І праўда, гэта было верагодна. Для большасці малпаў чалавек — проста чалавек, і нічога больш. Яны нават не заўважаюць розніцы паміж асобнымі індывідуумамі.
— Вам прыйдзецца інтэнсіўна трэніравацца ўсе гэтыя дзесяць дзён. Вы ўпэўнены, што здолееце дасягнуць карабля?
Гэта таксама было магчыма. Але ў той момант я не думаў пра цяжкасці і небяспекі, якія чакалі нас наперадзе. Міжволі маёй душою авалодаў глыбокі смутак: мне ж прыйдзецца назаўсёды пакінуць Сарору, развітацца з Зіраю і маімі братамі на гэтай планеце, так, маімі чалавечымі братамі! У дачыненні да сарорскіх людзей я адчуваў сябе дэзерцірам. Аднак спачатку я павінен быў уратаваць майго сына і Нову. Але я яшчэ вярнуся! Так, я вярнуся, пакляўся я перад сабою, згадаўшы палонных людзей у клетках, вярнуся, калі на руках у мяне будуць іншыя козыры!
Я так расхваляваўся, што прамовіў апошнія словы ўголас.
— Праз чатыры-пяць гадоў вашага асабістага часу, смелы касманаўт, — усміхнуўся Карнэлій, — але толькі праз тысячу з лішкам гадоў для нас, дамаседаў. Не забывайце, мы ж таксама распрацавалі тэорыю адноснасці. Карацей… я абмяркоўваў гэтае пытанне з маімі сябрамі-шымпанзэ, і мы вырашылі рызыкнуць.
Неўзабаве мы развіталіся, дамовіўшыся сустрэцца заўтра. Зіра выйшла першая. Затрымаўшыся на хвіліну, я скарыстаўся гэтым, каб горача падзякаваць Карнэлію. Сам сабе я думаў: чаму ён робіць усё гэта? Нібыта прачытаўшы мае думкі, Карнэлій адказаў:
— Дзякуйце Зіры. Гэта ёй вы абавязаны жыццём. Калі б не яна, не ведаю, ці стаў бы я так шчыраваць і рызыкаваць. Але паспрабуй я стаць саўдзельнікам забойства, Зіра не даравала б мне гэтага ніколі… Апроч таго…
Карнэлій замяўся. Пераканаўшыся, што Зіра чакае ў калідоры, адкуль ёй нічога не было чуваць, ён нахіліўся да мяне і хутка і ціха сказаў:
— Апроч таго, і мне і ёй будзе лепш калі вы знікніце з нашай планеты.
Карнэлій прычыніў за мною дзверы. Мы засталіся з Зіраю адны. Ступіўшы побач з ёю некалькі крокаў па калідоры, я прашаптаў:
— Зіра!
Спыніўшыся, я прытуліў яе да сябе. Яна была ўсхваляваная не менш за мяне. Слёзы каціліся ў яе па пысачцы, пакуль мы стаялі, цесна абняўшыся. О божа, якая мне была справа да гэтай жудаснай цялеснай абалонкі! Душа мая злівалася з яе душою! Я заплюшчыў вочы, каб не бачыць яе жудаснага твару, які ад хвалявання стаў яшчэ больш гідкі. Я адчуваў, як яе цела дрыготка прыціснулася да майго. Прымусіўшы сябе, я прыціснуўся шчакою да яе шчакі. Але ў той самы момант, калі мы ўжо былі гатовыя пацалавацца, як двое закаханых, Зіра раптам інстынктыўна адхінулася і з сілаю адштурхнула мяне.
Ашаломлены, я стаяў, не ведаючы, што і рабіць, а яна, гэтая брыдкая шымпанзэ, схавала сваю пысу ў доўгія валасатыя лапы і з адчаем, рыдаючы, аб'явіла:
— Дарагі мой, гэта немагчыма! Даруй мне, я не магу, не магу! Дальбог, ты занадта брыдкі!
Раздзел XI
Усё скончана! Я зноў у космасе, на борце нашага зоркалёта, які, быццам камета, імчыцца да Сонечнай сістэмы з хуткасцю, што ўзрастае з кожнай секундаю.
Я не адзін. Са мною Нова і Сірыус, дзіця нашага міжзорнага кахання. Ён умее ўжо гаварыць «тата», «мама» і багата іншых слоў. Апроч таго, у нас на караблі пара курэй, пара трусоў і зерне сама рознай збажыны — усё, што вучоныя Сароры памясцілі ў спадарожнік, каб вывучыць уплыў касмічных прамянёў на розныя арганізмы і расліны. Усё гэта нам спатрэбіцца.
План Карнэлія быў выкананы адмыслова. Ніхто не заўважыў, як мы замянілі тройку паддоследных. Жанчына заняла месца Новы ў інстытуце, дзіця перададуць Заюсу. Гэты дурань хутка давядзе, што чалавечы дзіцёнак не здольны размаўляць, а значыцца, з'яўляецца звычайнай жывёлінай. Можа, пасля гэтага мяне перастануць лічыць небяспечным і пакінуць у жывых мужчыну, які замяніў мяне і які таксама ніколі не загаворыць. Малаверагодна, што малпы западозраць падмену. Арангутаны, як я ўжо казаў, не могуць адрозніць аднаго чалавека ад другога. Заюс будзе трыумфаваць. Карнэлія, магчыма, чакаюць сякія-такія непрыемнасці, але ўсё хутка забудзецца… Ды што я кажу! Усё ўжо забылася, бо за тыя некалькі месяцаў, што мы ляцім у космасе, на Сароры прайшлі стагоддзі! Нават мае ўспаміны і тыя сціраюцца, пакуль шырыцца пропасць прасторы і часу, што аддзяляе нас ад Бетэльгейзе. Спачатку вялізная зорка стала падобная на мяч, потым на апельсін і нарэшце ператварылася ў адну з маленькіх зіхоткіх кропак на бясконцым, густа ўсеяным такімі ж самымі кропкамі небе. Гэтак і з маімі сарорскімі згадкамі.