Не буду расказваць падрабязна пра тое, якія пачуцці выклікала ў малпаў мая прысутнасць. Скажу толькі, што апынуўся ў цэнтры ўвагі. Мне прыйшлося бясконца раздаваць аўтографы, і два вартаўнікі-гарылы, якіх Карнэлій прадбачліва прывёў з сабою, ледзь баранілі мяне ад нападаў самак усіх узростаў і парод, якія спрачаліся за права выпіць са мною ці патанцаваць.
Заседзеліся мы да глыбокай ночы. Я ўжо быў добра п'яны, як раптам успомніў пра прафесара Антэля. Гэтая думка абудзіла ўва мне сама горкія згрызоты сумлення. Я ледзь не зароў ад сораму, падумаўшы пра тое, што сяджу вось цяпер тут, баўлю бесклапотна вольны час, п'ю з малпамі, а мой няшчасны таварыш дрыжыць на саломе ў клетцы заасада.
Зіра спыталася, што мяне так засмучае. Я адказаў. Тады Карнэлій паведаміў мне, што ўжо цікавіўся прафесарам і той пачувае сябе добра. Цяпер нішто не перашкаджае яго вызваленню. У адказ я рашуча заявіў, што не магу больш чакаць ні хвіліны і хачу перадаць яму гэтую навіну неадкладна.
Ї Урэшце, — падумаўшы, згадзіўся Карнэлій, — у такі дзень вам ні ў чым нельга адмовіць. Хадземце! Я знаёмы з дырэктарам заасада.
Мы выйшлі ўтраіх з кабарэ і неўзабаве дабраліся да заалагічнага сада. Разбуджаны дырэктар паспяшаўся нам насустрач. ён ужо ведаў маю гісторыю. Карнэлій адкрыў яму сапраўднае паходжанне аднаго з людзей, выстаўленых тут у клетцы. Дырэктар не верыў сваім вушам, але таксама не рашыўся адмовіць мне.
— Вядома, прыйдзецца дачакацца дня, — сказаў ён, — каб выканаць сякія-такія фармальнасці, неабходныя для вызвалення вашага прафесара, але нішто не замінае вам пагаварыць з ім хоць цяпер.
Ён абраўся праводзіць нас.
Ужо пачынала світаць, калі мы спыніліся перад клеткаю, у якой небарака-прафесар жыў, нібыта якая жывёліна, разам з паўсотняю іншых мужчын і жанчын. Палонныя яшчэ спалі, уладкаваўшыся парамі ці групамі па чатыры-пяць чалавек. Калі дырэктар запаліў у клетцы святло, усе расплюшчылі вочы.
Я нядоўга шукаў майго таварыша па няшчасці. Як і ўсе астатнія, ён ляжаў скурчыўшыся на саломе, і побач з ім была жанчына, як здалося мне, досыць маладая. Убачыўшы прафесара, я здрыгануўся і ледзь не заплакаў ад спагады да старэйшага сябра дый да сябе самога, згадаўшы, што перажыў за гэтыя чатыры месяцы.
Я быў такі ўсхваляваны, што не мог гаварыць. Але разбуджаныя людзі не дзівіліся нам ані кроплі. Яны ўжо былі прыручаныя і добра выдрэсіраваныя, таму адразу ж сталі выконваць свае звычайныя трукі, спадзеючыся атрымаць што-небудзь ва ўзнагароду. Дырэктар кінуў ім жменю пячэння. Адразу ж, як і ўдзень, пачалася штурхатня і калатнеча, а ўмудроныя старыя паспяшаліся ўладкавацца на кукішках перад самымі кратамі, з мальбою працягваючы нам рукі.
Прафесар Антэль далучыўся да папрашаек. Ён прыціснуўся як мага бліжэй да дырэктара і пачаў выпрошваць у яго ласунак. Такія несамавітыя паводзіны спачатку абурылі мяне, але неўзабаве маё горкае пачуццё перайшло ў вялікую занепакоенасць. Я стаяў за тры крокі ад прафесара, ён глядзеў мне ў самы твар — і не пазнаваў. Вочы яго, яшчэ нядаўна такія жывыя і праніклівыя, здаваліся цяпер патухлымі і пустымі, як у іншых палонных, — я не заўважыў у іх аніводнай іскрынкі розуму! Я ўсё больш і больш пераконваўся з жахам, што не выклікаю ў прафесара ніякіх пачуццяў, апроч недаўмення: пры выглядзе чалавека ў адзежы ён паводзіў сябе гэтаксама ж, як і ўсе палонныя.
Я жудасна напружыўся і загаварыў, каб прагнаць нарэшце гэты кашмар:
— Прафесар, — сказаў я, — мэтр, гэта я, Уліс Меру. Мы ўратаваныя. Я прыйшоў, каб паведаміць вам пра гэта…
І тут я змоўк у поўнай збянтэжанасці. Пачуўшы мой голас, прафесар уцягнуў галаву ў плечы і адступіў ад кратаў — зусім як любы яго іншы сусед па клетцы!
— Прафесар, прафесар Антэль! — ледзь ужо не плакаў я ўмольна. — Гэта я, Уліс Меру, ваш спадарожнік па вандроўцы. Я вольны, і праз некалькі гадзін вас таксама вызваляць. Малпы, якіх вы бачыце цяпер — нашы сябры. Яны ведаюць, хто мы такія, і прымаюць нас як братоў.
Ні слова ў адказ. Здавалася, Антэль нічога не зразумеў. Ён толькі зноў адступіў назад, сціснуўшыся, усё роўна як спалоханая жывёліна.
Я быў у бязмерным адчаі, малпы здзіўлена пазіралі на нас. Задуменны Карнэлій хмурыўся. Мне прыйшло ў галаву, што, магчыма, прафесар сімулюе неразуменне, баючыся малпаў. Тады я папрасіў іх адысці куды-небудзь, каб пакінуць нас сам-насам, што яны і зрабілі адразу ж. Калі малпаў не стала, я абышоў клетку, каб быць бліжэй да кута, у які забіўся прафесар, і зноў загаварыў з ім:
— Мэтр, — маліў я яго, — я разумею вашую асцярожнасць. Я ведаю, што пагражае людзям Зямлі на гэтай планеце. Але цяпер мы адны, клянуся вам, і вашыя выпрабаванні мінулі. Гэта я вам кажу, я, ваш спадарожнік, ваш вучань, ваш сябра, я, Уліс Меру!