Жанчына зноў змоўкла, гэтым разам надоўга. Увесь гэты час Карнэлій пільна ўзіраўся мне ў самыя вочы, Я выдатна разумеў, што ён хацеў мне сказаць. Калі чалавечая раса стала нікчэмная, калі яна так лёгка скарылася, то хіба ж не павінна яна тады саступіць месца больш высакароднай расе? Я пачырванеў і адвёў вочы.
Жанчына зноў загаварыла, яшчэ больш роспачным голасам:
«Цяпер яны захапілі ўвесь горад. Нас засталося ў гэтым прытулку ўсяго некалькі сотняў, і становішча нашае — адчайнае. Гэта апошняе чалавечае паселішча ў гарадскім наваколлі, але малпы ўжо не хочуць, каб мы жылі на волі гэтак блізка ад іх. З іншых стойбішчаў многія ўцяклі далей, у джунглі, астатнія здаліся малпам, каб есці ўволю. А мы засталіся ў стойбішчы праз ляноту. Спім — ніхто і думаць не хоча пра супраціўленне… Гэтага я і баялася! Я чую варварскую какафонію. Быццам нейкая пародыя на ваенны марш… О божа, уратуй! Гэта яны, малпы! Акружаюць нас з усіх бакоў. Вядуць іх на нас вялізныя гарылы. У іх нашы трубы, барабаны, нашы мундзіры, наша зброя, вядома… Але не, зброі ў іх няма. О, якая ганьба, якое страшнае ўніжэнне! Вось на нас насоўваецца армія малпаў, і яны ўзброеныя толькі бізунамі!»
Раздзел IX
У горадзе ўсё ж пайшла пагалоска пра эксперыменты Гелія. Магчыма, у гэтым быў вінаваты сам шымпанзэ, які не ўтрымаўся, каб не пахваліцца поспехамі. Кажуць, што аднаму даследніку ўдалося прымусіць людзей загаварыць. Мала таго, пра знаходкі ў пахаваным у пустэльні горадзе пісалі газеты, і, хоць большасць публікацый дужа далёкія ад праўды, некаторыя журналісты падбіраюцца да ісціны. Усё гэта спараджае ў малпах пачуццё няўпэўненасці і трывогі, і ўлады глядзяць цяпер на мяне з асаблівым недаверам, які ўсё ўзрастае.
У Карнэлія багата ворагаў, і ён не асмельваецца дакляраваць сваё адкрыццё. Дый ці хоча ён гэта рабіць, ведаючы, якая рэакцыя будзе ва ўладаў? Клан арангутанаў на чале з Заюсам інтрыгуе супраць яго. Ужо гавораць пра змову супраць малпавай расы, і мяне больш-менш адкрыта аб'яўляюць адным з арганізатараў гэтае змовы. Гарылы пакуль не прынялі ніякага афіцыйнага рашэння, але яны заўсёды выступаюць супраць усяго, што ўплывае на стабільнасць грамадскага парадку.
Сённяшні дзень я запомню на ўсё жыццё. Здарылася такая доўгачаканая падзея! Спачатку мяне перапоўніла радасць, але потым, адумаўшыся, я скалануўся ад прадчування блізкае небяспекі. Нова нарадзіла хлопчыка.
Цяпер у мяне дзіця, сын ад жанчыны з планеты Сарора. Я яго ўжо бачыў. Гэта было няпроста зрабіць. Імкнучыся захаваць тайну, інстытуцкія ўлады акружылі Нову яшчэ больш строгімі забаронамі, і апошні тыдзень перад родамі мне не ўдалося наведаць яе аніводнага разу. Гэта Зіра паведаміла мне, што я стаў бацькам. Яна ўжо застанецца верным сябрам, што б ні здарылася. Я так расхваляваўся, што Зіра сама вырашыла зладзіць мне спатканне з маёй новай сям'ёю. Але зрабіць гэта ёй удалося толькі праз некалькі дзён, дый тое позна ўначы, бо ўдзень з дзіцяці не зводзяць вачэй.
Які цудоўны хлопчык! Ён ляжаў на саломе побач з маткаю, усё роўна як новы маленькі Хрыстос. Ссаў цыцку ў сваёй маці. Хлопчык падобны на мяне, але адначасна ўзяў усё сама прыгожае ад Новы. Дарэчы, калі я толькі прачыніў дзверы, Нова сустрэла мяне пагрозлівым рыкам. Яна таксама чуе небяспеку. Выставіўшы перад сабою скурчаныя пальцы, яна ўскочыла на ногі, гатовая разадраць ворага, але потым пазнала мяне і супакоілася. Перакананы, што, стаўшы маткаю, Нова адразу ўзнялася яа некалькі прыступак эвалюцыі. Цьмяная іскрынка розуму ў яе вачах змянілася нязгасным агнём. Я з захапленнем і пяшчотаю цалаваў свайго сына, стараючыся не думаць пра хмары, што ўжо збіраліся над нашымі галовамі.
Ён вырасце чалавекам, сапраўдным чалавекам — у гэтым я не сумняваюся. Розум свеціцца ў кожнай яго рысачцы, у кожным позірку. Мне ўдалося зноў запаліць у чалавечым родзе гэтай планеты святое полымя думкі. Дзякуючы мне цывілізацыя людзей Сароры адродзіцца і зноў дасягне росквіту. Калі мой сын вырасце, ён стане заснавальнікам цэлага роду…