Раздзел VIII
Увайшоўшы ў залу, я не прыкмеціў спачатку нічога такога, што магло б вытлумачыць дакляраваную таемнасць. Апаратура была падобная на тую, што я ўжо бачыў у папярэдніх памяшканнях: тыя ж генератары, трансфарматары, электроды. Тут былі толькі два паддоследныя: мужчына і жанчына, якія ляжалі на двух пастаўленых паралельна канапах, прывязаныя рамянямі. Толькі мы з'явіліся, яны адразу ж утаропіліся пільнымі позіркамі.
Санітар-гарыла сустрэў нас невыразным бурчаннем. Гелій абмяняўся з ім некалькімі фразамі на мове глуханямых. Гэта было рэдкаснае відовішча: гарыла і шымпанзэ размаўлялі між сабою з дапамогаю мігаў! Не ведаю чаму, але мне гэта здалося настолькі недарэчным, што я ледзь не зарагатаў.
— Усё ў парадку, — сказаў Гелій. — Яны спакойныя. Можна адразу пачынаць дослед.
Вы не можаце ўвесці мяне спачатку ў курс справы? — папрасіў я ўмольна, баючыся, што ўбачу зараз новыя жудасныя эксперыменты.
— Я хацеў бы здзівіць вас, — усміхнуўшыся, адказаў Карнэлій.
Санітар увёў падвопытным наркоз і, калі яны спакойна заснулі, пачаў уключаць розную апаратуру. Гелій наблізіўся да мужчыны, асцярожна разматаў павязку ў яго на галаве і, выбраўшы на чэрапе патрэбную кропку, падвёў да яе электрод. Мужчына па-ранейшаму ляжаў абсалютна нерухомы. Я дапытліва зірнуў на Карнэлія, і тут здарыўся цуд.
Мужчына загаварыў.
Ягоны голас прагучаў у маленькай аперацыйнай зале гэтак раптоўна, што я ажно падскочыў. Карнэлій і Гелій зрабілі мне знак маўчаць і слухаць. Не, гэта не была галюцынацыя: ён гаварыў гучна, заглушаючы брунжанне генератара. І гаварыў на малпавай мове. Гаварыў зусім паўнацэнна, як зямны чалавек або сарорская малпа.
На тварах у абодвух вучоных успыхнула радасць. Яны самазадаволена глядзелі на мяне, адчуваючы асалоду ад маёй збянтэжанасці.
Тое, што казаў мужчына, не мела ніякага сэнсу. Напэўна, ён вельмі доўга знаходзіўся ў інстытуце, таму што цяпер бясконца паўтараў абрыўкі фраз, якія звычайна прамаўляюць вучоныя або санітары. Неўзабаве Карнэлій загадаў спыніць эксперымент.
— Ад гэтага мы нічога больш не даможамся, — сказаў ён. — Але вы чулі галоўнае: ён гаворыць!
— Неверагодна! — прамармытаў я.
— Ну, гэта яшчэ што! — заўважыў Гелій. — Ён гаворыць, як аўтамат ці папугай. А вось ад гэтай самкі мы дамагліся нашмат большага.
Ён паказаў на жанчыну. Тая ціха спала.
— Большага?
— У тысячу разоў большага, — пацвердзіў Карнэлій, такі ж усхваляваны, як і яго калега. — Слухайце мяне ўважліва. Гэтая жанчына таксама гаворыць, і вы яе пачуеце. Але яна не паўтарае фраз, пачутых у палоне. Яе словы маюць выключнае значэнне. З дапамогаю камбінацыі электрахімічных уздзеянняў на мозг гэтай падвопытнай — я не буду распісваць вам яе, — нашаму маладому генію ўдалося абудзіць не толькі індывідуальную, але і родавую памяць. У ёй пад уздзеяннем току ажываюць успаміны вельмі далёкіх продкаў, ажывае атавістычная памяць пра падзеі тысячагадовай даўнасці. Вы разумеце, Уліс?
Слухаючы гэтыя тлумачэнні, я думаў, што шымпанзэ з'ехаў з глузду, настолькі неверагодным здалося мне тое, што ён сказаў. Дарэчы, сярод малпаў таксама назіраюцца выпадкі вар'яцтва, асабліва сярод інтэлігенцыі. Але пакуль я раздумваў, Гелій падключыў электроды да мозгу жанчыны. Нейкі час яна, як і мужчына, ляжала, не падаючы прыкмет жыцця, потым глыбока ўздыхнула і загаварыла. Яна таксама гаварыла на малпавай мове. Але яе глухаваты голас пастаянна мяняў танальнасць, нібыта належаў розным людзям. Кожнае яе слова ўсё роўна як выгравіравалася ў маёй памяці.
«Малпы, зноў гэтыя малпы, — неспакойна сказала яна. — Апошнім часам яны няспынна размнажаюцца, хаця яшчэ не так даўно здавалася, што яны звядуцца. Калі гэтак пойдзе і далей, іх стане больш за нас… Але справа не толькі ў гэтым. Яны робяцца нахабныя. Яны ўжо вытрымліваюць наш позірк. Мы дарэмна прыручалі іх і давалі ім волю, як слугам. Любімцы сем'яў робяцца сама дзёрзкія. На днях мяне штурхнуў на вуліцы разносчык-шымпанзэ. Калі я ўзняла руку, ён паглядзеў на мяне з такой пагрозаю, што я не асмелілася ўдарыць яго».
«Ганна, тая, што працуе ў лабараторыі, сказала мне, што ў іх таксама багата чаго змянілася. Яна ўжо не асмельваецца ўваходзіць у клеткі адна. Кажа, што ўвечары так і чуе шушуканне і нават смяшкі. Адна гарыла здзекуецца з доктара, перадражнівае яго цік».
Жанчына змоўкла, некалькі разоў цяжка ўздыхнула, пасля загаварыла зноў: