Анатоль Кудласевіч
Плакун-трава
Вершы, пародыі
Падрыхтаванае на падставе: А. Кудласевіч Плакун-трава. – Мн.: Незалежная выдавецкая кампанія “Тэхналогія”, 1993, - 180 с.
Рэцэнзент Мікола Федзюковіч
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
ПАЧАТАК УЗЫХОДЖАННЯ
Першая кніга вершаў. Рэдка хто здагадваецца, колькі надзей і асцярогаў звязвае з ёю аўтар. Упершыню сабраны разам творы, расціданныя па газетных і часопісных старонках, упершыню сабраны радкі, яшчэ нідзе не надрукаваныя, вядомыя толькі самому паэту ды яго блізкім. За кожным вершам падзея або выпадак, за кожным радком перажыванне або пачуццё — усё гэта памяткна аўтару, усё гэта жыва стаіць перад ягоным позіркам… Але ці гэтак жа ўспрыме яго творы патрабавальны чытач? І тады пачуцці, якія перапаўнялі паэтава сэрца, і думкі, якія яго непакоілі, пададуцца чытачу бясколерна-збедненнымі?
Мяркую, што гэтыя трывогі і хваляванні, натуральныя для дэбютанта, не абмінуць аўтара зборніка, які зараз разгорне чытач. Але ўпэўнены таксама, што яны, на шчасце для ўсіх нас, акажуцца марнымі. Анатоль Кудласевіч уваходзіць у паэзію са сваім арыгінальным, незапазычаным словам. Ён мысліць рэзкавата і своеасабліва, адчувае глыбока і востра, і часцяком ягоны верш бывае калючым — у ім расце паэт бескампрамісных рашэнняў. Але можа ён быць і надзвычай лірычным: не так даўно на яго нахлынула лірычная хваля, і ён знайшоў уласны матыў у яе пракаветным шуме. Энергічны, моцны і каструбаваты верш А. Кудласевіча добра адпавядае ўнутраннаму стану чалавека, які прывучае сябе ісці па лініі найбольшага супраціўлення, не губляючы пры гэтым ніводнага з лепшых душэўных якасцяў.
Плоць ад плоці родный Беларусі, Анатоль Кудласевіч усё ж не абмяжоўваецца ў сваёй творчасці нацыянальнай тэматыкай. Гады вучобы ў Літаратурным існстытуце імя М. Горкага ў Маскве значна пашырылі ягоны кругагляд, далі яму магчымасць супастаўляць і параўноўваць грамадскія з’явы, падзеі. І цяпер нават тыя яго вершы і песні, што па-ранейшаму звернуты да заходне-беларускіх ніў і лясоў, дыхаюць вятрамі ўсёй нашай незалежнай краіны.
А. Кудласевіч працавіты і настойлівы, але гэтыя выдатныя якасці нішто для паэта, калі яны не падмацаваны прыроднай таленавітасцю. Пры гэтай жа ўмове яны бясцэнныя памочнікі. Талент без іх часцяком глухне ці пускаецца на вецер. А. Кудласевіч, на шчасце, спалучае ў сабе і талент, і працалюбства, і энергію. Гэта сур’ёзны залог таго, што ён можа многага дасягнуць і многае зрабіць у літаратуры.
Анатоль Кудласевіч валодае добрым творчым патэнцыялам, і я ўпэўнены, што ягоную кнігу верашаў чытач успрыме як удалы пачатак на шляху паэтычнага ўзыходжання.
Травень 1993 Мікола ФЕДЗЮКОВІЧ