Тут я пастараўся прывесці шматлікія прыклады нашых найяскравейшых дасягненняў. Я апісваў нашыя гарады, заводы, сродкі камунікацыі, расказваў пра нашыя ўрады, законы, пра тое, у якіх захапленнях бавім мы вольны час. Пасля, звяртаючыся галоўным чынам да вучоных, я паспрабаваў даць ім уяўленне пра нашыя поспехі ў высакародных галінах навукі і мастацтва. Спакваля голас мой рабіўся ўсё больш упэўнены. Я пачынаў адчуваць своеасаблівае ап'яненне, быццам мільянер, які выхваляецца сваімі скарбамі.
Потым я перайшоў да аповяду пра свае прыгоды. Я растлумачыў, як мы даляцелі да сістэмы Бетэльгейзе і Сароры, як я трапіў у палон і апынуўся ў клетцы, як спрабаваў усталяваць кантакт з Заюсам, але ўсе мае намаганні засталіся марныя, вядома, па ўласнай віне, бо я не выявіў вынаходлівасці. Нарэшце я расказаў пра праніклівасць Зіры і пра найкаштоўнейшую дапамогу, якую яна аказала мне разам з доктарам Карнэліем. Скончыў я так:
— Гэта ўсё, што я хацеў вам сказаць, о малпы! Рашайце самі, ці справядліва будзе, калі пасля такіх цяжкіх прыгод мяне зноў пасадзяць у клетку, як неразумную жывёліну, да канца маіх дзён? Мне застаецца дадаць адно: я прыляцеў да вас без якогась варожага намеру — вяла мяне сюды толькі прага адкрыццяў. З тае пары, як я пачаў зведваць вас, вы мне ўсё больш і больш падабаецеся, і цяпер я проста люблю вас усёй сваёй душою. У мяне ёсць план, пра які я хачу расказаць найвялікшым вучоным планеты. Я магу прынесці вам несумненную карысць сваімі зямнымі ведамі, з другога боку, за некалькі месяцаў, праведзеных у клетцы, я сам зведаў на Сароры больш, чым за ўсё сваё ранейшае жыццё. Дык давайце з'яднаем нашыя намаганні! Усталюем кантакт з Зямлёю! Пойдзем, малпы і людзі, уперад, як паплечнікі, і ніякая сіла ў свеце, ніякія таямніцы космасу не ўстояць перад намі!
Задыхнуўшыся, я скончыў сваю прамову ў абсалютнай цішыні. Я павярнуўся машынальна да стала старшыні, схапіў шклянку з вадою і асушыў яе адным духам. І гэтаксама ж як і тады, калі я стрэсваў крэйду з далоняў, гэты просты жэст зрабіў на малпаў велізарнае ўражанне і стаў сігналам для новай буры. Зала нібыта выбухнула, ахопленая энтузіязмам, якога не апіша ніводнае пяро. Я ведаў, што перамог, але не мог нават уявіць сабе, што якая-небудзь асамблея здольная выказваць свае пачуцці з такім неверагодным гвалтам. Я быў аглушаны, але ўсё ж убачыў прычыны гэтага фантастычнага грукату: эмацыянальныя па сваёй прыродзе малпы, калі відовішча ім падабаецца, апладзіруюць усімі чатырма лапамі! Цяпер вакол мяне шалелі тысячы гэтых д'ябальскіх стварэнняў: ледзь утрымліваючы раўнавагу, яны пляскалі ў свае чатыры далоні, так што здавалася, быццам купал зараз абваліцца, — і ўсё гэта з віскам, з крыкамі, з енкамі, скрозь якія прарываўся толькі глухі роў гарыл. Гэта было адно з апошніх ясных уражанняў ад таго памятнага пасяджэння. Кружылася галава, я адчуў, што вось-вось упаду. З трывогаю азірнуўшыся, я ўбачыў, што раззлаваны Заюс ускочыў з месца і, згорбіўшыся і заклаўшы рукі за спіну, ходзіць па эстрадзе, як хадзіў перад маёй клеткаю. Быццам у сне, я ўбачыў ягоны пусты фатэль і плюхнуўся на яго. Гэта было сустрэта новым выбухам авацый, але тут я страціў свядомасць.
Раздзел IX
Ачуняў я не вельмі хутка: надта ўжо вялікае перажыў нервовае напружанне. Я ляжаў на ложку ў незнаёмым пакоі. Зіра і Карнэлій завіхаліся ля мяне, пакуль гарылы-паліцэйскія стрымлівалі журналістаў і проста цікаўных, якія спрабавалі прарвацца ў пакой.
— Гэта было выдатна! — шапнула мне Зіра на вуха. — Ты выйграў.
— Уліс, — сказаў мне Карнэлій, — нас з вамі чакаюць вялікія справы!
Ён паведаміў мне, што толькі што скончылася надзвычайнае пасяджэнне Вялікага Савета Сароры, на якім прынялі рашэнне аб маім неадкладным вызваленні.
— Сёй-той спрабаваў пратэставаць, — дадаў ён, — але грамадская думка была на вашым баку, і яны не маглі прыйсці да якогась іншага рашэння.
Ён спытаўся, ці згодны я супрацоўнічаць з ім, і, атрымаўшы маю згоду, загадзя паціраў рукі ад задавальнення пры думцы пра дапамогу, якую я змагу аказаць яму ў яго пошуках.
— Жыць вы будзеце тут, — абвёў рукамі пакой Карнэлій. — Спадзяюся, кватэра вас задаволіць. Мая зусім непадалёк, у гэтым самым крыле інстытута: тут жывуць толькі старшыя навуковыя супрацоўнікі.