Я пачаў есці, не хаваючы сваёй пагарды да астатніх палонных, якія не маглі зрабіць тое ж самае пасля мяне. Нават Нова не здолела ў той дзень паўтарыць гэтую немудрагелістую аперацыю, хоць я спецыяльна некалькі разоў паказваў ёй усе этапы. Але яна хоць бы старалася зразумець, што ад яе патрабуецца — Нова была, вядома, адна з сама разумных у нашай групе. Яна паспрабавала паставіць адзін куб на другі, але паставіла яго няроўна, і, калі яе пабудова з грукатам развалілася, небарака з перапалоху забілася ў кут клеткі. Дзяўчына была надзіва гнуткая і рухавая, але ў маніпуляцыях з любым прадметам выяўляла тую ж жудасную нязграбнасць, што і ўсе яе супляменнікі. Праўда, да канца другога дня яна ўсё ж навучылася спраўляцца з кубамі.
А ў тую першую раніцу я яе пашкадаваў і кінуў праз краты два сакавітыя плады. За гэта я быў узнагароджаны ласкаю Зіры, якая ўвайшла ў нашую секцыю якраз у гэты момант. Я ледзь не замурлыкаў ад задавальнення, бы кот, калі валасатая лапка паляпала мяне па плячы, але Нове гэта відавочна не спадабалася: яна раз'юшылася, стала кідацца ў клетцы і пранізліва і гучна крычаць.
Я вызначыўся і ў многіх іншых вопытах, але сама галоўнае, мне ўдалося, услухоўваючыся ў гаворку малпаў, вылучыць з яе некалькі найпрасцейшых слоў і зразумець іх значэнне. Я прамаўляў гэтыя словы кожны раз, калі Зіра праходзіла міма маёй клеткі, і шымпанзэ ўсё больш і больш здзіўлялася. Вось тады Заюс і завітаў да нас другі раз.
З ім зноў была сакратарка, але цяпер, акрамя яе, прыйшоў яшчэ адзін арангутан, такі ж важны і з такой самай зоркаю на штрыфлі рэдынгота. Арангутаны размаўлялі паміж сабою, як роўны з роўным, і я зразумеў, што Заюс запрасіў свайго калегу для кансультацыі, каб разабрацца ў складаным выпадку, якім я яму ўяўляўся. Спыніўшыся перад маёй клеткаю, арангутаны пусціліся ў бясконцую дыскусію, у якой прыняла ўдзел і Зіра. Шымпанзэ гаварыла доўга і ўсхвалявана. Я разумеў, што яна мяне бароніць, гаворачы пра маю звышнатуральную кемлівасць, якую ўжо нельга было аспрэчваць. Але ўсе яе доказы выклікалі ў абодвух арангутанаў толькі недаверлівую ўсмешку.
На мне яшчэ раз правялі ўсе тэсты, з якімі я так спрытна раней спраўляўся. У ходзе апошняга я быў павінен адкрыць куфэрак, замкнуты на дзевяць розных замкоў — на засаўку, кручок, шпінгалет, уразны замок, навясны замок і гэтак далей. На Зямлі, я памятаю, аналагічнае прыстасаванне ддя ацэнкі кемлівасці малпаў прыдумаў Кінаман; гэтая задача лічылася сама складанаю, аднак некаторым падвопытным усё ж удавалася вырашыць яе. Відаць, тут гэтае выпрабаванне расцэньвалася гэтаксама ж.
Зіра сама працягнула мне зачынены куфэрак з такім умольным выглядам, быццам ад майго поспеху залежала яе рэпутацыя. Каб не расчараваць яе, я пастараўся паказаць сябе ва ўсім бляску і ўмомант адчыніў усе дзевяць замкоў адзін за адным. Але гэтым я не абмежаваўся. Дастаўшы з куфэрка пакладзены туды плод, я галантна прапанаваў яго Зіры. Шымпанзэ прыняла мой дар, пачырванеўшы. Пасля гэтага я адразу ж выклаў усё, што паспеў засвоіць у малпавай мове, старанна прамовіўшы вывучаныя словы і паказваючы пальцам на прадметы, якія яны абазначалі.
Мне здавалася, што цяпер ужо ніхто не пасмее ўсумніцца ў маёй сапраўднай прыродзе. На жаль, тады я яшчэ не ведаў, якія ж тупыя арангутаны ў сваёй сляпой саманадзейнасці! На мордах у іх з'явілася ўсё тая ж скептычная ўсмешка, што даводзіла мяне да шаленства. Яны рэзка перапынілі Зіру і зноў пра нешта заспрачаліся між сабою. Калі я гаварыў, яны слухалі мяне, бы людзі папугая. Я адчуваў, што арангутаны сыходзяцца на тым, быццам усе мае таленты можна растлумачыць своеасаблівым інстынктам і высокаразвітымі пераймальнымі здольнасцямі. Відаць, яны прытрымліваліся тае самае дактрыны, якую адзін наш вучоны, Г. Л. Морган, сфармуляваў наступным чынам: «Мы ні ў якім выпадку не павінны расцэньваць якое-небудзь дзеянне як праяву вышэйшых псіхічных здольнасцей, калі гэтае дзеянне можна растлумачыць праяваю псіхічных здольнасцей ніжэйшага парадку».
Бясспрэчна, менавіта пра нешта падобнае і разважалі цяпер арангутаны на сваім вучоным жаргоне, я ж адно скрыгатаў зубамі ад злосці. Магчыма, я не вытрымаў бы і выбухнуў новым прыступам, калі б не заўважыў своечасова позірк Зіры. Было ясна, што яна нязгодная з арангутанамі і проста саромеецца, што яны вярзуць перада мною такую лухту.