Выбрать главу

Раздзел II

З таго часу дзякуючы Зіры я пачаў рабіць вялікія поспехі ў вывучэнні малпавай мовы і культуры. Пад выглядам новых, асобых тэстаў Зіра амаль штодня заставалася са мною сам-насам. Яна ўзялася вучыць мяне сваёй мове і ў той самы час засвойвала французскую з дзіўнай лёгкасцю. Менш чым праз два месяцы мы ўжо маглі свабодна размаўляць на сама розныя тэмы. Патроху перада мною адкрываўся духоўны свет Сароры, яе дзіўная цывілізацыя, якую я паспрабую абмаляваць тут у агульных рысах.

Толькі мы з Зіраю пачалі разумець адно аднаго, як я адразу ж паспяшаўся задаць галоўнае пытанне, што цікавіла мяне:

— Няўжо малпы — адзіныя разумныя істоты, цары прыроды на гэтай планеце?

— Цябе гэта здзіўляе? — сумелася яна. — Вядома, малпа — адзіная істота, якая ўмее думаць, надзелена не толькі целам, але і душою. Сама зацятыя матэрыялісты з нашых вучоных і тыя прызнаюць асобую сутнасць малпавай душы.

Кожнага разу я ледзь не падскокваў ад падобных выказванняў, хоць, здавалася, можна было б ужо і прывыкнуць.

— Але скажы, Зіра, хто ж тады людзі?

Я ўжо згадваў, што яна хутчэй засвойвала маю мову, чым я іхнюю, таму ў першыя дні мы гаварылі толькі па-французску і адразу ж перайшлі інстынктыўна на «ты». Спачатку было цяжка прызвычаіцца да таго, што словы «чалавек» і «малпа» маюць для нас розны сэнс, але гэта хутка перастала нам замінаць. Кожны раз, калі Зіра казала «малпа», я перакладаў сам сабе: вышэйшая істота, вяршыня эвалюцыі. Калі ж яна гаварыла пра людзей, я ведаў, што гаворка ідзе пра жывёл, якія, праўда, надзелены імітацыйным інстынктам і маюць пэўнае анатамічнае падабенства да малпаў, аднак менавіта ўсё ж пра жывёл з прымітыўнай псіхікай і свядомасцю.

— За апошнія сто гадоў, — апавядала мне прафесарскім тонам Зіра, — мы дамагліся адмысловых поспехаў у даследаванні паходжання відаў. Раней лічылася, што віды — нязменныя, што ўсе істоты застаюцца такія, якімі выпусціў іх у свет усемагутны творца. Але цэлая плеяда вялікіх вучоных — усе яны былі шымпанзэ — прымусіла нас поўнасцю перагледзець свае погляды на гэты конт. Цяпер мы ведаем, што ў блізкіх відаў быў, напэўна, агульны продак.

— Значыцца, малпа паходзіць ад чалавека?

— Некаторыя так і лічаць, але на справе ўсё шмат больш складана. Малпа і чалавек на пэўным этапе эвалюцыі стварылі дзве розныя галіны: адна працягвала развівацца і паступова дасягнула вяршынь розуму, другая ж застыла на ўзроўні чалавечага свету. Зрэшты, многія арангутаны ўсё яшчэ адмаўляюць гэтую відавочную ісціну.

— Ты сказала, Зіра… цэлая плеяда вялікіх вучоных — і ўсе шымпанзэ?..

Я перадаю нашыя гутаркі такімі ж спантаннымі, якімі яны і былі: імкнучыся даведацца як найхутчэй пра ўсё, я задаваў сама розныя пытанні, на якія Зіра падоўгу адказвала.

— Амаль усе вялікія адкрыцці зроблены шымпанзэ, — з запалам пацвердзіла яна.

— У малпаў ёсць касты?

— Існуюць тры групы — ты ўжо гэта, пэўна, заўважыў, — кожная са сваімі ўласцівасцямі: шымпанзэ, гарылы і арангутаны. Расавыя бар'еры, якія былі паміж імі раней, і ўзаемная варожасць, якую яны ўзбуджалі, знішчаны дзякуючы пераважна намаганням шымпанзэ. Сёння ўсе тры расы ў прынцыпе роўныя.

— Але большая частка вялікіх адкрыццяў зроблена ўсё-такі шымпанзэ?

— Натуральна.

— А хто такія гарылы?

— Пажыральнікі мяса, — сказала яна з пагардаю. — Некалі яны былі феадальнымі князькамі, і ў многіх дагэтуль захаваўся смак да ўлады. Яны без памяці любяць арганізоўваць і кіраваць. Сібарыты. Любяць паляванне. А бяднейшыя наймаюцца на працу, якая вымагае вялікай фізічнай сілы.

— А што ты скажаш пра арангутанаў?

Зіра ўважліва паглядзела на мяне, потым зарагатала.

— Іхняя справа — афіцыйная навука. Ты ўжо ў гэтым пераканаўся і, думаю, будзеш мець магчымасць пераканацца яшчэ не раз. Яны ведаюць практычна ўсё, што можна вычытаць з кніг. Усе яны ўшанаваныя рознымі ўзнагародамі. Некаторыя лічацца нават буйнымі знаўцамі ў якой-небудзь вузкай галіне, дзе патрабуецца добрая памяць. Што ж да астатняга…