Выбрать главу

— Яна хворая?

— Нічога страшнага. Але сама па сабе гэтая падзея досыць значная, каб занепакоіць нашыя ўлады. Нова загрубела.

— Яна… што?

— Я ж сказала: зацяжарала.

Зіра з цікавасцю назірае за мною.

Раздзел VI

Ад такой навіны я ажно здранцвеў. Я яшчэ быў няздольны ўсвядоміць, да чаго можа прывесці гэтая падзея. Спачатку мяне захліснула хваля розных не дужа рацыянальных пачуццяў, а больш за ўсё ўстрывожыла пытанне: чаму мне дагэтуль нічога не паведамілі? Але Зіра і слова не дала мне сказаць.

— Я сама заўважыла гэта ўсяго два месяцы назад, калі вярнулася з падарожжа. Гарылы нічога не зразумелі. Я патэлефанавала Карнэлію, а ён у сваю чаргу меў доўгую размову з дырэктарам. Яны сышліся на тым, што лепей захаваць усё ў тайне. У курсе справы толькі я ды яны двое. Нову памясцілі ў ізаляваную клетку, і я сама яе даглядаю.

Я ўспрыняў скрытнасць Карнэлія як здраду і адчуў, што Зіры таксама няёмка. Мне здалося, што за маёй спінаю пачынаюць рабіць нешта нядобрае.

— Не хвалюйся, — паспрабавала супакоіць мяне Зіра, — яе добра даглядаюць, яна ўсё мае — я за гэтым сачу. Яшчэ ніхто ніколі так не аберагаў цяжарную самку чалавека.

Пад яе насмешлівым позіркам я апусціў вочы, усё роўна як вінаваты шкаляр. Зіра старалася захаваць іранічны тон, але я адчуваў, што яна ўсхваляваная. Вядома, я ведаў, што мая фізічная блізкасць з Новаю стала непрыемная Зіры з таго самага моманту, калі яна зразумела, што я разумная істота, але цяпер убачыў у яе позірку не грэблівасць, а нешта іншае. Ну вядома, яна была занепакоеная! Таямнічасць, з якою гаварыла цяпер Зіра пра Нову, наўрад ці была добраю прыкметаю. Я здагадваўся, што Зіра не сказала мне ўсёй праўды: напэўна, Вялікі Савет таксама быў у курсе справы, і з гэтай нагоды ўжо не раз склікаліся нарады на сама высокім узроўні.

— Калі Нова павінна раджаць? — спытаўся я.

— Праз тры-чатыры месяцы.

І тут я раптам уцяміў нарэшце ўсю трагікамічнасць майго становішча: я стану бацькам у сістэме Бетэльгейзе! У мяне будзе дзіця на планеце Сарора, народжанае жанчынаю, да якой я адчуваю неадольнае фізічнае імкненне, іншы раз жаль, але ў жанчыны гэтай — мазгі жывёліны. Напэўна, ніводная разумная істота ва ўсім сусвеце яшчэ не зведвала такога! Мне хацелася адначасова і плакаць і смяяцца.

— Зіра, я хачу яе бачыць!

Яна адказала мне прыкрай грымаскаю.

— Я ведала, што ты гэтага захочаш. Я ўжо гаварыла з Карнэліем, і, думаю, ён не будзе пярэчыць. Ён чакае цябе ў сваім кабінеце.

— Карнэлій — здраднік!

— Ты не маеш права гаварыць так. Ён разрываецца паміж любоўю да навукі і сваім малпавым абавязкам. Натуральна, што цяжарнасць Новы вельмі яго палохае…

Пакуль я ішоў услед за Зіраю па калідорах інстытута, трывога мая ўсё ўзрастала. Я здагадваўся, пра што думалі вучоныя-малпы: яны баяліся, што можа ўзнікнуць новая раса, якая… Чорт!.. І тут да мяне дайшло, якім чынам я змагу здзейсніць ускладзеную на мяне лёсам місію!

Карнэлій сустрэў мяне досыць цёпла, але ў нашых адносінах ужо з'явілася напружанасць. Раз-пораз ён употайкі пазіраў на мяне ці не з жахам. Я стрымаў сябе, каб не прыступіць адразу да тэмы, якая хвалявала мяне больш за ўсё. Спачатку спытаўся, як ён даляцеў і як скончыліся раскопкі.

— Вынікі фенаменальныя! — загарэліся ў яго вочы. — У мяне ў руках неабвержныя доказы!

Карнэлій не мог не пахваліцца сваім поспехам. Зіра сказала праўду: Карнэлій і праўда разрываўся паміж любоўю да навукі і малпавым абавязкам. Але цяпер са мною гаварыў вучоны, апантаны даследнік, які вышэй за ўсё цаніў перамогу сваёй гіпотэзы.

— Мы знайшлі шкілеты, — расказваў ён. — Не адзін шкілет, а мноства, і размешчаны яны такім чынам, што гэта, несумненна, могілкі. Ёсць чым пераканаць сама тупагаловых. Але нашы арангутаны, вядома, бачаць у гэтым толькі дзіўнае спалучэнне акалічнасцей.

— І што гэта за шкілеты?

— Шкілеты не малпаў.

— Зразумела.

Мы паглядзелі адзін аднаму ў вочы. Энтузіязм Карнэлія адразу апаў, і ён гаварыў ужо больш павольна:

— Не буду ўтойваць: вы ўгадалі — гэта чалавечыя шкілеты…

Зіра, пэўна, ужо была ў курсе справы, бо не здзівілася ані кроплі. Мы зноў сустрэліся з Карнэліем позіркамі. Я чакаў. Нарэшце ён рашыўся.

— Цяпер я ўпэўнены, — сказаў Карнэлій, — што некалі на нашай планеце існавала чалавечая раса, надзеленая здольнасцю мысліць, раса людзей, падобных вам і іншым людзям Зямлі. Пасля яна дэградавала, і нашыя людзі ператварыліся ў жывёлін… Да таго ж, вярнуўшыся, я знайшоў тут новыя доказы сваёй гіпотэзы.