Выбрать главу

- Але, - сказала яна, - тут у цябе Новы не будзе.

Пачырванеўшы, я пацiснуў плячыма, прыўзняўся i сеў.

Сiлы вярнулiся да мяне, i я хацеў як мага хутчэй акунуцца ў новае жыццё.

- Як ты сябе пачуваеш? - спыталася Зiра. - Ты не стомiшся ад маленькае вечарыны? Мы запрасiлi, каб адзначыць гэты вялiкi дзень, некаторых сяброў, адных шымпанзэ.

Я адказаў, што мне гэтая вечарына будзе вельмi прыемная, але я ўжо больш не хачу хадзiць голы. I толькi тут заўважыў, што на мне пiжама: Карнэлiй пазычыў мне адну са сваiх уласных. Але калi я мог яшчэ неяк нацягнуць на сябе пiжаму шымпанзэ, то ў любым з яго гарнiтураў выглядаў клоўнам.

- Заўтра ў цябе будзе поўны гардэроб, а да сённяшняга вечара табе сшыюць файны гарнiтур, - супакоiла мяне Зiра. - Вось i кравец.

У пакой увайшоў i пакланiўся мне з вытанчанай пачцiвасцю маленькi шымпанзэ. Я даведаўся, што, пакуль быў у непрытомнасцi, лепшыя краўцы аспрэчвалi гонар апрануць мяне. Перамог гэты славуты майстар, якi шыў на сама знакамiтых гарыл сталiцы.

Майстэрства i спрытнасць краўца былi адметныя. Менш чым за дзве гадзiны яму ўдалося сшыць мне прыстойны вячэрнi гарнiтур. Але надзеўшы яго, я адчуў, што мне ўжо няёмка ў адзежы. Зiра ўтаропiлася на мяне, вытрашчыўшы вочы. Пакуль майстар падганяў усялякiя драбнiцы, Карнэлiй упусцiў у пакой журналiстаў, якiя даўно ўжо iмкнулiся прарвацца да мяне, i я ажно на гадзiну апынуўся ў цэнтры iх увагi: мяне закiдвалi пытаннямi, абстрэльвалi ўспышкамi фотаапаратаў, патрабавалi ўсё новых i новых цiкавых падрабязнасцей пра Зямлю i жыццё людзей. Я пакорлiва даваў iнтэрв'ю. Сам журналiст, я разумеў, якой знаходкаю з'яўляюся я для маiх тутэйшых калег, апроч таго, улiчваў, што прэса можа забяспечыць мне вялiкую падтрымку.

Калi журналiсты нарэшце пайшлi, было ўжо досыць позна, i мы паспяшалiся да Карнэлiя, дзе нас чакалi яго сябры. Але толькi мы выйшлi з пакоя, нас затрымаў Занам. Напэўна, ён быў у курсе апошнiх падзей, бо пакланiўся мне ледзь не да самае падлогi. Занам прыбег сказаць Зiры, што ў аддзяленнi не ўсё ў парадку. Раззлаваная маёй доўгай адсутнасцю, Нова ўсчала неверагодны гвалт. Неўзабаве яе шаленства перадалося ўсiм астатнiм палонным, i цяпер iх не ўтаймаваць нiякiмi пiкамi.

- Зараз прыйду, - адказала Зiра вартаўнiку. - А вы чакайце мяне тут.

Я ўмольна зiрнуў на яе. Яна вагалася, але потым пацiснула плячыма.

- Калi хочаш, хадзем са мною, - сказала яна. - Урэшце, ты вольны i, магчыма, здолееш супакоiць яе хутчэй за мяне.

Услед за Зiраю я ўвайшоў у аддзяленне. Прыкмецiўшы мяне, палонныя адразу ж супакоiлiся, i гвалт змянiўся напружлiвай цiшынёю. Яны, несумненна, пазналi мяне, нягледзячы на адзежу, i, здавалася, разумелi, што з'яўляюцца сведкамi нейкай дзiвоснай метамарфозы.

Стрымлiваючы дрыготку, я накiраваўся да клеткi Новы, да маёй клеткi. Я наблiзiўся да яе, усмiхнуўся, загаварыў з ёю, на нейкае iмгненне ў мяне з'явiлася адчуванне, што яна мяне разумее i вось-вось адкажа мне. Але гэта, вядома, было немагчыма. Проста мая прысутнасць супакоiла яе, гэтаксама як i астатнiх. Яна ўзяла кавалачак цукру, якi я ёй працягнуў, i ўсё яшчэ грызла яго, калi я з цяжкiм сэрцам iшоў да выхаду.

Пра гэтую вечарыну, наладжаную ў модным кабарэ, - Карнэлiй вырашыў адразу ж пачаць далучаць мяне да малпiнага жыцця, бо цяпер я мусiў кантактаваць пастаянна з малпамi, - у мяне захавалiся ўражаннi вельмi цьмяныя i дзiўныя.

Прычынаю iх цьмянасцi быў выпiты мною ў пачатку вечара алкаголь, ад якога мой арганiзм на Сароры адвык. А дзiўнасць тлумачылася, бадай, асаблiвым пачуццём, якое i пасля не раз авалодвала мною: паступовым згасаннем у маёй свядомасцi ўяўлення пра ўсiх тых, хто быў вакол мяне, як пра малпаў - я ўсё часцей успрымаў iх у залежнасцi ад iх прафесii цi становiшча ў грамадстве. Метрдатэль, напрыклад, якi ўгодлiва сустрэў нас i правёў да нашага стала, быў для мяне перш за ўсё метрдатэлем i толькi потым самцом-гарылаю. Гiдка нафарбаваная арангутанка ў гадах успрымалася мною як старая какетка, а калi я танцаваў з Зiраю, то зусiм забываўся, што яна шымпанзэ, адчуваў толькi гнуткую талiю партнёркi. Аркестр шымпанзэ быў усяго толькi звычайным аркестрам, i элегантныя малпы, якiя жартавалi за нашым сталом, нiчым не адрознiвалiся ад звычайных свецкiх жартаўнiкоў.

Не буду расказваць падрабязна пра тое, якiя пачуццi выклiкала ў малпаў мая прысутнасць. Скажу толькi, што апынуўся ў цэнтры ўвагi. Мне прыйшлося бясконца раздаваць аўтографы, i два вартаўнiкi-гарылы, якiх Карнэлiй прадбачлiва прывёў з сабою, ледзь баранiлi мяне ад нападаў самак усiх узростаў i парод, якiя спрачалiся за права выпiць са мною цi патанцаваць.

Заседзелiся мы да глыбокай ночы. Я ўжо быў добра п'яны, як раптам успомнiў пра прафесара Антэля. Гэтая думка абудзiла ўва мне сама горкiя згрызоты сумлення. Я ледзь не зароў ад сораму, падумаўшы пра тое, што сяджу вось цяпер тут, баўлю бесклапотна вольны час, п'ю з малпамi, а мой няшчасны таварыш дрыжыць на саломе ў клетцы заасада.

Зiра спыталася, што мяне так засмучае. Я адказаў. Тады Карнэлiй паведамiў мне, што ўжо цiкавiўся прафесарам i той пачувае сябе добра. Цяпер нiшто не перашкаджае яго вызваленню. У адказ я рашуча заявiў, што не магу больш чакаць нi хвiлiны i хачу перадаць яму гэтую навiну неадкладна.

Ї Урэшце, - падумаўшы, згадзiўся Карнэлiй, - у такi дзень вам нi ў чым нельга адмовiць. Хадземце! Я знаёмы з дырэктарам заасада.

Мы выйшлi ўтраiх з кабарэ i неўзабаве дабралiся да заалагiчнага сада. Разбуджаны дырэктар паспяшаўся нам насустрач. ён ужо ведаў маю гiсторыю. Карнэлiй адкрыў яму сапраўднае паходжанне аднаго з людзей, выстаўленых тут у клетцы. Дырэктар не верыў сваiм вушам, але таксама не рашыўся адмовiць мне.

- Вядома, прыйдзецца дачакацца дня, - сказаў ён, - каб выканаць сякiя-такiя фармальнасцi, неабходныя для вызвалення вашага прафесара, але нiшто не замiнае вам пагаварыць з iм хоць цяпер.

Ён абраўся праводзiць нас.

Ужо пачынала свiтаць, калi мы спынiлiся перад клеткаю, у якой небарака-прафесар жыў, нiбыта якая жывёлiна, разам з паўсотняю iншых мужчын i жанчын. Палонныя яшчэ спалi, уладкаваўшыся парамi цi групамi па чатыры-пяць чалавек. Калi дырэктар запалiў у клетцы святло, усе расплюшчылi вочы.

Я нядоўга шукаў майго таварыша па няшчасцi. Як i ўсе астатнiя, ён ляжаў скурчыўшыся на саломе, i побач з iм была жанчына, як здалося мне, досыць маладая. Убачыўшы прафесара, я здрыгануўся i ледзь не заплакаў ад спагады да старэйшага сябра дый да сябе самога, згадаўшы, што перажыў за гэтыя чатыры месяцы.

Я быў такi ўсхваляваны, што не мог гаварыць. Але разбуджаныя людзi не дзiвiлiся нам анi кроплi. Яны ўжо былi прыручаныя i добра выдрэсiраваныя, таму адразу ж сталi выконваць свае звычайныя трукi, спадзеючыся атрымаць што-небудзь ва ўзнагароду. Дырэктар кiнуў iм жменю пячэння. Адразу ж, як i ўдзень, пачалася штурхатня i калатнеча, а ўмудроныя старыя паспяшалiся ўладкавацца на кукiшках перад самымi кратамi, з мальбою працягваючы нам рукi.

Прафесар Антэль далучыўся да папрашаек. Ён прыцiснуўся як мага блiжэй да дырэктара i пачаў выпрошваць у яго ласунак. Такiя несамавiтыя паводзiны спачатку абурылi мяне, але неўзабаве маё горкае пачуццё перайшло ў вялiкую занепакоенасць. Я стаяў за тры крокi ад прафесара, ён глядзеў мне ў самы твар - i не пазнаваў. Вочы яго, яшчэ нядаўна такiя жывыя i пранiклiвыя, здавалiся цяпер патухлымi i пустымi, як у iншых палонных, -я не заўважыў у iх анiводнай iскрынкi розуму! Я ўсё больш i больш пераконваўся з жахам, што не выклiкаю ў прафесара нiякiх пачуццяў, апроч недаўмення: пры выглядзе чалавека ў адзежы ён паводзiў сябе гэтаксама ж, як i ўсе палонныя.

Я жудасна напружыўся i загаварыў, каб прагнаць нарэшце гэты кашмар:

- Прафесар, - сказаў я, - мэтр, гэта я, Улiс Меру. Мы ўратаваныя. Я прыйшоў, каб паведамiць вам пра гэта...

I тут я змоўк у поўнай збянтэжанасцi. Пачуўшы мой голас, прафесар уцягнуў галаву ў плечы i адступiў ад кратаў - зусiм як любы яго iншы сусед па клетцы!

- Прафесар, прафесар Антэль! - ледзь ужо не плакаў я ўмольна. - Гэта я, Улiс Меру, ваш спадарожнiк па вандроўцы. Я вольны, i праз некалькi гадзiн вас таксама вызваляць. Малпы, якiх вы бачыце цяпер - нашы сябры. Яны ведаюць, хто мы такiя, i прымаюць нас як братоў.