Выбрать главу

Жанчына змоўкла, потым загаварыла мужчынскiм голасам:

"Мне здавалася, я знайшоў сродак супраць рака. Я хацеў выпрабаваць яго, як рабiў гэта з кожным сваiм адкрыццём. Я быў асцярожны, але ўжо не такi, як раней. Апошнiм часам мае малпы дазвалялi рабiць над сабою вопыты з вялiкаю неахвотаю. Таму, перш чым увайсцi ў клетку Жоржа, шымпанзэ, я папрасiў двух асiстэнтаў звязаць яго як след. Пасля наблiзiўся да яго, каб упырснуць яму ўзбуджальнiк рака. Я ж усё роўна вылечыў бы яго пасля! У Жоржа быў такi выгляд, быццам ён скарыўся лёсу. Ён зусiм не супрацiўляўся, але хутка я прыкмецiў, што яго хiтрыя вочкi сачылi за тым, што адбывалася ў мяне за спiнаю. Спахапiўся я надта позна. Гарылы, шэсць гарыл, якiя былi ў мяне ў запасе для вопытаў з чумою, вырвалiся на волю. Гэта была змова! Яны схапiлi нас. Жорж аддаваў загады на нашай мове. Ён дакладна капiраваў усе мае рухi. Загадаўшы гарылам прывязаць нас да аперацыйных сталоў, а яны зрабiлi гэта ўмомант, набраў у шпрыц смяротную вадкасць i ўвёў яе нам у кроў, усiм траiм. Цяпер у мяне рак. Гэта пэўна: антыракавы сродак яшчэ не правераны, а смяротная сываратка даўно ўжо даказала сваю эфектыўнасць. Упырснуўшы мне поўную дозу, Жорж па-сяброўску паляпаў мяне далонню па шчацэ, як рабiў гэта заўсёды я са сваiмi малпамi. Мы ж з iмi заўсёды добра абыходзiлiся. Я лiчыў больш эфектыўным дамагацца свайго не пагрозаю, а ласкаю. Праз некалькi дзён, седзячы ў клетцы, куды мяне замкнулi, я адчуў першыя сiмптомы хваробы. Жорж таксама распазнаў iх: я чуў, як ён казаў iншым малпам, што пачне ўжо лячыць мяне. Я ажно пахаладзеў ад жаху. Я ж усё роўна ведаю, што асуджаны на смерць, бо не веру ўжо ў вынайдзены мною сродак. А што, калi я ад яго яшчэ хутчэй памру? Не! Уначы мне ўдалося зламаць краты i ўцячы. Я знайшоў прытулак у стойбiшчы за горадам. Наперадзе ў мяне яшчэ два месяцы жыцця. Я гадаю на картах i сплю".

Зноў паўза, жаночы голас:

"Я была дрэсiроўшчыцаю. Паказвала нумар з дванаццаццю арангутанамi, сапраўды выдатнымi экземплярамi. А цяпер сама сяджу ў клетцы разам з iншымi артыстамi цырка. Але трэба быць справядлiваю. Малпы абыходзяцца з намi добра i кормяць нас, як свiнняў на ўбой. Калi салома пад намi занадта брудная, мяняюць яе. Яны не жорсткiя: караюць толькi тых, хто ўпарцiцца i не жадае рабiць трукi, якiм арангутаны хочуць нас навучыць. Я, напрыклад, стараюся выканаць усе iх загады не спрачаючыся. Поўзаю на карачках, раблю кульбiты. I яны таксама добра ставяцца да мяне. Няшчаснай я сябе не адчуваю. У мяне цяпер няма нiякага клопату, нi адказнасцi, нiшто не засмучвае. Большасць з нас хутка прызвычаiлiся да новага жыцця".

Жанчына зноў змоўкла, гэтым разам надоўга. Увесь гэты час Карнэлiй пiльна ўзiраўся мне ў самыя вочы, Я выдатна разумеў, што ён хацеў мне сказаць. Калi чалавечая раса стала нiкчэмная, калi яна так лёгка скарылася, то хiба ж не павiнна яна тады саступiць месца больш высакароднай расе? Я пачырванеў i адвёў вочы.

Жанчына зноў загаварыла, яшчэ больш роспачным голасам:

"Цяпер яны захапiлi ўвесь горад. Нас засталося ў гэтым прытулку ўсяго некалькi сотняў, i становiшча нашае - адчайнае. Гэта апошняе чалавечае паселiшча ў гарадскiм наваколлi, але малпы ўжо не хочуць, каб мы жылi на волi гэтак блiзка ад iх. З iншых стойбiшчаў многiя ўцяклi далей, у джунглi, астатнiя здалiся малпам, каб есцi ўволю. А мы засталiся ў стойбiшчы праз ляноту. Спiм - нiхто i думаць не хоча пра супрацiўленне... Гэтага я i баялася! Я чую варварскую какафонiю. Быццам нейкая пародыя на ваенны марш... О божа, уратуй! Гэта яны, малпы! Акружаюць нас з усiх бакоў. Вядуць iх на нас вялiзныя гарылы. У iх нашы трубы, барабаны, нашы мундзiры, наша зброя, вядома... Але не, зброi ў iх няма. О, якая ганьба, якое страшнае ўнiжэнне! Вось на нас насоўваецца армiя малпаў, i яны ўзброеныя толькi бiзунамi!"

Раздзел IХ

У горадзе ўсё ж пайшла пагалоска пра эксперыменты Гелiя. Магчыма, у гэтым быў вiнаваты сам шымпанзэ, якi не ўтрымаўся, каб не пахвалiцца поспехамi. Кажуць, што аднаму даследнiку ўдалося прымусiць людзей загаварыць. Мала таго, пра знаходкi ў пахаваным у пустэльнi горадзе пiсалi газеты, i, хоць большасць публiкацый дужа далёкiя ад праўды, некаторыя журналiсты падбiраюцца да iсцiны. Усё гэта спараджае ў малпах пачуццё няўпэўненасцi i трывогi, i ўлады глядзяць цяпер на мяне з асаблiвым недаверам, якi ўсё ўзрастае.

У Карнэлiя багата ворагаў, i ён не асмельваецца дакляраваць сваё адкрыццё. Дый цi хоча ён гэта рабiць, ведаючы, якая рэакцыя будзе ва ўладаў? Клан арангутанаў на чале з Заюсам iнтрыгуе супраць яго. Ужо гавораць пра змову супраць малпавай расы, i мяне больш-менш адкрыта аб'яўляюць адным з арганiзатараў гэтае змовы. Гарылы пакуль не прынялi нiякага афiцыйнага рашэння, але яны заўсёды выступаюць супраць усяго, што ўплывае на стабiльнасць грамадскага парадку.

Сённяшнi дзень я запомню на ўсё жыццё. Здарылася такая доўгачаканая падзея! Спачатку мяне перапоўнiла радасць, але потым, адумаўшыся, я скалануўся ад прадчування блiзкае небяспекi. Нова нарадзiла хлопчыка.

Цяпер у мяне дзiця, сын ад жанчыны з планеты Сарора. Я яго ўжо бачыў. Гэта было няпроста зрабiць. Iмкнучыся захаваць тайну, iнстытуцкiя ўлады акружылi Нову яшчэ больш строгiмi забаронамi, i апошнi тыдзень перад родамi мне не ўдалося наведаць яе анiводнага разу. Гэта Зiра паведамiла мне, што я стаў бацькам. Яна ўжо застанецца верным сябрам, што б нi здарылася. Я так расхваляваўся, што Зiра сама вырашыла зладзiць мне спатканне з маёй новай сям'ёю. Але зрабiць гэта ёй удалося толькi праз некалькi дзён, дый тое позна ўначы, бо ўдзень з дзiцяцi не зводзяць вачэй.

Якi цудоўны хлопчык! Ён ляжаў на саломе побач з маткаю, усё роўна як новы маленькi Хрыстос. Ссаў цыцку ў сваёй мацi. Хлопчык падобны на мяне, але адначасна ўзяў усё сама прыгожае ад Новы. Дарэчы, калi я толькi прачынiў дзверы, Нова сустрэла мяне пагрозлiвым рыкам. Яна таксама чуе небяспеку. Выставiўшы перад сабою скурчаныя пальцы, яна ўскочыла на ногi, гатовая разадраць ворага, але потым пазнала мяне i супакоiлася. Перакананы, што, стаўшы маткаю, Нова адразу ўзнялася яа некалькi прыступак эвалюцыi. Цьмяная iскрынка розуму ў яе вачах змянiлася нязгасным агнём. Я з захапленнем i пяшчотаю цалаваў свайго сына, стараючыся не думаць пра хмары, што ўжо збiралiся над нашымi галовамi.

Ён вырасце чалавекам, сапраўдным чалавекам - у гэтым я не сумняваюся. Розум свецiцца ў кожнай яго рысачцы, у кожным позiрку. Мне ўдалося зноў запалiць у чалавечым родзе гэтай планеты святое полымя думкi. Дзякуючы мне цывiлiзацыя людзей Сароры адродзiцца i зноў дасягне росквiту. Калi мой сын вырасце, ён стане заснавальнiкам цэлага роду...

Калi мой сын вырасце! Мяне пачынае калацiць пры адной толькi думцы пра тое, у якiх умовах ён цяпер знаходзiцца i якiя выпрабаваннi чакаюць яго яшчэ. Але мы ўтраiх пераможам любыя перашкоды, я ўпэўнены. Так, менавiта ўтраiх, я не памылiўся, бо Нова цяпер ужо зусiм не тая, якая была раней. Каб упэўнiцца ў гэтым, досыць паглядзець, як яна любуецца сваiм дзiцёнкам. Праўда, яна яго ўсё яшчэ вылiзвае, як усе чалавечыя маткi на Сароры, але твар у яе пры гэтым асэнсаваны.

Я паклаў дзiця на салому. Ведама, гэта сапраўдны чалавек. Праўда, ён яшчэ не гаворыць, але... пра што гэта я, яму ўсяго толькi тры днi, але ён загаворыць. Ён ужо плача цiхенька, менавiта плача, як зямное дзiця, а не скуголiць, як звераня. Нова гэта выдатна разумее i не спускае з сына захопленых вачэй.