- Нiчога! - супакоiў камандзiр. - Прыборы паказваюць, што паветра тут iснуе i кiслароду багата. А гэта ўжо не мала! Адзiнае, што прыйдзецца - дык гэта сядзець у караблi давiдна i не вытыркаць носа, каб не атрымаць па iм...
I вось магутны карабель завiс над паверхняй планеты Аскал, высвечваючы пражэктарамi тое месца, дзе павiнна была адбыцца пасадка.
Выпусцiўшы доўгiя, як у павука, ногi-апоры, карабель паволi пачаў спускацца, уздымаючы вогненнымi струменямi ад рухавiкоў хмары ўсяго таго, што аказалася на месцы пасадкi.
Касмiчны карабель напружана i стомлена ўздрыгваў сваiмi гарачымi бакамi i, здавалася, як i людзi, не мог дачакацца адпачынку.
Нарэшце ногi апоры мякка самартызавалi i прынялi на сябе ўвесь мнагатонны цяжар. Палёт быў завершаны. Прайшло дзевяць гадоў i восем з паловай месяцаў з таго часу, калi Зямля асцярожна i пяшчотна выправiла двух сыноў сваiх у гэта касмiчнае падарожжа.
- Вiншую з прыбыццём! - Камандзiр карабля моцна абняў маладога навукоўца, якi за час палёту зрабiўся не такiм ужо i маладым.
- Удачы нам! - ледзь выцiснуў з сябе ўсхваляваны Iван, хаваючы ўзмакрэлыя вочы.
Камандзiр карабля зрабiў запiс у "бартавым журнале" - такая традыцыйная назва перайшла здавён да спецыяльнага кампутара, у якiм фiксавалiся ўсе падзеi падчас падарожжа. Экран кампутара высвецiў тэкст, якi камандзiр карабля ўвёў у яго памяць:
"2503 год, 20 чэрвеня, 00 гадзiн 17 хвiлiн, пасадка на планету Аскал. Камандзiр карабля I.Iсаеў, член экiпажа I.Сухiн".
- Вось на сёння i ўсё! - павярнуўся ён да Iвана. - Па магчымасцi трэба да ранiцы адпачыць... Ранiцай - невядомасць.
Але як нi прымушалi сябе члены экiпажа заснуць - сон не браў. I як было заснуць пасля амаль дзесяцi гадоў напружанага чакання сустрэчы з... З кiм? З чым?..
Гэтыя пытаннi не проста хвалявалi зямлян, а спальвалi душы цiкаўнасцю блiзкай i хуткай разгадкi.
Гэта ж трэба - варта толькi адчынiць адзiн герметычны люк, потым, зачынiўшы яго, разгерметызаваць другiя дзверы - i...
Iван парушыў "сон" свайго сябра i звярнуўся да яго, бо чуў, што i ён варушыцца i ўздыхае.
- Няма моцы трываць! Хочацца выйсцi, агледзець планету, перазнаёмiцца з усiмi i ўсiм.
- Не толькi агледзiм, але i прымем усе меры бяспекi... Карацей, будзем дзейнiчаць, зыходзячы з убачанага... - як бы падсумаваў думку Iвана камандзiр карабля.
- Эх, - уздыхнуў Iван, - i ноч супраць нас... Ледзь паўзе...
Iсаеў усмiхнуўся:
- Калi ўжо дзесяць год перацярпелi, дык некалькi гадзiн адолеем!
Непрыкметна для сябе, стомленыя дарогай i ўсхваляваныя чаканнем, астранаўты пад ранiцу заснулi. Колькi яны праспалi - не было калi ўдакладняць, бо, усхапiўшыся, як па камандзе кiнулiся да iлюмiнатараў, праз якiя яркiмi патокамi лiлося сонечнае святло.
Зiрнуўшы ў iлюмiнатары, пасланцы Зямлi аслупянелi. Яны былi гатовыя ўбачыць усё - i самых агiдных страшыдлаў, i самых неверагодных пачвараў, i нават разумных iстотаў, перагнаўшых у сваiм iнтэлектуальным развiццi зямлян.
- Што гэта?!.
- Вось гэта дык прыём! - вырвалася ў астранаўтаў.
- Што будзем рабiць?! - разгублена спытаўся Iван.
Камандзiр, пасля доўгай паўзы, пачаў разважаць, быццам думаў услых:
- Што рабiць... Што рабiць... Думаю, што ў караблi адседзецца не ўдасца... Ды i не для гэтага мы сюды ляцелi. А калi так, трэба вырашыць, як сябе паводзiць...
Зямляне зноў сцiхлi i "прылiплi" да iлюмiнатараў.
Карабель быў шчыльна акружаны людзьмi ў камуфляжнай форме з аўтаматамi напагатове. Iх было так многа, што ад стракатасцi рэзала вочы горш, чым ад сонца. Ля выхаду з карабля стаяла некалькi чалавек у цывiльным.
- Мы што, трапiлi на нейкую дапатопную ваенную базу? - спытаўся сам у сябе Iван. - Такое вiдовiшча, што...
- Значыць,так, - рашуча перапынiў яго камандзiр карабля, куленепрабiваемыя касцюмы i шлемы не здымаць! Увесь арсенал абароны мець пры сабе! Не праяўляць нiякай варожасцi i не выказваць разгубленасцi! Зброю прымяняць у самым крайнiм выпадку! Перагаворы буду весцi толькi я!..
Пакуль камандзiр вядзе свой жорсткi iнструктаж, прадыктаваны абставiнамi, можна спынiцца i паспрабаваць разабрацца, што гэта за такi "ўвесь арсенал абароны". Несвядомаму чалавеку ён тэарэтычна мала што скажа, бо тыя вяршынi навукова-тэхнiчнай думкi, пра якiя гаварылася раней, дазволiлi зрабiць сродкi абароны i нападзення замаскiравана кампактнымi, павялiчыўшы пры гэтым у шмат разоў магчымасцi паражэння i знiшчэння працiўнiка.
Пра тыя аўтаматы, якiя трымалi ў руках камуфляжнiкi, на Зямлi даўно забылiся, яны калi i захавалiся, дык толькi ў музеi старажытнай зброi. Дастаткова толькi ўявiць кожнаму ў свой час, якая зброя была трыста цi пяцьсот гадоў назад, i адразу зразумееце, якое смешнае ўражанне зрабiлi яны на зямлян.
Сёння, напрыклад, касцюм астранаўта, акрамя сваiх абаронных функцый, быў i грознай наступальнай зброяй. Так толькi ў двух нагрудных мiнi-блоках-рэактарах была схавана вялiзная энергiя, якая па камандзе чалавека магла iмгненна знiшчыць усё навакольнае праз ледзь бачныя каналы-клапаны, якiя здольны ашчэрыцца псiхатропнымi, лазернымi, электрамагнiтнымi выпраменьваннямi. У гэтым жа касцюме былi скандэнсаваны не толькi знiшчальныя сродкi, але i абясшкоджваючыя - такiя, як паралiзуючыя, усыпляльныя, дэмаралiзуючыя. Акрамя ўсяго гэтага, за невялiчкай лiнзай, памiж мiнi-блокамi, знаходзiцца спецыяльная лямпачка, успышка якой у тысячы разоў ярчэй за сонца. Гэта ўспышка таксама не знiшчала, а асляпляла ўсё жывое.
Была i iншая, не менш грозная, кiшэнная зброя, эфектыўнасць якой была засакрэчана i нам невядома.
Можна толькi дадаць тое, што касцюмы астранаўтаў дазвалялi свабодна, не здымаючы шлемаў, размаўляць з любым чалавекам, а вось унутраная сувязь памiж астранаўтамi была чутна толькi iм.
Маючы такую пераканаўчую навукова-тэхнiчную перавагу над камуфляжнiкамi, Сухiн i Iсаеў больш-менш спакойна выйшлi з карабля.
* * *
Палац або рэзiдэнцыя нейкай галоўнай асобы на гэтай планеце, куды даставiлi двух зямлян, вызначаўся шыкоўнасцю i адсутнасцю густу.
Iван увесь час у думках абураўся: "Эх, шкада, што я не гiсторык! Гэта ўсё нагадвае нешта як быццам знаёмае... Але што?.."
Iсаеў думаў пра iншае: "Вялiкай пагрозы для нас гэты ўзброены дапатопнай зброяй натоўп не ўяўляе... Усё, што мы бачым, можа быць знiшчана намi iмгненна. Але гэтага не павiнна быць..."