Выбрать главу

І ўсё ж такі я вымушаны прызнаць, што яна ўяўляе сабою першакласны экземпляр тутэйшай чалавечай пароды, і гэта радуе мяне. Я дамагаюся з ёю большых поспехаў, чым з астатнімі. Пры маім набліжэнні яна падыходзіць да кратаў, і твар у яе скажаецца грымасаю, у нечым падобнаю на ўсмешку. Перш чым я паспяваю загаварыць, яна спрабуе вымавіць чатыры-пяць вывучаных ёю складоў. І стараецца зрабіць гэта як мага лепш. Ці азначае гэта, што яна ад прыроды больш здольная за астатніх? Або папярэдні кантакт са мною развіў яе і зрабіў падатлівай на мае ўрокі? Апошняе меркаванне падабаецца мне больш, бо лашчыць трохі маё самалюбства.

Я прамаўляю яе імя, потым сваё, указваючы пальцам то на яе, то на сябе. Яна паўтарае мой жэст. Але раптам я бачу, як твар у яе ўмомант скажаецца злосным выскалам, і ў тое ж самае імгненне чую ў сябе за спінаю ціхі смех.

Гэта Зіра незласліва жартуе з маіх намаганняў, а яе прысутнасць заўсёды раз'юшвае Нову. Разам з Зіраю прыйшоў Карнэлій. Яго дужа займаюць мае спробы, і ён часта наведвае мяне, каб пацікавіцца вынікамі. Але сёння ён з'явіўся з іншаю мэтаю. Выгляд у яго вельмі ўсхваляваны.

— Уліс, а вам не хацелася б зрабіць са мною невялікае падарожжа?

— Падарожжа?

— Гэта досыць далёка, амаль на другім канцы планеты. Археолагі знайшлі там рэшткі старажытных збудаванняў, надзвычай цікавыя, калі верыць іх справаздачам. Але раскопкамі кіруе арангутан, і спадзявацца, што ён здолее зрабіць са знаходак слушныя высновы, не прыходзіцца. Яны сутыкнуліся з загадкаю, якая мяне хвалюе: раскрыццё гэтай таямніцы можа адыграць рашучую ролю ў маіх даследаваннях. Акадэмія пасылае мяне туды ў камандзіроўку, і я мяркую, што вашая прысутнасць будзе там дужа карысная.

Пакуль што я не разумею, у чым я мог бы яму дапамагчы, але згаджаюся з радасцю, бо мне даўно ўжо хацелася ўбачыць іншыя вобласці Сароры. Карнэлій запрашае мяне да сябе ў кабінет пагутарыць сур'ёзна.

Такі паварот справы адразу ж захапляе мяне: не прыйдзецца працягваць абход. А мне трэба было наведаць яшчэ аднаго палоннага — прафесара Антэля. Ён усё яшчэ ў ранейшым стане, што робіць немагчымым яго вызваленне. Аднак па маёй просьбе Антэля змясцілі ў асобнай і досыць утульнай палаце. Наведваць яго — мой цяжкі абавязак. Ён не паддаецца ніякім угаворам і паводзіць сябе як сама сапраўдная жывёліна.

Раздзел II

Мы адправіліся ў дарогу праз тыдзень. Зіра паляцела з намі, але праз некалькі дзён яна павінна была вярнуцца назад, каб у адсутнасць Карнэлія займацца інстытуцкімі справамі. А сам Карнэлій разлічваў затрымацца на месцы раскопак нашмат больш, калі толькі знаходкі і праўда будуць цікавыя, як ён спадзяецца.

Нам далі спецыяльны самалёт, падобны на нашы першыя рэактыўныя самалёты, але нашмат больш камфартабельны, з асобным маленькім герметычным салонам, дзе можна спакойна размаўляць. Я быў шчаслівы, што адправіўся ў падарожжа. І ўжо гэтак прызвычаіўся да малпаў, што зусім не спалохаўся, калі ўбачыў за штурвалам лайнера шымпанзэ. Значна болей мяне цікавілі пейзажы ўнізе і пекнае відовішча ўсходу Бетэльгейзе. Мы ляцелі на вышыні прыкладна дзесяці тысяч метраў. Паветра было надзіва празрыстае, і гіганцкая зорка ўзнімалася над гарызонтам, як нашае сонца, калі глядзіш на яго ў акулярах. Зіра вачэй не магла адвесці ад гэтае прыгажосці.

— А ці бываюць у вас на Зямлі такія ж цудоўныя ранкі? — пыталася яна. — Тваё сонца такое ж прыгожае, як і нашае?

Я адказаў, што Сонца не такое вялікае і чырвонае, як Бетэльгейзе, але нам яго хапае. Затое наш Месяц нашмат ярчэйшы і большы за спадарожнік Сароры.

Мы весяліліся, быццам школьнікі на вакацыях, і я жартаваў з Зіраю, як з добрай старой знаёмаю. І калі праз некалькі хвілін да нас у салон, дзе мы спачатку былі адны, прыйшоў Карнэлій, я ледзь не пакрыўдзіўся на яго за тое, што ён перашкодзіў нашай размове. Карнэлій быў заклапочаны. Зрэшты, ён увогуле прыкметна нерваваўся апошнім часам. Каб давесці да канца пачатыя ім даследаванні, ён вельмі шмат працаваў і часам прападаў у лабараторыі цэлымі днямі. Пра сваю работу ён па-ранейшаму нікому не казаў, і нават Зіра, як мне здавалася, ведала пра яе не больш за мяне. Мне ж было вядома толькі тое, што гэтыя даследаванні тычыліся паходжання малпаў і што погляды Карнэлія ўсё больш і больш разыходзіліся з традыцыйнымі тэорыямі. У тую раніцу ён упершыню пазнаёміў мяне з некаторымі сваімі меркаваннямі, і я вельмі хутка зразумеў, чаму мая сціплая асоба разумнага чалавека ўяўлялася яму такой вялікаю каштоўнасцю. Пачаў ён з таго, пра што мы ўжо спрачаліся тысячы разоў: