Раздзел XI
Я адчуваў сябе знішчаным. Падзеі апошніх двух дзён зламалі мяне фізічна і агарнулі душу такім глыбокім адчаем, што я нават не змог ні аплакаць гібель сваіх таварышаў, ні ўявіць сабе да канца, што значыць для мяне разбурэнне нашага катэра. Таму я ўзрадаваўся прыцемкам, а пасля з палёгкаю схаваўся ў цемры — вечар настаў хутка, і нас везлі ўсю ноч. Я абдумваў тое, што адбылося. Трэба было няспынна прымушаць розум працаваць, каб не паддацца вар'яцтву, якое ўжо пільнавала мяне. Я павінен быў гэта рабіць, каб зноў і зноў даводзіць сабе, што я ўсё ж чалавек, зямны чалавек, істота, якая жыве думаючы і прывыкла знаходзіць лагічныя тлумачэнні самым, здавалася б, фантастычным з'явам, а не жывёліна, злоўленая ў пастку высокаразвітымі малпамі.
Я перабіраў усе драбніцы, якія захаваліся ў маёй памяці.
Галоўнае было тое, што ўсе гэтыя малпы, гарылы і шымпанзэ, самцы і самкі, зусім не здаваліся мне недарэчнымі. Я ўжо казаў: яны аніводнага разу не нагадалі мне дрэсіраваных малпаў, накшталт тых, што паказваюць у нашых цырках.
На Зямлі шымпанзэ ў капелюшы для многіх відовішча дужа смешнае, хоць асабіста мяне яно засмучала. А тут не было нічога падобнага. Капелюшы пасавалі малпам, а ўсе іх рухі былі вельмі натуральныя. Самка-гарыла, якая пацягвала праз саломінку халодны напой, выглядала як сапраўдная дама. Адзін з паляўнічых, згадаў я, выняў з кішэні люльку і пачаў нетаропка раскурваць. Нішто ў гэтай сцэне не насмяшыла мяне, такія натуральныя былі ў малпы рухі.
Я спрабаваў асэнсаваць усе гэтыя дзівосы, доўга круціў сабе галаву і, здаецца, упершыню за ўвесь час палону горка пашкадаваў, што са мною няма прафесара Антэля. Яго мудрасць і веды дапамаглі б знайсці тлумачэнне ўсім парадоксам.
Што сталася з прафесарам, я не ведаў. Сярод застрэленых яго не было — у гэтым я пераканаўся. Можа, ён таксама трапіў у пастку? Гэта было досыць верагодна, бо я не паспеў разгледзець усіх палонных. Спадзявацца ж на тое, што ён здолеў застацца на волі, я не асмельваўся.
Застаўшыся адзін, я стараўся стварыць сваю тэорыю, якая, зрэшты, не надта мяне задавальняла. Магчыма, жыхары гэтае планеты, цывілізаваныя істоты, чые гарады мы бачылі зверху, здолелі так выдрэсіраваць сваіх малпаў, што тыя пасля цярплівага і працяглага адбору, які здзяйсняўся на працягу жыцця не аднаго пакалення, набылі рысы адносна разумных істот. Урэшце, і ў нас на Зямлі некаторыя шымпанзэ могуць паказваць фенаменальныя штукі. І нават той факт, што ў тутэйшых малпаў ёсць свая мова, сам па сабе не такі ўжо і дзіўны, як мне гэта спачатку здалося. Я згадаў адну размову са спецыялістам у гэтай вобласці. Ён паведаміў мне, што сур'ёзныя вучоныя трацяць багата часу, стараючыся навучыць прыматаў размаўляць. Яны сцвярджаюць, што фізічная будова іх гартані гэтаму не замінае. Дагэтуль усе іх спробы заставаліся марныя, але вучоныя не адступаюцца, бо яны ўпэўненыя, што адзіная прычына іх няўдач — усяго толькі нежаданне саміх малпаў загаварыць. Але, можа, на Сароры малпы ўсё-такі загаварылі? І гэта дазволіла гіпатэтычным гаспадарам планеты выкарыстаць іх на розных чорных работах, накшталт гэтага палявання ў джунглях, у час якога я трапіў у пастку?
Адчайна ўчапіўшыся за гэтую тэорыю, я баяўся нават падумаць, што можа існаваць іншае, прасцейшае тлумачэнне. Каб не звар'яцець, мне трэба было верыць, што на гэтай планеце ёсць сапраўдныя разумныя істоты, інакш кажучы, людзі, такія ж людзі, як я сам, з якімі я змагу знайсці агульную мову.
Людзі! Аднак хто ж тады гэтыя стварэнні, якіх забіваюць і ловяць малпы? Дзікуны, што затрымаліся ў сваім развіцці? Дык якая ж тады гэта была нечуваная жорсткасць гаспадароў планеты — дазваляць ці, можа, нават арганізоўваць такія пабоішчы?
Мае горкія разважанні перапыніла няясная постаць, што падпаўзала да мяне на карачках. Гэта была Нова. Астатнія палонныя ляжалі ўжо гуртамі на падлозе. Павагаўшыся трохі, Нова, як і мінулы раз, прыціснулася да мяне. Я зноў паспрабаваў адшукаць у яе позірку хаця б іскрынку сяброўскай спагады — дарэмна. Дзяўчына адвярнулася і неўзабаве заплюшчыла вочы. Нягледзячы на гэта, мне стала неяк спакайней ад адной яе прысутнасці, і ўрэшце я таксама заснуў, стараючыся не думаць пра заўтрашні дзень.
Раздзел XII
Абарончы рэфлекс дапамог мне пазбавіцца ад залішне роспачных думак, і я заснуў на нейкі час. Праўда, мяне мучылі кашмары, у якіх гарачае цела Новы ўяўлялася мне жудаснаю змяёю, што абвілася вакол мяне. На золку я расплюшчыў вочы. Нова ўжо не спала. Яна сядзела крыху адсунуўшыся ад мяне. У яе насцярожаных вачах бы назаўжды застыла разгубленасць. Наш фургон запаволіў ход, і я ўбачыў, што мы ўязджаем у горад. Палонныя прыніклі да кратаў. Прысеўшы на кукішкі, яны са страхам выглядалі з-пад брызенту. Я таксама прыціснуўся тварам да кратаў, каб лепш разгледзець першы горад Сароры, у які я трапіў.