Мой час настаў! Я ўзняў руку, ціхенька пацягнуў ланцуг і, наблізіўшыся да мікрафона, звярнуўся да старшыні кангрэса:
— Шаноўны пан старшыня! — пачаў я, стараючыся гаварыць на малпавай мове як мага чысцей. — Я з вялікім задавальненнем адчыню для вас гэты куфэрак і вельмі ахвотна зраблю ўсе нумары праграмы. Але перш чым прыступіць да гэтых занадта лёгкіх мне вопытаў, я прашу дазволу зрабіць заяву, якая, я перакананы, уразіць гэты вялікавучоны сход.
Я выразна прамаўляў кожнае слова, і ўсё, што я сказаў, малпы вельмі добра пачулі. Вынік быў такі, на які я разлічваў. Малпы застылі на сваіх месцах нібыта раздушаныя — запала такая цішыня, што здавалася, усе нават дыхаць перасталі. Журналісты забыліся на свае блакноты, і ніводны фатограф не ачомаўся ў гэтыя першыя імгненні настолькі, каб зрабіць хоць адзін здымак гістарычнага моманту.
Старшыня тупа глядзеў на мяне, нічога не разумеючы. Тым часам Заюс ажно ўзвіўся.
— Пан старшыня! — загаласіў ён. — Я пратэстую…
Але тут ён зноў падавіўся, усвядоміўшы ўсю недарэчнасць спрэчкі з чалавекам. Я гэта скарыстаў і загаварыў зноў:
— Пан старшыня, з вялікай павагай да вас я ўсё-такі настойваю, каб мне далі мажлівасць выступіць. Скончыўшы, я выканаю, клянуся гонарам, усё, што запатрабуе высокашаноўны Заюс.
І тут у зале ўсчалася бура. Публіка звар'яцела! Малпы спляліся ў істэрычны, захоплены натоўп, крычалі «ўра», рагаталі і рыдалі. З усіх бакоў замільгацелі яркія ўспышкі бліцаў — гэта ачомаліся нарэшце рэпарцёры. Гвалт стаяў сама меней хвілін яшчэ з пяць, і ўвесь гэты час старшыня не зводзіў з мяне вачэй. Нарэшце ён узяў сябе ў рукі і зазваніў у званочак.
— В-в-выбачайце, — пачаў ён, заікаючыся, — н-не ведаю, д-дальбог, як вас называць…
— Проста «пан», — адказаў я.
— Дык, значыцца, п-п… значыцца, пан, я мяркую, ваш выпадак такі незвычайны, што навуковы кангрэс, які я маю гонар весці, мусіць выслухаць вашую заяву.
Гэтае мудрае рашэнне было сустрэта новай бураю апладысментаў. Большага мне пакуль і не трэба было. Я выступіў на сярэдзіну эстрады, усталяваў мікрафон згодна з маім ростам і зрабіў наступную прамову.
Раздзел VIII
— Пан старшыня!
Высакародныя гарылы!
Мудрыя арангутаны!
Шаноўныя шымпанзэ!
О малпы!
Дазвольце чалавеку звярнуцца да вас.
Я ведаю, што выгляд у мяне — страшны, цела — недарэчнае, твар — жывёльны, пах — невыносны, колер скуры — агідны. Я ведаю, што мая брыдкая знешнасць абражае ваш зрок, але ведаю я і тое, што звяртаюся да сама славутых, сама мудрых малпаў, чый розум здольны ўзвысіцца над умоўнасцю такіх пачуццяў і распазнаць істоту з развітым мысленнем нават пад такой нікчэмнаю матэрыяльнай абалонкаю…
Такі напышлівы і поўны самаўніжэння пачатак быў прапанаваны мне Зіраю з Карнэліем. Яны сцвярджалі, што гэта будзе прыемна пачуць арангутанам.
— Выслухайце мяне, о малпы, бо размаўляю я свядома, а не як аўтамат ці папугай. Я думаю, гавару і разумею вас гэтаксама ж цудоўна, як вы мяне. Калі я скончу, калі вашыя шаноўныя вучоныя ўзнагародзяць мяне такім гонарам, я з задавальненнем як найлепей адкажу на ўсе іх пытанні.
Але спярша я мушу адкрыць вам сама сэнсацыйны факт: я не проста разумная істота з душою, што, як гэта ні дзіўна, жыве ў недарэчным чалавечым целе, — я прышэлец з далёкага свету з планеты Зямля, планеты, на якой паводле невытлумачальнай фантазіі прыроды менавіта людзі надзеленыя душою і розумам. Я прашу дазволу ўдакладніць месцазнаходжанне маёй роднай планеты, вядома, не для славутых вучоных, якіх бачу вакол мяне, а для тых нешматлікіх прысутных, якія, мажліва, не зусім знаёмыя з рознымі зорнымі сістэмамі.
Я падышоў да чорнай дошкі і з дапамогаю некалькіх чарцяжоў пастараўся паказаць нашую Сонечную сістэму і яе месца ў Галактыцы. Мае тлумачэнні былі выслуханы як казань у храме. Але калі, скончыўшы з чарцяжамі, я паляпаў далонню аб далонь, каб стрэсці з іх крэйду, гэты просты жэст выклікаў неверагоднае захапленне ў гледачоў верхніх радоў. Павярнуўшыся да аўдыторыі, я гаварыў далей:
— Як я ўжо сказаў, на нашай Зямлі розум дадзены чалавеку. Гэта так, і я не магу тут нічога зрабіць. У нас людзі эвалюцыяніравалі, тым часам як малпы — і гэтым я найбольш уражаны з тае пары, як адкрыў ваш свет, чамусьці засталіся ў дзікім стане. Мозг развіваўся і ўскладняўся ў чалавека. Менавіта людзі авалодалі моваю, навучыліся здабываць агонь, карыстацца прыладамі. Менавіта яны сталі гаспадарамі планеты і змянілі яе аблічча. І нарэшце менавіта людзі стварылі такую высокую цывілізацыю, што многімі сваімі рысамі яна, о малпы, нагадвае вашую!