Выбрать главу

Застаюцца яшчэ шымпанзэ. Гэта інтэлектуалы планеты. Зіра недарма хвалілася, калі казала, што ўсе вялікія адкрыцці зроблены шымпанзэ. Магчыма, яна крышачку перабольшыла, бо ёсць і выключэнні, ды ўсё ж большую частку цікавых кніг па сама розных пытаннях пішуць менавіта шымпанзэ. Відаць, у іх вельмі развіты дух пошуку.

Я ўжо казаў, што за працы фабрыкуюць арангутаны. Але сама страшнае, часта скардзіцца мне Зіра, што гэтакім чынам яны складаюць і падручнікі, пашыраючы сярод малпавай моладзі несусветную лухту. Паводле слоў Зіры, яшчэ зусім нядаўна школьныя падручнікі сцвярджалі, нібыта планета Сарора з'яўляецца цэнтрам сусвету, хоць нават сярэдняга розуму малпы даўно ўжо не верылі ў гэтую ахінею, а распаўсюджванне яе стала магчымым толькі таму, што яшчэ тысячагоддзі назад на Сароры жыў арангутан па імені Арыстас, які меў велізарны аўтарытэт і прапаведаваў такія вось тэорыі, якія іншыя арангутаны паўтараюць з тае пары як догмы. Даведаўшыся, што той самы Арыстас сцвярджаў, нібыта душу могуць мець толькі малпы, я пачаў лепш разумець стаўленне Заюса да мяне. На шчасце, у шымпанзэ розум нашмат больш крытычны. Вось ужо некалькі гадоў яны, сцяўшыся, імкнуцца абвергнуць аксіёмы старажытнага ідала.

Што датычыць гарыл, то гэтыя рэдка пішуць кнігі. Затое, калі яны гэта робяць, то іх працы заслугоўваюць усялякай пахвалы — не за змест, дык, ва ўсякім разе, за афармленне. Я прабег вачыма некалькі такіх кніг і запомніў іх назвы: «Навукова-даследніцкая праца — аснова арганізацыі прадпрыемства», «Перавага грамадскага сектара» або, скажам, «Арганізацыя вялікіх аблаў на людзей на Зялёным кантыненце». У гэтых кнігах даецца зазвычай маса дакументаў, і кожны раздзел піша асобны спецыяліст. У іх шмат дыяграм, табліц фактычных дадзеных і, асабліва, цікавых фатаграфій.

Аб'яднанне ўсяе планеты, адсутнасць войнаў, а значыцца, ваенных выдаткаў — на Сароры няма арміі, ёсць толькі паліцыя, — здавалася б, павінны былі спрыяць хуткаму прагрэсу малпавай цывілізацыі. Але гэтага не здарылася. Хаця Сарора, бадай што, трохі старэйшая за Зямлю, малпы дужа адстаюць ад людзей багата ў якіх галінах жыцця.

У іх ёсць электрастанцыі, прамысловасць, аўтамабілі, самалёты, але ў асваенні космасу малпы ўсё яшчэ на стадыі штучных спадарожнікаў. У тэарэтычных навуках, у пазнанні бясконца вялікага і бясконца малога яны таксама адстаюць ад нас. Магчыма, гэтае адставанне выпадковае, і я не сумняваюся, што калі-небудзь яны нас дагоняць: на карысць гэтага гавораць працаздольнасць і даследніцкі розум шымпанзэ. Мне здаецца, што ў гісторыі малпаў быў цёмны перыяд застою, вельмі доўгі, нашмат даўжэйшы, чым у нас, і што толькі нядаўна яны ўступілі ў эпоху вялікіх адкрыццяў.

Асноўная частка іх навуковых даследаванняў — я мушу яшчэ раз гэта падкрэсліць — вядзецца ў галіне фізіялогіі і накіравана ў прыватнасці на вывучэнне малпы. У гэтых даследаваннях выкарыстоўваюцца людзі, якія адыгрываюць такім чынам у жыцці малпаў хоць і вартую жалю, ды ўсё ж дужа важную ролю. Добра яшчэ, што на планеце хапае людзей! Я чытаў у адной працы, што людзей тут больш, чым малпаў. Але колькасць малпаў няспынна ўзрастае, тым часам як колькасць людзей скарачаецца, і ўжо цяпер некаторыя вучоныя занепакоеныя праблемаю папаўнення матэрыялу ў сваіх лабараторыях.

Але ўсё гэта не тлумачыць таямніцы ўзнясення малпаў на вяршыню эвалюцыі. Зрэшты, можа, ніякай тайны і няма? Магчыма, іх развіццё адбывалася гэтаксама заканамерна, як і нашае? Аднак я ніяк не магу ў гэта паверыць! А цяпер я яшчэ абсалютна дакладна ведаю, што многія вучоныя-малпы лічаць: пытанне малпавай эвалюцыі зусім яшчэ не высветленае да канца. Сярод іх і Карнэлій, і, наколькі мне вядома, яго падтрымліваюць сама выдатныя даследнікі. Малпы не ведаюць, адкуль яны ўзяліся і куды ідуць, і, мажліва, пакутуюць ад такой няпэўнасці. Што, калі менавіта гэтае пачуццё і прымушае іх з такім імпэтам весці фізіялагічныя даследаванні і надае асаблівую накіраванасць усёй іх навуковай дзейнасці?