Я заплюшчваю вочы. Гул матораў закалыхвае мяне. Але мне трэба прааналізаваць усё гэта, каб вызначыць сваю пазіцыю.
Што з'яўляецца распазнавальнай прыкметаю цывілізацыі? Нейкі асабісты дух? Наўрад ці. Хутчэй за ўсё — будзённае жыццё… Ну, добра, прызнаем неабходнасць духоўнасці. Напэўна, яна выявіцца ў мастацтве, у першую чаргу ў літаратуры. Ці ж сапраўды апошняя з'яўляецца сфераю, недаступнаю нашым буйным чалавекападобным малпам, калі, вядома, дапусціць, што яны навучыліся складваць словы? А з чаго складаецца наша літаратура? 3 шэдэўраў? Каб жа толькі з іх! Калі за адно-два стагоддзі і з'яўляецца арыгінальная кніга, астатнія пісьменнікі так ці інакш яе пераймаюць, інакш кажучы, перапісваюць, і такім чынам у свет выходзяць сотні тысяч новых кніг, з больш-менш рознымі назвамі, але аднаго зместу, данесенага з дапамогаю адносна змененых камбінацый фраз. Відаць, малпы, пераймальнікі па сваёй прыродзе, маглі б ствараць такую літаратуру пры той, вядома, умове, што навучыліся б гаварыць.
Значыцца, адзіным сур'ёзным контраргументам гэтай гіпотэзе з'яўляецца мова. Але будзем асцярожныя! Малпам няма ніякай патрэбы разумець, што менавіта яны перапісваюць, каб скласці на аснове адной кнігі сто тысяч новых тамоў. Гэта ім трэба не больш, чым нам. Як і нам, ім хопіць тут простага паўтору раней пачутых фраз. Увесь астатні літаратурны працэс чыста механічны. І тут думка асобных фізіёлагаў набывае велізарнае значэнне: яны сцвярджаюць, што ніякія анатамічныя асаблівасці не перашкаджаюць малпам загаварыць — было б жаданне! І можна ўявіць, што аднойчы такое жаданне ў іх узнікла, хаця б у выніку раптоўнай мутацыі.
Значыцца, удзел малпаў, здольных гаварыць, у прадаўжэнні літаратуры, падобнай на нашую, справа зусім мажлівая. Уявім сабе, што праз нейкі час некалькі малпаў-літаратараў істотна паразумнелі. Як кажа мой вучоны сябра Карнэлій, думка ўвасабляецца ў дзеянні, — у дадзеным выпадку ў механізме мовы, — і такім чынам, у новым, малпавым свеце маглі з'явіцца арыгінальныя ідэі, хаця б па адной у стагоддзе, як у нас на Зямлі.
Дзёрзка развіваючы гэтую гіпотэзу, я хутка прыйшоў да пераканання, што добра выдрэсіраваныя жывёліны маглі б падобным чынам стварыць карціны і скульптуры, якімі я любаваўся ў музеях Сароры, дый увогуле зрабіцца спецыялістамі ў любой сферы чалавечага мастацтва, у тым ліку і ў нашым кіно.
Разгледзеўшы спачатку вышэйшыя формы дзейнасці розуму, я без цяжкасці праверыў слушнасць сваёй тэорыі ў дачыненні да іншых сфер.
Нашая прамысловасць нядоўга супраціўлялася майму аналізу. Мне было абсалютна ясна, што, каб падтрымліваць яе жыццё на адным і тым самым дасягнутым узроўні, зусім неабавязкова выяўляць асабістую ініцыятыву. У яе аснове ляжыць праца рабочых, якія паўтараюць адны і тыя ж рухі, кіраўнікі ж складаюць адны і тыя ж справаздачы і прамаўляюць у аднолькавых абставінах аднолькавыя словы. І тых, і другіх малпы маглі б замяніць, не пашкодзіўшы справе — дастаткова выпрацаваць патрэбныя ўмоўныя рэфлексы.
Што ж да вышэйшых сфер адміністрацыі, дык там перайманне, як мне здаецца, займае яшчэ большае месца. Каб кіраваць нашай сістэмаю, гарылам трэба было хіба што засвоіць некалькі поз і прамоў, скапіраваўшы іх з аднаго ўзору.
Так я пачаў глядзець новымі вачыма на сама разнастайныя сферы чалавечай дзейнасці, уяўляючы ў іх замест людзей малпаў. Я з пэўным задавальненнем аддаваўся гульні фантазіі. Уявіў сабе ўсе шматлікія палітычныя сходкі, на якіх прысутнічаў як журналіст. Згадаў штампаваныя адказы тых, у каго давялося браць інтэрв'ю. Асабліва ярка запомніўся славуты ў свой час судовы працэс, апісаны мною за некалькі гадоў да адлёту.
Адвакат быў адзін з прызнаных зуброў юрыспрудэнцыі. Але чаму ж ён бачыўся мне цяпер ганарлівай гарылаю, зрэшты, як і не менш знакаміты пракурор? Чаму паслядоўнасць іх прамоў і жэстаў асацыіравалася ў мяне з умоўнымі рэфлексамі, якія выпрацаваліся ў выніку добрай дрэсіроўкі? Чаму старшыня суда зліваўся ў маім усведамленні з важным арангутанам, які механічна прамаўляў завучаныя на памяць фразы, рэфлекторна рэагуючы на тыя ці іншыя словы сведкаў або гоман публікі?..