Выбрать главу

— Важнае рашэнне?

— Вельмі важнае. Пра тое, каб знішчыць яго, гаворка не ідзе. Ва ўсякім разе, пакуль што. Але яго адымуць ад маці.

— А я, я змагу яго бачыць?

— А гэта ўжо абсалютна немагчыма!.. Але дазвольце мне дагаварыць, — няўмольна адчаканьвае шымпанзэ. — Мы сабраліся тут не дзеля таго, каб плакаць, а каб дзейнічаць. Дык вось. Першае, што мы ўжо дакладна ведаем, гэта тое, што вашага сына ізалююць і будуць строга захоўваць. Арангутаны. Так, Заюс доўно інтрыгуе і цяпер дасягне сваёй мэты. — Тут Карнэлій гнеўна сціснуў кулакі і прамармытаў скрозь зубы некалькі слоў, прывесці якія тут немагчыма. — Заўважце, Вялікі Савет выдатна разумее, чаго варты гэты крэтын як вучоны, але ўсе робяць выгляд, нібыта вераць, што ён і праўда зможа даследаваць такі ўнікальны выпадак лепш за мяне. Робяць выгляд, бо гэты выпадак расцэньваецца як пагроза ўсёй нашай расе. Яны разлічваюць, што Заюс здолее ліквідаваць гэтую небяспеку.

Я здранцвеў. Не дай бог, каб мой сын трапіў у лапы да гэтага небяспечнага ідыёта! Але Карнэлій яшчэ не скончыў:

— Сама страшнае, што пагроза навісла не толькі над вашым сынам.

Не могучы вымавіць ні слова, я паглядзеў на Зіру, але тая адно ківае.

— Арангутаны вас ненавідзяць, таму што вы з'яўляецеся жывым доказам памылковасці ўсіх іх тэорый, а гарылы лічаць вас занадта небяспечным, каб пакідаць на волі. Яны баяцца, каб вы не сталі пачынальнікам новай чалавечай расы на нашай планеце. Але нават калі адкінуць такую магчымасць, яны ўсё роўна баяцца, што адна ваша прысутнасць на Сароры ўзбаламуціць нашых людзей. Шэраг назіранняў адзначае незвычайнае ўзбуджэнне сярод падвопытных, з якімі вы кантактуеце.

Але, гэта праўда. У час майго апошняга наведвання залы з клеткамі я сам заўважыў, што паводзіны палонных прыкметна змяніліся. Выдае на тое, што нейкі таямнічы інстынкт папярэдзіў іх пра дзівоснае нараджэнне майго сына. Яны віталі мяне доўгім улюлюканнем.

— Карацей кажучы, — падводзіць рысу Карнэлій, — я вельмі баюся, што праз два тыдні Вялікі Савет прыме рашэнне знішчыць вас… або прынамсі выдаліць частку мозгу пад выглядам навуковага эксперыменту. Што ж датычыць Новы, то думаю, што і яе пастараюцца абясшкодзіць, бо яна надта доўга была побач з вамі.

Не, гэта немагчыма! Я ж ужо паверыў у сваю ледзь не боскую місію — і раптам такое… Умомант я быў скінуты з нябёсаў на зямлю. Мяне агарнуў жудасны адчай.

— Карнэлій правільна зрабіў, што нічога ад цябе не ўтоіў, — сказала Зіра, кладучы мне на плячо руку. — Але ён не сказаў яшчэ, што мы не пакінем цябе. Мы вырашылі ўратаваць вас усіх траіх, і ў гэтым нам дапамогуць некалькі нашых сяброў, мужныя шымпанзэ.

— Але што я магу зрабіць? Я, чалавек сярод малпаў!

— Трэба ўцякаць. Трэба пакінуць Сарору, куды б табе лепей было і зусім не прылятаць. Вяртайся да сябе на Зямлю. Толькі так можна ўратаваць цябе і твайго сына.

Голас у Зіры задрыжаў, здавалася, яна зараз заплача. Усё ж такі яна ставілася да мяне яшчэ лепш, чым я мог падумаць. Смутак яе бы працяў мяне. Невыносна балюча думаць, што, пакінуўшы Сарору, ніколі больш не спаткаюся з Зіраю.

— Але як мне ўцячы з Сароры?

— Зіра мае рацыю, — пачаў адказваць Карнэлій. — Выйсце ў вас адзінае — уцячы з нашай планеты. Я абяцаў дапамагчы вам і стрымаю слова, нават калі гэта загубіць маю кар'еру. Да таго ж, дапамагаючы вам, я выконваю свой абавязак малпы. Калі нам пагражае небяспека, то яе ўжо не стане, як толькі вы пакінеце Сарору… Вы неяк казалі мне, што ваш касмічны карабель не пашкоджаны і што вы змаглі б вярнуцца на ім назад на Зямлю?

— Але, — адказаў я. — У зоркалёце дастаткова паліва, кіслароду і запасаў ежы і пітва, каб дабрацца на ім да любой планеты Галактыкі. Але як дабрацца да яго?

— Ён па-ранейшаму круціцца вакол Сароры. Адзін з маіх сяброў-астраномаў выявіў яго і вылічыў яго арбіту. А як да яго дабрацца… Слухайце! Роўна праз дзесяць дзён мы збіраемся запусціць штучны спадарожнік з жывымі істотамі, натуральна, з людзьмі, на якіх мы хочам вывучыць уплыў некаторых відаў выпраменьванняў… Не перапыняйце мяне! Згодна з праграмаю павінна быць трое падвопытных: мужчына, жанчына і дзіця.

Я адразу ж зразумеў план Карнэлія і ацаніў яго вынаходлівасць. Але колькі перашкод было яшчэ на нашым шляху!

— Некаторыя вучоныя, адказныя за выпуск спадарожніка, — працягваў Карнэлій, — мае блізкія сябры, і я здолеў пераканаць іх дапамагчы вам. Спадарожнік будзе запушчаны на арбіту вашага карабля, акрамя таго, ім можна ў пэўнай ступені кіраваць. Дарослых падвопытных навучылі выконваць прасцейшыя манеўры: у іх выпрацаваны ўмоўныя рэфлексы. Думаю, што вы будзеце нашмат больш вынаходлівыя за іх… Наш план такі: вы ўтраіх заменіце трох падвопытных. Тут асаблівых цяжкасцей не будзе. Як я ўжо сказаў, у нас верныя саюзнікі, бо забойства агіднае нам, шымпанзэ. А тыя, хто не ў курсе справы, нават не заўважаць падмены.