Выбрать главу

Абавязак планеты, з якой падаў голас гэты чалавек, безумоўны i адзiны абавязак яе быў - паведамiць нам дакладныя дадзеныя для вылiчэння нашага месцазнаходжання сярод зор. А дадзеныя гэтыя аказалiся памылковымi. А пра ўсё астатняе ёй бы пакуль памаўчаць. I Неры напiсаў мне: "Замест таго каб займацца глупствам, лепей прывялi б нас куды-небудзь..." "Яны" азначала для яго ўсе народы зямлi з iхнiмi ўрадамi, сенатамi, армiямi i iмператарамi. I, перачытваючы паведамленне гэтага недарэкi, якi намерваўся расправiцца з намi, мы павярнулi на Меркурый.

Мы ўратавалiся зусiм выпадкова i сама дзiўным чынам: страцiўшы надзею даляцець да Сiснероса i прастуючы ў кiрунку да берага, я вырашыў трымацца гэтага курсу датуль, пакуль хопiць гаручага. Такiм чынам я аберагаў нейкi шанц на тое, што не ўпадзём у мора. На няшчасце, мае прывiдныя здрадлiвыя маякi завялi мяне богведама куды.

I, на няшчасце, густы туман, у якi мы былi б змушавы ныраць ў поўнай слепаце, пакiдаў нам няшмат шанцаў на шчаслiвае прызямленне. Але я не меў выбару.

Сiтуацыя была такая ясная, што я абыякава пацiснуў плячыма, калi Неры перадаў мне вестку, якая гадзiнай раней магла б выратаваць нас: "Сiснерос адважваецца вызначыць, дзе мы. Сiснерос мяркуе: прыблiзна 216..." Сiснерос ужо не быў затоены ў цемры, Сiснерос, ужо чулы на дотык, быў недзе там, злева ад нас. Так, але цi далёка да яго? Мы з Неры параiлiся. Надта позна. Мы абодва разумелi гэта. Ляцець на Сiснерос азначала б павялiчыць нашу рызыку страцiць бераг. I Неры адказаў: "Гаручага засталося ўсяго на гадзiну, трымаем курс 93".

А тым часам пасадачныя пляцоўкi адзывалiся адна за адной, у нашу размову ўступалi галасы Агадзiра, Касабланкi, Дакара. Радыёстанцыi кожнага горада выклiкалi аэрапорты. Начальнiкi аэрапортаў выклiкалi нашых таварышаў. I спакваля яны сабралiся вакол нас, як ля пасцелi хворага. Бескарысная спагада, але ўсё-ткi спагада, як бы там нi было. Бясплённыя парады, але колькi ў iх пяшчоты!

I нечакана здалёку, за чатыры тысячы кiламетраў ад нас, падала голас Тулуза, галоўны аэрадром. Тулуза з ходу, без нiякага ўступу ўварвалася да нас: "Iндэкс вашага самалёта - Ф... (Цяпер ужо не помню нумар.)" - "Так". - "Тады ў вашым распараджэннi гаручага яшчэ на дзве гадзiны. Бак гэтай машыны не стандартны. Курс на Сiснерос".

Так патрабаваннi, якiя выстаўляе рамяство, пераўтвараюць i ўзбагачаюць свет. Але зусiм не абавязкова перажыць падобную ноч, каб пiлоту ў звычайных з'явах адкрыўся нейкi новы сэнс. Аднастайны пейзаж за акном стамляе пасажыра, але ён зусiм iнакшы для экiпажа самалёта. Гэтая воблачная смуга, якая зацягвае далягляд, перастае быць для яго проста малюнкам: яна праявiць цiкавасць да яго мускулаў i паставiць перад iм нялёгкiя задачы. I ён ужо лiчыцца з гэтым, ён вымярае яе, сапраўдны дыялог завязваецца памiж iмi. Вось горная вяршыня, да яе яшчэ далёка: чым яна яго сустрэне? Пры святле месяца яна стане ёмкiм арыенцiрам. Але калi лётчык вядзе машыну ўсляпую, з цяжкасцю выпраўляе адхiленнi ад курсу i сумняваецца ў сваiм месцазнаходжаннi, вяршыня абернецца выбухам, яна запоўнiць небяспекай усю бязмежную ноч, як адна плывучая мiна, што дрэйфуе па волi плынi, робiць небяспечным цэлае мора.

Гэткi зменлiвы i акiян. Для звычайных падарожнiкаў бура застаецца нябачнай: з вышынi не вiдно, як узнiмаюцца валы, i залпы вадзяных пырскаў здаюцца нерухомымi. Толькi разбухаюць вялiзныя белыя пальмавыя лiсты, спярэшчаныя прожылкамi i завусенiцамi, абведзеныя нечым накшталт гелю. Але экiпаж самалёта разумее, што тут на ваду не сядзеш. Гэтыя пальмы для яго - што вялiзныя ядавiтыя кветкi.

I нават калi палёт праходзiць удала, пiлот на сваiм адцiнку трасы не проста глядач. Гэтыя фарбы зямлi i неба, гэтыя сляды ветру на моры, гэтыя залачавыя аблокi змяркання, - ён зусiм не любуецца iмi, ён разважае над iмi. Падобна селянiну, якi абыходзiць свае ўладаннi i па тысячах прыкмет прадбачыць прыход вясны, моцныя замаразкi цi дождж, вопытны лётчык таксама прадбачыць па прыкметах блiзкую завею, туман цi ясную, пагодную ноч. Напачатку здавалася самалёт не дае чалавеку расшыфроўваць мову прыроды, але не, яшчэ ўладарней становяцца яе вялiкiя законы. Навальнiчнае неба выклiкае пiлота на суд стыхiй - i, самотны, ён змагаецца за свой груз з трыма прадвечнымi багамi: з гарамi, морам i бурай.

II. ТАВАРЫШЫ

1

Некалькi маiх таварышаў, у тым лiку i Мермоз, праклалi праз няскораныя раёны Сахары авiялiнiю Касабланка - Дакар. Маторы тады былi ненадзейныя. Аднойчы, пацярпеўшы аварыю, Мермоз трапiў да маўраў; яны не адважылiся забiць яго, два тыднi патрымалi ў палоне, потым за выкуп адпусцiлi. I Мермоз зноў стаў вазiць пошту над тымi ж раёнамi.

Калi была адкрыта паветраная сувязь з Паўднёвай Амерыкай, Мермозу першаму, як заўсёды, было даручана вывучыць маршрут ад Буэнас-Айрэса да Сант'яга i, як раней над Сахарай, перакiнуць мост па-над Андамi. Яму даверылi самалёт, якi мог набiраць вышыню пяць тысяч дзвесце метраў. Вяршынi Кардыльераў сям-там уздымаюцца да сямi тысяч метраў. I Мермоз адарваўся ад зямлi, каб адшукаць праходы. Перамогшы пяскi, Мермоз пайшоў на прыступ гор, узнесеных у неба вяршынь, якiя пры ветры развiнаюць свае снежныя вэлюмы i праднавальнiчную iмглу, i завiхрэннi мiж адвесных скал такiя рэзкiя, што здаецца, уступаеш у нейкi бой на нажах. Мермоз увязваўся ў гэтыя баi, не маючы ўяўлення пра супрацiўца, не ведаючы, цi выходзяць жывымi з такiх паядынкаў. Мермоз "выведваў" для iншых.

I аднойчы, "выведваючы", ён апынуўся ў палоне ў Андаў.

Сеўшы на вышынi чатыры тысячы метраў на плато з вертыкальнымi адхонамi, ён разам са сваiм механiкам два днi сiлiўся вырвацца адтуль. Дарма: яны былi ў пастцы. Тады яны паставiлi на карту апошнi свой шанец, скiравалi самалёт у бок прорвы, пракалацiлiся па камянiстым грунце i сарвалiся ў бяздонне. Падаючы, самалёт нарэшце набраў хуткасць, дастатковую, каб зноў падпарадкавацца кiраванню. Мермоз выраўняў яго акурат насупраць нейкай скалы, але ўсё-такi зачапiў яе вяршыню i, разлiваючы ваду з усiх лопнутых ад марозу ўначы патрубкаў, ужо пашкоджаны, пасля сямi хвiлiн лёту, як да зямлi абяцанай, дабраўся да чылiйскай далiны.

На другi дзень ён пачаў усё спачатку.

Калi Анды былi належна асвоены, калi была добра вывучана тэхнiка пералётаў, Мермоз перадаў гэты маршрут свайму таварышу Гiёмэ i ўзяўся асвойваць ноч.

Тады яшчэ нашы аэрадромы не асвятлялiся так, як зараз, на пасадачных пунктах ноччу Мермозу рыхтавалi скупую iлюмiнацыю з трох бензiнавых вогнiшчаў, раскладзеных у шнур.

Ён i тут выйшаў пераможцам i праклаў дарогу iншым.

Калi i ноч была прыручана як след, Мермоз узяўся за акiян. I ў 1931 годзе пошта ўпершыню была дастаўлена iм з Тулузы ў Буэнас-Айрэс за чатыры днi. Вяртаючыся назад, Мермоз пацярпеў аварыю ў цэнтры Паўднёвай Атлантыкi над расшалелым морам. Выратавала яго адно судна, яго самога, пошту i экiпаж.

Гэтак Мермоз скараў пяскi i горы, ноч i мора. Не раз пяскi i горы, ноч i мора паланялi яго. Але калi ён вяртаўся, то заўсёды для таго, каб зноў узлунаць у неба.

I вось аднойчы, па дванаццацi гадах работы, калi ён у каторы ўжо раз пералятаў Паўднёвую Атлантыку, ён коратка паведамiў, што сапсаваўся правы матор. Затым усталявалася цiшыня.

Спачатку вестка не вельмi занепакоiла, аднак пасля дзесяцi хвiлiн маўчання ўсе радыёстанцыi авiялiнii ад Парыжа да Буэнас-Айрэса пачалi свае трывожныя пошукi. Бо калi дзесяць хвiлiн спазнення не маюць нiякага значэння ў будзённым жыццi, у паштовай авiяцыi яны набываюць змрочны сэнс. У сэрцавiне гэтага мёртвага часу тоiцца нейкае здарэнне. Нязначнае цi трагiчнае, цяпер яно ўжо адбылося. Лёс зачытаў свой вырак, i вырак гэты абскарджанню не падлягае: жалезная рука прывяла лётны экiпаж цi да прываднення без сур'ёзных вынiкаў, цi да катастрофы. Але вырак яшчэ не падпiсаны для тых, хто чакае.

Хто з нас не перажыў гэтых спадзяванняў, з кожнай хвiлiнай усё болей кволых, гэтай цiшы, якая спакваля запаўняе сабой усё на свеце, як фатальная хвароба? Мы спадзявалiся, але час iшоў, неўпрыкметку i звечарэла. I нам стала ясна, што нашы таварышы не вернуцца болей, што яны ўжо спачывалi ў гэтай Паўднёвай Атлантыцы, над якой яны так часта ўзворвалi неба. Сумненняў не было, Мермоз скончыў сваю працу i, як жней, якi, сумленна звязаўшы сноп, засынае на сваёй нiве, - набыў вечны спакой.