Выбрать главу

Не, яна не захацела ператварыцца ў Шчупака - ёсць iстота, якой i Шчупак баiцца, i гэтая iстота - Выдра.

З гэтага часу пачалася паласа дзiвосных ператварэнняў былой Маленькай Дафнii. Па меры таго як яна рабiлася больш моцнай i дасканалай, больш моцнымi i дасканалымi рабiлiся яе жаданнi. Яе жыццёвы вопыт няспынна ўзбагачаўся, запасiлiся веды, розум. Пераходзячы з аднаго вiду ў другi, яна, вядома, запамiнала мовы, звычкi, схiльнасцi i такiм чынам рабiлася ўсё больш грозным працiўнiкам нiжэйшых вiдаў, з якiх сама паходзiць. Ды i для сваiх яна была не менш небяспечнай, бо ведала больш, думала глыбей i, значыцца, была разумнейшая за iх.

Першы вывад, якi яна зрабiла пасля некалькiх ператварэнняў, быў такi: у кожнага ёсць вораг больш дужы i лепш прыстасаваны да жыцця; але i ў гэтага ворага ёсць свой вораг, i ў таго - свой, i дзе канец - невядома.

I другi вывад зрабiла былая Дафнiя: жаданням - мяжы няма: дасягнуўшы аднаго, адразу хочацца другога, новага, i гэта таксама бясконца. Калi высвятлялася, што нехта дужэйшы за яе, яна неадкладна займала яго месца. I не толькi не хацела залежаць ад каго-небудзь або кагосьцi баяцца - яна ўжо не мiрылася i з роўнымi сабе.

А вось i трэцi вывад: немагчыма ўявiць нiчога больш вартага жалю i ўбогага, як тая Старая Дафнiя, якая першая знайшла Плацiнавы Абруч...

Яна па чарзе перабывала ў ролi Шыпучай Змяi, Змрочнай Пантэры, Раз'юшанага Вепра, Клыкастага Воўка i iншых ролях. Потым: нарэшце ператварылася ў Грознага Мядзведзя, бо ў трох краях не было нiкога больш магутнага i грознага, чым ён. Але толькi першы час яна адчувала задавальненне ад становiшча Грознага. Бо калi i Мядзведзь - мяжа, дык гэта вельмi сумна. Што бегае за мяжой?..

Так ён, цар лесу, i блукаў па гарах i далiнах, i не давала яму супакою думка: што далей?

11

Тры ноблы, паведамляе нам далей зачараваны Пасвячоны, спакойна глядзелi на экран.

- Якая алагiчная эвалюцыя, - нарэшце сказаў Першы. - Не, гэта не нашы лоны, нiчога нават прыблiзна падобнага няма.

- Што мы ўжо адзначылi, - адклiкнуўся Другi.

- Ты, выходзiць, лiчыш, - звярнуўся Настаўнiк да Першага, - што калi б гэта былi нашы лоны цi падобныя да нашых, то яны эвалюцыянавалi б у нас?

- Так, не думаў, што стары Спiу так звязаў цябе, - весела заўважыў Другi.

Першы сумеўся.

- Даўно... У першыя гады Студыi... Адным словам, тады я патаемна раскруцiў лонаў. Настаўнiк! Яны вымерлi! Нашы лоны вымруць!

- Мабыць, ты карыстаўся недасканалым, вучнёўскiм эльвентарам, - спакойна прамовiў старшы. - Гэта так?

- Так... Некалькi стадый прамiльгнула... Я ведаю - я не павiнен быў... Але такi вынiк... Вымiранне!.. Я гатоў сваю вiну...

- Спецыфiчныя токi планеты Хi, на якой ты не паспеў яшчэ адаптавацца, выклiкаюць парой перабольшанае пачуццё вiны.

- Спецыфiчныя токi Хi, - нiбы рэха, адклiкнуўся Другi.

Першы апусцiў галаву...

* * *

На экране брыў па лясным гушчары калматы чорны мядзведзь; ён быў змрочны i сумны. I раптам паказалiся маляўнiчае возера, травянiсты беражок, сонечнае неба i на беразе - тры iстоты.

Гэта было апоўднi. Iстоты сядзелi колам, пiлi нешта, любавалiся прыродай i гутарылi. Усе тры - мужчыны.

Адзiн пiў гарбату з чарнiчным сочывам i ўпэўнена казаў, што ўсё на свеце грунтуецца на iнстынктах, бо iнстынкты непераходныя.

- Адсюлека што выходзiць? - пытаўся ён. - Што i як? А тое выходзiць, што немагчыма пра iнсцiкт сказаць, што гэны вось, значыцца, добры, а гэны - цьфу. Дык гэныя самыя яны, як адзiн, цi, па-вашаму, добрыя ўсе, - нiкудышныя.

Другi пiў гарбату з мёдам i нiзашто не згаджаўся з iм.

- Гэнта твая кансэпцыя няправiльная. Як кажуць, ва ўсёй сваёй паўнаце. Тут жа, да прыкладу, калi ж па-тваёму, то акурат выходзiць, што ўсё ўсем можна. Так? Так. А як жа так вось можна? Гэнтыя самыя, як ты кажаш, iсцiнты нельга пушчаць на самацёк. Вунь, возьмем, баба ў мяне...

- Iовi энд бовi! - усклiкнуў трэцi з прыяцеляў. - Каралi i капуста! Усё так. - Ён быў самы худы i стары i самы нязграбны з трох; ён пiў гарбату, падлiваючы ў свой кубак нешта з фляжкi, якую вымаў з унутранай кiшэнi i хаваў назад. - Iовi энд бовi.

- Бач? - сказаў той, што пiў з мёдам. - Падтрымлююць мяне. Калi ж для карысцi вобчаства, дык трэбаць гэнтыя iсцiнты падзялiць. Каторыя карысныя туды, - i ён паставiў свой кубак перад худым, - а каторыя некарысныя або, як кажуць, шкадлiвыя, гэнтыя пушчай iдуць сюды. - I кубак худога апынуўся перад прамоўцам, i той адразу спорна адпiў.

- А хто ж табе скажаць, якi iнсцiкт карысны, а якi храновы? - усмiхнулася чарнiчнае сочыва.

- Дык трэба ж глядзецi, глядзецi! - загарачыўся мёд. - Глядзецi! А як жа? Добраму - калi ласка, просiм. А каторы кепскi - стоп, хэндэ хох. А то адзiн гэны толькi хавус выйдзець. Баб вунь распусцiлi...

- Аддай мой кубак, - сказаў худы i заплакаў.

Злоўлены пакрыўдзiўся, сказаў, што манiпуляцыя з кубкамi патрэбна была для нагляднасцi, адпiў яшчэ крыху, потым аднавiў статус кво i панура працягваў:

- Бабам волю дай, iм дай волю...

- Воля, - усё яшчэ ўсхлiпваючы, працягваў худы. - Iнсургенты. Iовi энд бовi.

- Ну а мужыкам яе дай? - спытаўся вiноўнiк спрэчкi. - Дай iм, i што будзе?

- А нашто яна мне? На якi? Куды я пайду? А баба пойдзець - нiшто не ўтрымаець...

- Воля! - яшчэ раз паўтарыў худы, супакоiўся, лёг на спiну i дадаў з палёгкай: - Вунь у каго воля! Вунь ён! Арол-бацюхна. Кружыць сабе! Паглядвае! Прасторна наверсе. I нi да чога нашага справы няма. Гэта - воля! - I, скончыўшы, ён адразу заснуў як забiты.

- Ты яво беражы, - сказала чарнiчнае сочыва. - Высокага палёту быў.

- Быў ды сплыў, - помслiва ўсмiхнуўся мёд.

- Ты за iм як за каменнай сцяной.

- А ты?

- Я маўчу.

- Каторыя маўчаць, ваны не падзуджваюць.

- Хто ж падзуджаiць?

- А пра iсцiнты хто пачаўшы? Думаеш, я не паняўшы? Iсцiнты! Ваны вось яво i даканаўшы. А за iм i нас з табою.

- А ты мяне з сабою не раўняй!

- Ах-ах, цаца!

- Гэта паскудства, калега! - пакрыўджана змянiлася чарнiчнае сочыва. - Я ж знарок пачаў зусiм пабочную гаворку, каб адцягнуць яго ўвагу ад думак пра ўласнае падзенне, а вы...

- Ад паскуды чую, калега, - не застаўся ў даўгу мёд. - Вы не стамiлiся аплакваць сябе, я ведаю. I вам не церпiцца каго-небудзь абвiнавацiць у сваiх няўдачах.

- Гэта вы няўдачнiк, а ў мяне вынаходнiцтвы ёсць!

- Якая ж цана вашым талентам, калi вы трымалiся толькi дзякуючы яму.