Выбрать главу

Як жа гэта магло здарыцца? У трызненні я няспынна задаваў сабе гэтае пытанне. Натуральна, усе цывілізацыі, і нашая таксама, ведаем мы даўно, рана ці позна адміраюць, і ўсё ж такое бясследнае знікненне чалавечай цывілізацыі на Сароры прыгнятае розум. Што было прычынаю гэтага знікнення? Раптоўная гібель? Катаклізм? Або павольная дэградацыя людзей і паступовае развіццё малпаў? Я схіляюся да апошняй гіпотэзы і знаходжу надзвычай характэрныя прыкметы такой эвалюцыі ў сучасным жыцці і занятках малпаў.

Узяць хоць бы тое велізарнае значэнне, якое яны надаюць фізіялагічным даследаванням. Дык вось, цяпер я пачынаю разумець, чаму яны гэта робяць! У глыбокай старажытнасці многія малпы служылі чалавеку аб'ектамі доследаў у розных лабараторыях, як і ў нас. І менавіта гэтыя малпы ўзялі ў свае рукі паходню і павялі наперад астатніх, менавіта яны сталі застрэльшчыкамі рэвалюцыі. І яны, натуральна, пачалі з пераймання сваіх гаспадароў, іх жэстаў і ўчынкаў. А былі іхнімі гаспадарамі біёлагі, фізіёлагі, медыкі, санітары, вартаўнікі. Адсюль і такая незвычайная схільнасць да фізіялагічных даследаванняў, якая захавалася да сённяшніх дзён.

А які ж тады быў лёс у людзей?

Хопіць думаць пра малпаў! Вось ужо два месяцы, як я не бачыў маіх былых таварышаў па зняволенні, маіх чалавечых братоў. Сёння я адчуваю сябе лепш. Мяне больш не калоціць ад ліхаманкі. Учора я ўжо сказаў Зіры — яна даглядала мяне ў час хваробы, як родная сястра, — сказаў ёй, што хацеў бы распачаць сваю працу ў аддзяленні. Мне здалося, гэта не надта яе ўзрадавала, але пярэчыць яна не стала.

Час наведаць маіх падапечных.

І вось я зноў у зале з клеткамі. Дзіўнае хваляванне агортвае мяне яшчэ ля дзвярэй. Я бачу цяпер гэтых людзей зусім іншымі вачыма. Перш чым увайсці да іх, я з тугою пытаюся ў сябе: а ці ж пазнаюць яны мяне праз два месяцы? І яны пазналі! Усе позіркі звярнуліся да мяне, як і раней і нават… з нейкай пачцівасцю, ці што? Мне здаецца, яны глядзяць на мяне па-новаму, зусім не так, як на сваіх вартаўнікоў. Не, напэўна, гэта мне хочацца, каб яны глядзелі так на мяне. І ўсё ж такі я ўжо бачу ў іх вачах іскрынкі цікаўнасці, незвычайнае хваляванне, цені старажытных успамінаў, якія імкнуцца пераадолець жывёльную тупасць, бачу, можа, нават… цьмяны бляск надзеі.

Думаю, апошнім часам я сам абуджаю ў іх міжволі надзею. Гэта прыводзіць мяне ў стан усхваляванай захопленасці. Няўжо мне, менавіта мне, Улісу Меру, закінутаму лёсам на гэтую планету, наканавана стаць тут пачынальнікам адраджэння чалавечага роду?

Вось нарэшце я і зразумеў, што за цьмяная думка мучыла мяне апошні месяц. Пан бог не гуляе ў косці, як казаў колісь адзін фізік. У жыцці не бывае нічога выпадковага. Маё падарожжа на Бетэльгейзе было наканавана мне вышэйшым розумам. І цяпер я павінен спраўдзіць аказаны мне давер і стаць новым Збавіцелем гэтага заняпалага чалавецтва.

Як і раней, я павольна абыходжу ўсю залу. Утрымліваюся, каб не кінуцца бегчы да клеткі, дзе сядзіць Нова. Хіба ж мае права пасланнік лёсу вызначаць абраннікаў? Я звяртаюся да кожнага падапечнага… Няхай не сёння, але яны загавораць, гэтая вера суцяшае мяне. Усё жыццё я аддам гэтай вялікай місіі.

З наўмыснай абыякавасцю крок за крокам набліжаюся да маёй былой клеткі, скоса пазіраючы на яе. Але я не бачу працягнутых мне з-за кратаў рук Новы, не чую яе радасных крыкаў, якімі яна пачала вітаць мяне апошнім часам. Мною авалодвае цяжкае прадчуванне. Я больш ужо не магу стрымліваць сябе, кідаюся наперад…

Клетка пустая…

Уладным тонам, ад якога ўздрыгваюць усе палонныя, я клічу вартаўнікоў. Прыбягае Занам. Яму не надта даспадобы быць маім падначаленым, але Зіра строга загадала выконваць усе мае ўказанні.

— Дзе Нова? — пытаюся я.

Ён змрочна адказвае, што не ведае. Аднойчы яе павялі адсюль, нічога яму не растлумачыўшы. Я настойваю — марна. На шчасце, нарэшце ўваходзіць Зіра. Яна робіць чарговы абход. Заўважыўшы мяне перад пустой клеткаю, яна адразу ж здагадваецца, што так расхвалявала мяне. Але нешта замінае ёй пачаць гаворку з Новы, і яна паведамляе мне:

— Толькі што вярнуўся Карнэлій. Ён хацеў бы бачыць цябе.

У гэты момант мне напляваць на Карнэлія, на ўсіх шымпанзэ, гарыл і іншых пачвар, якія толькі могуць быць на зямлі і ў небе. Я паказваю пальцам на клетку і пытаюся:

— Дзе Нова?

— Яна нездаровая, — адказвае Зіра. — Яе перавялі ў спецыяльнае аддзяленне.

Яна робіць мне знак і вядзе за сабою, далей ад вартаўніка.

— Дырэкцыя ўзяла з мяне слова, што я захаваю гэта ў тайне, — кажа Зіра. — Але я думаю, што ты павінен гэта ведаць.