Выбрать главу

Так цi iнакш, Зiра, убачыўшы мой чарцёж, мала не закалацiлася. Яна дзiка ўскрыкнула, пысачка ў яе зрабiлася зусiм пурпуровая. Толькi калi ўстрывожаныя Зарам i Занам кiнулiся ёй на дапамогу, шымпанзэ здолела авалодаць сабою. I тут Зiра павяла сябе, як мне здалося, дзiўна: кiнуўшы на мяне ўпотайкi кароткi позiрк, хутка i спрытна схавала мой малюнак i чарцёж, потым сказала нешта гарылам, i тыя выйшлi з памяшкання. Я зразумеў, што яна загадала iм выйсцi пад нейкiм зручным прэтэкстам. Пасля шымпанзэ пацiснула мне руку, i жэст гэты меў зусiм iншае значэнне, чым раней, калi яна проста ласкала мяне, як сiмпатычнага звера за тое, што ён дагадзiў ёй сваёй кемлiвасцю. Нарэшце яна з умольным выглядам працягнула мне блакнот i ручку. Цяпер ужо ёй самой не цярпелася наладзiць са мною кантакт.

Я падзякаваў у глыбiнi душы Пiфагору i паглыбiўся ў геаметрыю. На адной старонцы я як мага больш старанна начарцiў тры канiчныя вытворныя з iх вяршынямi i накiравальнымi: элiпс, парабалу i гiпербалу. На другой начарцiў конус. Тут я хачу нагадаць, што перасячэнне конуса плоскасцямi ўтварае ў плане менавiта адну з гэтых вытворных, у залежнасцi ад вугла перасячэння. Таму я дамаляваў да конуса перасякаючую плоскасць пад пэўным вуглом i, звярнуўшыся да першага чарцяжа, паказаў уражанай шымпанзэ на элiпс, якому адпавядала гэтае сячэнне.

Зiра вырвала блакнот у мяне з рук, начарцiла ў сваю чаргу конус, перасечаны плоскасцю пад iншым вуглом, i ўказала мне сваiм доўгiм пальцам на гiпербалу. Я так расхваляваўся, што на вачах у мяне выступiлi слёзы. Я сутаргава сцiснуў шымпанзэ руку. Нова, якая адступiла ў глыбiню клеткi, люта заенчыла. Iнстынктыўна дзiкунка ўлоўлiвала сэнс таго, што цяпер адбывалася. Яна не памылялася. Праз пасрэднiцтва геаметрыi памiж мною i Зiраю ўсталяваўся духоўны кантакт. Я меў ад гэтага амаль фiзiчную асалоду i адчуваў, што шымпанзэ таксама ўзрадаваная.

Раптам яна вырвала ў мяне сваю лапку i выскачыла з аддзялення. Адсутнiчала яна нядоўга, але ўвесь гэты час я правёў бы ў сне, не смеючы ўзняць вачэй на Нову, якая з бурчаннем кружляла вакол мяне: я ўсё-такi адчуваў сябе вiнаватым перад ёю.

Калi Зiра вярнулася, я ўбачыў, што яна прынесла мне малявальную дошку з замацаваным на ёй вялiкiм аркушам паперы. Падумаўшы трохi, я вырашыўся адкрыць Зiры ўсю праўду.

У адным куце аркуша я намаляваў сiстэму Бетэльгейзе - такой, як яна ўяўлялася нам з зоркалёта: гiганцкае сонца ў цэнтры, а вакол яго - чатыры планеты. Асаблiва старанна намаляваў я Сарору з яе маленькiм спадарожнiкам, дакладна вызначыўшы месцазнаходжанне планеты ў прасторы. Ткнуўшы пальцам у яе выяву, я паказаў на Зiру. Тая зрабiла знак, што цудоўна ўсё зразумела. Тады ў другiм куце аркуша я намаляваў нашую старую добрую Сонечную сiстэму з яе асноўнымi планетамi. Пасля паказаў на Зямлю i прыставiў палец да сваiх грудзей.

Тут Зiра завагалася. Паказаўшы ў сваю чаргу на Зямлю, яна ўзняла палец уверх, да неба. Я кiўнуў галавою. Шымпанзэ была ў недаўменнi, нiяк не магла паверыць. Тады я з'яднаў Зямлю з Сарораю пункцiрнай лiнiяй i намаляваў на ёй у другiм маштабе наш зоркалёт. Гэта быў для шымпанзэ нiбыта прамень святла ў цемры! Цяпер ужо Зiра ведала, хто я такi i адкуль. Яна рванулася да мяне, але тут у канцы калiдора з'явiўся Заюс: ён iшоў на чарговы агляд падвопытных. Ад страху вочы ў шымпанзэ сталi круглыя. Зiра iмгненна згарнула аркуш паперы, сунула ў кiшэню блакнот i, пакуль арангутан яшчэ не наблiзiўся, паспела ўмольна прыкласцi палец да вуснаў: яна раiла мне не адкрывацца перад Заюсам. I я падпарадкаваўся ёй, хоць i не разумеў, навошта ўся гэтая таямнiчасць. Але я быў упэўнены, што з гэтага дня Зiра - мая саюзнiца, i зноў прыкiнуўся разумнай жывёлiнай.

Раздзел II

З таго часу дзякуючы Зiры я пачаў рабiць вялiкiя поспехi ў вывучэннi малпавай мовы i культуры. Пад выглядам новых, асобых тэстаў Зiра амаль штодня заставалася са мною сам-насам. Яна ўзялася вучыць мяне сваёй мове i ў той самы час засвойвала французскую з дзiўнай лёгкасцю. Менш чым праз два месяцы мы ўжо маглi свабодна размаўляць на сама розныя тэмы. Патроху перада мною адкрываўся духоўны свет Сароры, яе дзiўная цывiлiзацыя, якую я паспрабую абмаляваць тут у агульных рысах.

Толькi мы з Зiраю пачалi разумець адно аднаго, як я адразу ж паспяшаўся задаць галоўнае пытанне, што цiкавiла мяне:

- Няўжо малпы - адзiныя разумныя iстоты, цары прыроды на гэтай планеце?

- Цябе гэта здзiўляе? - сумелася яна. - Вядома, малпа - адзiная iстота, якая ўмее думаць, надзелена не толькi целам, але i душою. Сама зацятыя матэрыялiсты з нашых вучоных i тыя прызнаюць асобую сутнасць малпавай душы.

Кожнага разу я ледзь не падскокваў ад падобных выказванняў, хоць, здавалася, можна было б ужо i прывыкнуць.

- Але скажы, Зiра, хто ж тады людзi?

Я ўжо згадваў, што яна хутчэй засвойвала маю мову, чым я iхнюю, таму ў першыя днi мы гаварылi толькi па-французску i адразу ж перайшлi iнстынктыўна на "ты". Спачатку было цяжка прызвычаiцца да таго, што словы "чалавек" i "малпа" маюць для нас розны сэнс, але гэта хутка перастала нам замiнаць. Кожны раз, калi Зiра казала "малпа", я перакладаў сам сабе: вышэйшая iстота, вяршыня эвалюцыi. Калi ж яна гаварыла пра людзей, я ведаў, што гаворка iдзе пра жывёл, якiя, праўда, надзелены iмiтацыйным iнстынктам i маюць пэўнае анатамiчнае падабенства да малпаў, аднак менавiта ўсё ж пра жывёл з прымiтыўнай псiхiкай i свядомасцю.

- За апошнiя сто гадоў, - апавядала мне прафесарскiм тонам Зiра, - мы дамаглiся адмысловых поспехаў у даследаваннi паходжання вiдаў. Раней лiчылася, што вiды - нязменныя, што ўсе iстоты застаюцца такiя, якiмi выпусцiў iх у свет усемагутны творца. Але цэлая плеяда вялiкiх вучоных - усе яны былi шымпанзэ прымусiла нас поўнасцю перагледзець свае погляды на гэты конт. Цяпер мы ведаем, што ў блiзкiх вiдаў быў, напэўна, агульны продак.

- Значыцца, малпа паходзiць ад чалавека?

- Некаторыя так i лiчаць, але на справе ўсё шмат больш складана. Малпа i чалавек на пэўным этапе эвалюцыi стварылi дзве розныя галiны: адна працягвала развiвацца i паступова дасягнула вяршынь розуму, другая ж застыла на ўзроўнi чалавечага свету. Зрэшты, многiя арангутаны ўсё яшчэ адмаўляюць гэтую вiдавочную iсцiну.

- Ты сказала, Зiра... цэлая плеяда вялiкiх вучоных - i ўсе шымпанзэ?..

Я перадаю нашыя гутаркi такiмi ж спантаннымi, якiмi яны i былi: iмкнучыся даведацца як найхутчэй пра ўсё, я задаваў сама розныя пытаннi, на якiя Зiра падоўгу адказвала.

- Амаль усе вялiкiя адкрыццi зроблены шымпанзэ, - з запалам пацвердзiла яна.

- У малпаў ёсць касты?

- Iснуюць тры групы - ты ўжо гэта, пэўна, заўважыў, - кожная са сваiмi ўласцiвасцямi: шымпанзэ, гарылы i арангутаны. Расавыя бар'еры, якiя былi памiж iмi раней, i ўзаемная варожасць, якую яны ўзбуджалi, знiшчаны дзякуючы пераважна намаганням шымпанзэ. Сёння ўсе тры расы ў прынцыпе роўныя.

- Але большая частка вялiкiх адкрыццяў зроблена ўсё-такi шымпанзэ?

- Натуральна.

- А хто такiя гарылы?

- Пажыральнiкi мяса, - сказала яна з пагардаю. - Некалi яны былi феадальнымi князькамi, i ў многiх дагэтуль захаваўся смак да ўлады. Яны без памяцi любяць арганiзоўваць i кiраваць. Сiбарыты. Любяць паляванне. А бяднейшыя наймаюцца на працу, якая вымагае вялiкай фiзiчнай сiлы.

- А што ты скажаш пра арангутанаў?

Зiра ўважлiва паглядзела на мяне, потым зарагатала.

- Iхняя справа - афiцыйная навука. Ты ўжо ў гэтым пераканаўся i, думаю, будзеш мець магчымасць пераканацца яшчэ не раз. Яны ведаюць практычна ўсё, што можна вычытаць з кнiг. Усе яны ўшанаваныя рознымi ўзнагародамi. Некаторыя лiчацца нават буйнымi знаўцамi ў якой-небудзь вузкай галiне, дзе патрабуецца добрая памяць. Што ж да астатняга...

Тут Зiра пагардлiва махнула рукою.

Я не стаў настойваць, вырашыўшы, што мы яшчэ паспеем пагаварыць пра гэта. А пакуль што я вярнуўся да больш агульных пытанняў. Па маёй просьбе Зiра намалявала генеалагiчнае дрэва малпаў, як яго ўяўляюць лепшыя спецыялiсты. Яно было досыць падобнае на нашыя схемы эвалюцыi вiдаў. Ад агульнага ствала, пачатак якога губляўся ў невядомасцi, аддзялялiся паслядоўна розныя галiны раслiны, аднаклеткавыя арганiзмы, кiшачна-поласцевыя, iгласкурыя; вышэй размяшчалiся рыбы, рэптылii i, нарэшце, сысуны. Далей вызначаўся клас, аналагiчны класу нашых чалавекападобных. Ад яго адыходзiла галiна чалавека бакавая i кароткая. Тым часам цэнтральны ствол працягваў расцi i разгалiноўвацца на розныя вiды дагiстарычных малпаў з цяжка прамаўляльнымi назвамi i, нарэшце, заканчваўся вiдам simie sapiens з трыма вяршынямi эвалюцыi: падвiдамi шымпанзэ, гарыл i арангутанаў.