася, i цяпер яна ёй ах як спатрэбiлася. Дафнii, вядома, языкатыя: заўсёды ў iх нейкiя дыспуты i абмеркаваннi, заўсёды - плёткi i крыватолкi пра таямнiчыя воды, незвычайныя здарэннi i iншае глупства; i ў большасцi выпадкаў яны не маюць нiякага ўяўлення аб тэме размовы. Белая Рыба непрыкметна прыстройвалася дзе-небудзь поблiзу i лавiла кожнае слова i такiм чынам даведвалася пра шмат карысных дробязей. Яна слухала чарговую дыскусiю, а потым яе ўдзельнiкаў з'ядала i плыла сабе далей. Аднойчы, напрыклад, дафнii гаманiлi пра тое, што нiбыта недзе ў невядомых краях таксама жывуць дафнii, ды толькi, бачыце, карычневыя. Жывуць яны, значыцца, у лужыне каля пня - уяўляеце сабе?! - i быццам даводзiцца iм туга: знiшчаюць iх два лютыя Чорныя Жукi, ужо зусiм, бедалагаў, мала засталося. I гэтак далей, i да таго падобнае...
Белая Рыба слухала, i нешта ёй прыгадалася - не асаблiва прыемнае. I каб не псаваць нерваў, яна накiнулася на шумны гурт i цалкам праглынула яго.
Iншым разам яна заўважыла жука, якi ёй нешта дужа нагадваў. Яна i яго з'ела, але ён быў на рэдкасць каляны i нясмачны.
Так яна, урэшце, i дабралася да сваёй затокi.
10
Плацiнавы Абруч быў на месцы. Ён сляпуча зiхацеў, а вакол стоўпiлася такая колькасць разявак, што вада аж кiпела. Яны заўважылi Белую Рыбу i ў панiцы пачалi разбягацца; яна ўрэзалася ў самую гушчу, аглушальна чвякнула, вытрашчыла вочы i так гакнула хвастом, што чорная муць паднялася густым воблакам i ў iм, як у пекле, знiклi ўсе цiкаўныя. Не трацячы часу, Белая Рыба падплыла да Абруча, дакранулася да яго i вымавiла:
- Хачу быць Шустрай Выдрай!
I адразу ж зрабiлася ёю.